Недапушчальнасьць разьмяшчэньня ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі стала тэмаў перамоваў Ціханоўскай і выканаўчага дырэктара Міжнароднай кампаніі за забарону ядзернай зброі (ICAN) Мэлісы Парк на палях 78-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку.
Галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка паведаміў BPN, што бакі таксама абмеркавалі магчымасьць падняць пытаньне зьяўленьня расейскай тактычнай ядзернай зброі (ТЯЗ) на беларускай тэрыторыі «ў Радзе Бясьпекі ААН і ў іншых міжнародных арганізацыях».
У рамках візыту ў ЗША 17–23 верасьня, які праходзіць падчас Генасамблеі ААН, Ціханоўская сустрэлася прэзыдэнтам Эўракамісіі Урзуляй фон дэр Ляен, генэральным сакратаром Рады Эўропы Марыяй Пэйчынавіч-Бурыч, прэзыдэнтамі Гватэмалы (Алехандра Джаматэй), Косава (Віёса Асмані), Эстоніі (Алар Карыс), прэмʼер-міністрамі Італіі (Джорджа Мэлёні), Канады (Джастын Трудо), намесьніцамі дзяржаўнага сакратара ЗША (Юры Кім, Узра Зэя).
Таксама, паводле Франака Вячоркі, адбыліся сустрэчы Ціханоўскай з кіраўнікамі МЗС Альбаніі, Бэльгіі, Гватэмалы, Ісьляндыі, Гішпаніі, Латвіі, Літвы, Люксэмбурга, Мальты, Нідэрляндаў, Партугаліі, Польшчы, Славакіі, Фінляндыі і Эстоніі, прадстаўнікамі Агенцтва ЗША па разьвіцьці (USAID), карпарацыі Microsoft і інш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў Нью-Ёрку заявіла, што ў беларусаў «адымаюць краіну», ім патрэбная падтрымка ўсяго сьвету- 13 чэрвеня падчас паездкі ў Менскую вобласьць Аляксандар Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, з якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўленая з Расеі ў Беларусь. Раней у той дзень ён сказаў прадстаўнікам дзяржаўных мэдыя, што гатовы «неадкладна і без ваганьняў» выкарыстаць ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
- 16 чэрвеня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца года».
- 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш за палову ТЯЗ, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне.
- 31 жніўня начальнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі міністэрства абароны Ўкраіны Кірыл Буданаў заявіў у інтэрвію тэлеканалу «1+1», што першыя ядзерныя боегалоўкі былі дастаўлены з Расеі ў Беларусь «літаральна некалькі дзён таму», а да гэтага на беларускай тэрыторыі праводзіліся толькі «маштабныя трэніроўкі з ядзернымі імітатарамі».