Кульша адбывае пакараньне ў жаночай калёніі № 24 у Зарэччы, і зь ёй зноў прапала сувязь. Сваякі актывісткі мяркуюць, што жанчыну чарговы раз зьмясьцілі ў ШЫЗА.
«Яна выйшла з ШЫЗА і расказала, што ўжо пачала працаваць у швейным цэху. Больш нічога не пасьпела расказаць, сама задавала пытаньні. А з таго часу званкоў больш не было і лістоў таксама. Сувязь зноў абарвалася. Думаю, зноў пасадзілі ў камэру ШЫЗА», — паведаміла сваячка Вікторыі Кульшы.
Паводле крыніцы, на здароўе Вікторыя падчас тэлефанаваньня ня скардзілася.
«Не кашляла, гэта дакладна. Але яна і раней, як і ў лістах зь СІЗА, ніколі ня скардзілася на здароўе, а потым на спатканьнях мы бачылі іншае. За час з арышту яна схуднела на 20 кіляграмаў і здароўе яўна падарвала», — мяркуе сваячка Вікторыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вясна»: Палітзьняволеную Вікторыю Кульшу ў зарэчанскай калёніі зьбіваў і душыў наглядчык«Сапраўды баявая і рашучая»
Адміністратарку аднаго з чатаў пратэставага тэлеграм-каналу «Водители 97» Вікторыю Кульшу арыштавалі ў верасьні 2020 году і асудзілі на 2,5 года зьняволеньня паводле 342 артыкулу — за «дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Пазьней жанчыне двойчы дадавалі яшчэ па году калёніі паводле 411-га артыкулу Крымінальнага кодэксу («Злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі папраўчай установы»).
Падчас утрыманьня ў гомельскай калёніі Вікторыя больш за паўгода прабыла ў ШЫЗА. Актывістка Ганна Вішня, якая сядзела ў суседняй камэры ў адзін час зь Вікторыяй, успамінае ўмовы, якія былі там створаныя.
«У сьнежні 2021 году я месяц знаходзілася ў ШЫЗА і за некалькі дзён да таго, як мяне адтуль вынесьлі, прывялі Віку ў суседнюю камэру. На другую ці трэцюю ноч зь ёй было зусім дрэнна. Яна ня вытрымала і закрычала назіральніцы: „Як вы можаце трымаць людзей у такіх нечалавечых умовах?!“. Тая адчыніла дзьверы і дала Віцы, пэўна, таблетку. Бо я чула словы, маўляў, вось, выпі. А таксама дала ёй куртку. Казала, гэта ўсё, што можа, але ў дзьвюх куртках будзе крыху цяплей.
Зноў зь Вікай я размаўляла праз сьценку ШЫЗА, калі трапіла туды напярэдадні яе суду па першым дабаўленым годзе. Гэта было ў красавіку 2021 году. Яна сказала, што ёй нават не далі магчымасьці азнаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы і не далі адваката. За два дні да таго яна страчвала прытомнасьць, бо трымала галадоўку — сядзела на адной вадзе каля шасьці дзён. Яна сапраўды баявая і рашучая», — расказала пра Вікторыю былая палітзьняволеная Ганна Вішня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шыюць форму сілавікам за 20 рублёў у месяц. Былая палітзьняволеная расказала, як працуюць у жаночай калёнііПаводле сваячкі, у жніўні да Вікторыі Кульшы не дапусьцілі адваката.
«Адвакат прыяжджаў да яе, але яму сказалі, што нібыта ад яе няма заявы на сустрэчу, і не пусьцілі. Цяпер, пакуль яна зноў у ШЫЗА, мы зусім ня маем ніякіх магчымасьцяў атрымаць хоць якую пра яе інфармацыю», — гаворыць сваячка палітзьняволенай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Схуднела на 20 кг, бадзёрасьці ня страціла. Што вядома пра палітзьняволеную Вікторыю Кульшу, якую ўжо двойчы асудзілі ў калёніі