Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вясна»: Палітзьняволеную Вікторыю Кульшу ў зарэчанскай калёніі зьбіваў і душыў наглядчык


Палітзьняволеную Вікторыю Кульшу двойчы за год асудзілі паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэксу (злоснае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі калёніі), паведамляе сайт праваабарончага цэнтру «Вясна».

Апошні раз суд прызначыў жанчыне яшчэ адзін год зьняволеньня ў дадатак да трох з паловай гадоў калёніі. За паўгода ў зарэчанскай калёніі Вікторыя адбыла мінімум 92 дні ў ШІЗА і паўгода ў ПКТ. Цяпер праваабаронцам стала вядома, што супрацоўнікі калёніі зьбівалі жанчыну, а з прычыны некалькіх галадовак у яе двойчы здараўся сардэчны прыступ.

Па інфармацыі праваабаронцаў, супрацоўнікі жаночай калёніі № 24 у Зарэччы ўжывалі супраць Вікторыі псыхалягічны і фізычны ціск. Паведамляецца, што адзін з наглядчыкаў душыў Вікторыю локцем, стоячы ззаду, а таксама цягаў яе па камэры. Апроч гэтага, яе часта абражалі і прыніжалі перад іншымі наглядчыкамі.

Жанчына некалькі разоў у калёніі трымала галадоўкі на знак пратэсту супраць жудасных умоваў.

У калёніі Вікторыю празь некаторы час пасьля этапу перавялі ў іншы атрад і на іншую працу зь невыноснымі ўмовамі. Але начальнік калёніі Дзьмітрый Курловіч адмовіў жанчыне ў пераводзе адтуль. Акрамя гэтага, Курловіч не рэагаваў і на яе скаргі на наглядчыка, які зьдзекаваўся зь Вікторыі.

Стан здароўя Вікторыі моцна пагоршыўся: яна схуднела да 57 кіляграмаў, мае паніжаны гемаглябін і тахікардыю. Лечаць яе «фоліевай кіслатой». Таксама яе перавялі на два тыдні на спэцыяльную «дыету», пры якой даюць больш ежы, але пасьля гэтага кроў не правяраюць.

Цяпер жанчына чакае разгляду апэляцыйнай скаргі ў гомельскім СІЗА-3. Але пасьля апэляцыі Кульшу зноў перавядуць у Зарэчча. Таму Вікторыя хвалюецца за сваё здароўе і жыцьцё.

  • Палітзьняволеную інжынэрку па ахове працы затрымалі 4 лістапада 2020 году за тое, што яна адміністравала тэлеграм-канал і чат «Кіроўцы 97%». Яе абвінавацілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). У лютым 2021 году Вікторыю асудзілі да 2,5 гадоў калёніі і накіравалі адбываць тэрмін у гомельскую жаночую калёнію.
  • У чэрвені жанчыну асудзілі паводле арт. 411 КК і дадалі яшчэ адзін год у зьняволеньні. У новай папраўчай калёніі супраць яе зноў завялі крымінальную справу паводле гэтага ж артыкулу.
  • За паўгода ў новай калоніі Вікторыя адбыла 92 дні ў штрафным ізалятары, а таксама яе змяшчалі ў ПКТ на шэсць месяцаў. 31 студзеня супраць Кульшы зноў узбудзілі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 411 КК.
  • У лістах Вікторыя піша, што не атрымлівае лісты нават ад сваякоў ад 3 сакавіка летась — «іх зьнішчаюць па акце, бо яны нібыта напісаны тайнапісам».
  • У ПК-24 акрамя Вікторыі ўтрымліваюцца Алена Маўшук і Паліна Шарэнда-Панасюк, на якіх, паводле «Вясны», таксама аказваецца ціск. Паліна цяпер чакае разгляду чарговай крымінальнай справы паводле арт. 411 КК.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG