«Амаль заўсёды памятаў Зянона Пазьняка»
Сёлета 18 чэрвеня Сяргею стала блага на працы, ён упаў, страціў прытомнасьць. Мужчыну завезьлі ў шпіталь, дзе выявілі разрыў анэўрызмы галаўнога мозгу. Зрабілі апэрацыю, Сяргей амаль тыдзень правёў у штучнай коме. Беларусы сабралі на лячэньне і іншыя патрэбы актывіста больш за 10 тысяч эўра. Патрэбную суму заданацілі фактычна за суткі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сябар загінулага Ашурка: «Камандзір, які пасылае непадрыхтаванае войска ў бой з прафэсійнымі жаўнерамі, — ваенны злачынца»Як расказала Свабодзе абазнаная крыніца, тры месяцы Пантус знаходзіцца ў шпіталях Беластоку і праходзіць лячэньне. Яму зрабілі чатыры апэрацыі на галаве, чакае яшчэ пятая. Са словаў мэдыкаў, многія пацыенты паміраюць ад гэтай хваробы на месцы. Стан Сяргея зьмяняецца хвалямі: то паляпшаецца, то пагаршаецца. У дадатак да сур’ёзнай хваробы мозгу ён перанёс запаленьне лёгкіх і падхапіў шэраг інфэкцый.
Сяргей у значнай ступені страціў памяць, але яна паціху аднаўляецца. У горшым стане ён мог ня ўспомніць нават родных, але апошнім часам усё лепш пазнае крэўных і сяброў.
«Каго ён памятаў амаль заўсёды, дык гэта Зянона Пазьняка», — усьміхаецца суразмоўца.
Палітык наведаў паплечніка ў ліпені ў шпіталі.
«Схуднеў кіляграмаў на дваццаць»
Большую частку лячэньня Сяргей ляжыць. Ён моцна аслаб. Цяпер вучыцца наноў хадзіць з дапамогай спэцыялістаў, робіць фізычныя практыкаваньні, каб аднавіць спраўнасьць цягліцаў. Пакуль ён ня можа самастойна ўставаць з ложка, але можа сам есьці, трымаць лыжку, кубак.
«Ён схуднеў кіляграмаў на дваццаць дакладна. Фізычна ён, вядома, моцна зьмяніўся», — кажа суразмоўца.
У шпіталі мужчыну давялося пагаліць бараду і бакенбарды, якія ён адпускаў да хваробы, а да таго ж коратка пастрыгчыся з прычыны апэрацый. Пасьля апошняй зь іх Сяргей стаў пачувацца лепш.
«Цяпер, як ён прыходзіць у памяць, у яго і жарты, і ўсё, як было раней. У горшым стане ён ляжаў ніякі, нікога не пазнаваў, ні з кім не гаварыў, глядзеў у адну кропку. Яму было не да жартаў. Сам ня еў, не паварочваўся, не рухаўся. Цяпер неба і зямля: сам варочаецца, сам есьць, уголас гаворыць, а раней пераважна шэптам», — кажа суразмоўца.
Паводле абазнанай крыніцы, Сяргей звычайна знаходзіцца ў добрым настроі, ня скардзіцца на здароўе. У шпіталі ён малюе, каб разьвіваць дробную маторыку. Чытае зь сябрамі невялікія гісторыі, пераказвае іх, каб трэнаваць памяць. Разгадвае красворды. Слухае і сьпявае песьні. Яго рэгулярна наведваюць сябры і знаёмыя, прысылаюць паштоўкі падтрымкі нават зь іншых краін.
«Ён якім быў, такім і застаўся. Як любіў ён памідоры, так і любіць. Як быў ласуном, так ім і застаўся. Як сьпяваў „Аксамітны летні вечар“, так і любіць, памятае словы і сьпявае. Ня надта ён памяняўся», — мяркуе асоба, якая ведае пра стан Сяргея.
Што стала прычынай хваробы, невядома.
«Пэўна, анэўрызма ў Сяргея была зь дзяцінства. Яна можа разарвацца ў любы момант, незалежна ад цяжкой працы. Можа, ад перажываньняў, можа, павысіўся ціск — тады горача было», — разважае крыніца інфармацыі.
Грошы прызначаныя на рэабілітацыю і арэнду кватэры
Паводле суразмоўцы Свабоды, пакуль што лячэньне ў шпіталі для Сяргея бясплатнае, яго кампэнсуе мэдыцынская страхоўка. Невялікая частка сабраных грошай пайшла на вітаміны для мозгу. Да таго ж за данаты цяпер аплочваецца арэнда кватэры, у якой жыў Сяргей. Яго ўвесь гэты час маглі выпісаць са шпіталя раптоўна, сьцьвярджае суразмоўца, таму неабходна, каб жытло было падрыхтаванае. Працаваць і зарабляць на жыцьцё ён сам пакуль ня можа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грошы на лячэньне актывіста зь Бярозаўкі Сяргея Пантуса сабралі за суткіАсноўная сума ахвяраваньняў прызначаная на будучую рэабілітацыю. Калі падчас першага бясплатнага курсу аднаўленьня функцыі апорна-рухальнага апарату ня вернуцца ў норму, то спатрэбяцца платныя паслугі рэабілітолага. Да таго ж, магчыма, давядзецца рабіць дадатковыя апэрацыі на галаве празь нейкі час, можа, праз год.
Колькі Сяргей прабудзе яшчэ ў шпіталі, невядома. Прынамсі некалькі тыдняў. Калі яму прызначаць асобны курс рэабілітацыі, то, магчыма, і некалькі месяцаў.
Крыжы паўстанцам Каліноўскага
Сяргею Пантусу 48 гадоў. Паходзіць зь Бярозаўкі Лідзкага раёну на Горадзеншчыне. Займаўся грамадзка-палітычнай дзейнасьцю больш за 20 гадоў. Сябар Сойму Партыі БНФ, галоўны на Лідчыне ў БНФ; сябра руху «За свабоду» і Таварыства беларускай мовы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта ўсё ад блогераў». Як пад Лідай зьліваюць каналізацыйныя сьцёкі ў раку. ФОТА. ВІДЭАСяргей разам з паплечнікамі рабілі і ставілі ў Беларусі крыжы і памятныя знакі ў гонар паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. Удзельнічалі ў абароне Курапатаў. Ладзілі акцыі супраць экалягічнага забруджваньня на Лідчыне. У 2019 годзе яны надалі розгалас, калі ў рэках на Горадзеншчыне здарыўся вялікі мор рыбы. Браў удзел у выбарчай кампаніі ў парлямэнт свайго сябра, бярозаўскага актывіста Вітольда Ашурка.
Сяргей Пантус быў блізкім сябрам Вітольда Ашурка, які загінуў у шклоўскай калёніі, ён зьняўся ў фільме Радыё Свабода пра Вітольда.