У Швайцарыі ідзе першы суд аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Што важна ведаць аб справе

Юры Гараўскі прыбыў у суд, 19 верасьня

Юрыя Гараўскага пачынаюць судзіць 19 верасьня у рамках унівэрсальнай юрысдыкцыі — яго абвінавачваюць паводле артыкулу аб зьнікненьні людзей. Суд стане прэцэдэнтам.

У Швайцарыі ў крымінальным судзе у Санкт-Галене пачынаецца суд над экс-байцом беларускага спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня (САХР) Юрыем Гараўскім, які ў 2019 годзе публічна заявіў аб сваёй датычнасьці да зьнікненьняў апазыцыйных палітыкаў у Беларусі.

Паводле швайцарскага заканадаўства, за гэта яму можа пагражаць ад 1 да 20 гадоў пазбаўленьня волі. Сам Юры Гараўскі разлічвае на ўмоўны тэрмін.

Вытрымка з судовай заявы, якую атрымала агенцтва Associated Press, паказвае, што пракуратура плянуе дамагацца для Гараўскага 3 гадоў турэмнага зьняволеньня, 2 зь якіх будуць умоўнымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Падышоў Паўлічэнка і стрэліў у сьпіну абодвум». Што Гараўскі расказаў у першы дзень суду аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі

Справу разглядае Акруговы суд Роршаха ў паўночна-ўсходнім швайцарскім рэгіёне Бодэнскага возера. З-за высокага ўзроўню грамадзкай зацікаўленасьці працэс праходзіў у вялікіх памяшканьнях суду кантону Санкт-Гален.

Праваабаронцы кажуць, што двухдзённы працэс адзначае сабой гістарычны момант, бо суд спрабуе высьветліць, ці дзейнічаў Гараўскі «ад імя або з ухваленьня дзяржавы або палітычнай арганізацыі.

Сябры міжнароднай няўрадавай арганізацыі «Трыял» разам з Паўлам Сапелкам (злева) з ПЦ «Вясна», Аляксандрай Лейбавай (слева), кансультантам па пытаннях МГП ва Украіне і выканаўчым дырэктарам Філіпам Грантам (справа)

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За кароткі час памерлі некалькі чалавек, што мелі дачыненьне да расьследаваньня», — сьледчы, які расказаў пра «эскадроны сьмерці»

Расьсьледаваньне справы пракурор завяршыў прыкладна за год, было сабрана шмат матэрыялаў, бо сам падазраваны быў гатовы гаварыць. Пасьля было зроблена абвінаваўчае заключэньне, справу перадалі ў суд.

У выніку супраць Юрыя Гараўскага выставілі абвінавачаньне ў датычнасьці да зьнікненьняў людзей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто, як і чаму? 24 гады таму выкралі экс-міністра ўнутраных спраў Захаранку

У чым вінавацяць Гараўскага

Юрыя Гараўскага абвінавачваюць ва ўдзеле ў гвалтоўных зьнікненьнях трох асноўных палітычных апанэнтаў Лукашэнкі ў 1999 годзе: былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, былога віцэ-прэм’ера Віктара Ганчара і ягонага блізкага сябра, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага.

Захаранка прапаў у траўні 1999 году. Затым у верасьні таго ж году былі выкрадзеныя былы дэпутат Ганчар і яго сябар Красоўскі.

У 2019 годзе Гараўскі даў сэнсацыйныя паказаньні нямецкай тэлекампаніі DW, заявіўшы, што ўваходзіў у спэцпадразьдзяленьне САХР МУС Беларусі, якое, паводле яго, расстраляла трох чалавек.

У 2021 годзе, пацьвердзіўшы, што Гараўскі пасяліўся ў Санкт-Галене, TRIAL разам зь Міжнароднай фэдэрацыяй правоў чалавека (FIDH) і беларускай праваабарончай групай «Вясна» падалі крымінальную скаргу ў абласную пракуратуру. У той жа дзень семʼі загінулых падалі асобную скаргу.

Суд над Гараўскім у справе зьнікненьняў апанэнтаў Лукашэнкі. ФОТА

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла

Першы суд над беларусам у рамках ўнівэрсальнай юрысдыкцыі

Гэта першы выпадак, калі грамадзянін Беларусі паўстане перад судом за гвалтоўныя зьнікненьні на падставе ўнівэрсальнай юрысдыкцыі, якая дазваляе перасьледьваць асобныя цяжкія злачынствы, незалежна ад таго, дзе яны былі зьдзейсьненыя.

Гэта таксама будзе адзначаць першы раз, калі меркаванае злачынства судзяць у Швайцарыі, гаворыцца ў заяве.

Што менавіта адбылося з Захаранкам, Ганчаром і Красоўскім пасьля выкраданьня, да гэтага часу застаецца нявысьветленым, іх парэшткаў так і не знайшлі. У інтэрвію Юры Гараўскі сьцьвярджаў, што іх забілі зь пісталета. Як тлумачыць адвакат, які прадстаўляе інтарэсы Алены Захаранкі і Валерыі Красоўскай, на гэты момант у справе няма прамых доказаў, што Юры Гараўскі быў датычны менавіта да забойства зьніклых.

Былая база СОБРА, дзе меркавана забілі Красоўскага і Ганчара. ФОТАГАЛЕРЭЯ

Паводле швайцарскага крымінальнага права, дзеяньні былога сілавіка падпадаюць пад артыкул аб гвалтоўным зьнікненьні людзей, для гэтага «выкананы» дзьве ўмовы: удзел у выкраданьні і ўтойваньне гэтай інфармацыі ад сваякоў.

Па словах адваката, яго даверніцы і ён будуць настойваць на абвінаваўчым прысудзе для Юрыя Гараўскага. За гэта, паводле заканадаўства Швайцарыі, экс-байцу САХРу пагражае ад 1 да 20 гадоў пазбаўленьня волі.

Што сказаў Гараўскі пра зьнікненьні?

  • Перад выкраданьнем за Захаранкам прыблізна паўтара тыдні сачыла група з васьмі чалавек на вусны загад Паўлічэнкі.
  • Чатыры байцы атраду спынілі яго па дарозе дадому, назваўшыся супрацоўнікамі міліцыі. Захаранка быў без аховы, адзін, сказаў толькі: «Зрабіце так, каб не было балюча».
  • Захаранку прывезьлі на вучэбную базу ўнутраных войскаў ў раёне Валоўшчыны пад Менскам. Яго забілі са спэцыяльнага пісталета з глушыльнікам для выкананьня сьмяротных прысудаў у Беларусі. Мадэль пісталета ў відэа не называецца. У тэкставым інтэрвію Гараўскі кажа, што страляў асабіста Паўлічэнка, было два стрэлы ў раён сэрца, Захаранку яшчэ ў машыне надзелі на галаву «балдахін», які закрываў вочы.
  • Пасьля забойства цела Захаранкі адвезьлі ў Менск. На Менскай кальцавой аўтамабільнай дарозе машына завярнула ў бок Паўночных могілак. Камандзір атраду Дзьмітры Паўлічэнка завёз цела ў крэматорый. Што адбылося зь целам далей, невядома.
  • Ганчара і ягонага сябра, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, выкралі 16 верасьня 1999 году каля лазьні на вуліцы Фабрычнай у Менску. Іх забілі у лесе каля базы САХРу паміж Бегамляй і Докшыцамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заявы Гараўскага патрабуюць калі не даверу, то ўвагі, — падпалкоўнік міліцыі

Швайцарскі адвакат пра значэньне паказаньняў Гараўскага

Адвакат з Санкт-Галену Севярын Вальц прадстаўляе інтарэсы дзьвюх ахвяр, дачок зьніклых.

«Для іх гэты суд зьяўляецца важным паваротным момантам, бо гэта першы выпадак за больш чым 20 гадоў, калі чалавек прыцягнуты да адказнасьці ў адпаведнай працэдуры за зьнікненьне іхных бацькоў», — сказаў ён swissinfo.ch.

Ён кажа, што гэта першы раз, калі праўду аб тым, што здарылася, ёсьць магчымасьць высьветліць у судзе, нарэшце даць нейкія адказы на пытаньні, якія сваякі зьніклых беларусаў задаюць з таго часу.

Тое, што Гараўскі даў прызнаньне, таксама мае значэньне, лічыць адвакат Вальц, бо абвінавачаны спрыяе ўстанаўленьню ісьціны.

Калі яго прызнаюць вінаватым, гэты суд можа мець больш шырокія наступствы для адказнасьці ў Беларусі.

«Элемэнтам злачынства зьяўляецца тое, што дзяржава ўдзельнічае ў зьнікненьні, і калі ён будзе асуджаны, гэты элемэнт выкананы», — сказаў Вальц. Гэта, на ягоную думку, азначала б, што пальцам будуць паказваць на высокапастаўленых чыноўнікаў, нават на самога Лукашэнку, як на тых, хто аддаў загад на злачынствы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Ганчара на назе сапраўды не было двух пальцаў. Лябедзька пацьвердзіў словы чалавека, які прызнаўся ў забойствах апазыцыянэраў

Чые імёны фігуравалі ў сувязі са зьнікненьнямі апанэнтаў Лукашэнкі

Яшчэ ў пачатку 2000-х незалежныя СМІ апублікавалі некалькі важных дакумэнтаў і сьведчаньняў, якія ўказвалі на магчымае дачыненьне да выкраданьняў камандзіра САХРу Дзьмітрыя Паўлічэнкі і яго байцоў — Юрыя Сівакова, які на той момант займаў пасаду міністра ўнутраных спраў, і былога кіраўніка Савету бясьпекі Віктара Шэймана.

Гэтую вэрсію агучыў экс-начальнік менскага СІЗА № 1 Алег Алкаеў. Пра гэта ж распавялі былыя сьледчыя беларускай пракуратуры Алег Случак і Зьміцер Петрушкевіч. У 2004-м да такой жа высновы прыйшоў спэцдакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) Хрыстас Пургурыдэс.

Гараўскі ў сваіх паказаньняў назваў імёны ўсіх, хто прыехаў на выкраданьне Юрыя Захаранкі:

«Я з Паўлічэнкам быў у машыне, плюс яшчэ сядзелі Барадач Юра і Шкіндзераў Сяргей. У другой машыне — Карповіч Дзіма, Наваторскі, Кажэўнікаў, Панкоў і Румянцаў Лёша. Румянцаў і Карповіч сталі ў пачатку і канцы дома. Я і Шкіндзераў — мы былі вышэйшыя — калі даведаліся, што Захаранка прыпаркаваўся і пайшоў у бок дому, пайшлі за ім. А Кажэўнікаў і Панкоў пайшлі яму насустрач».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хачу сустрэцца з Паўлічэнкам. Адзін і бяз зброі». Палкоўнік Алкаеў пра Гараўскага-баландзёра на Валадарцы і новыя факты

Што важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў

Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара

  • 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.
  • 16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак былы старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. Пазьней на менскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сьляды крыві.

  • Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасьці да іх зьнікненьняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
  • У верасьні 2004 году Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку – як «самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей».
  • На пачатку 2019 году Сьледчы камітэт паведаміў аб прыпыненьні расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У сьнежні 2019 году справу аб зьнікненьні Захаранкі аднавілі.
  • 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

  • 24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».
  • 19 верасьня 2023 году ў Швайцарыі ў крымінальным судзе у Санкт-Галене пачаўся працэс Юрыя Гараўскага па справе аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Суд стаў прэцэдэнтам.
  • Акруговы суд горада Роршах (кантон Санкт-Гален, Швайцарыя) апраўдаў Юрыя Гараўскага па абвінавачваньні ў гвалтоўных зьнікненьнях, нягледзячы на тое, што ён публічна і некалькі разоў прызнаваўся ў выкраданьні і забойствах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — трох выдатных дзеячаў апазыцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у Беларусі ў 1999 годзе.

Публікацыі па тэме:

Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла

Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых

Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бегамляй. ФОТА

«Небясьпечна. Вельмі». Што менчукі кажуць пра зьніклых Ганчара, Захаранку і Красоўскага. ВІДЭА

Ад «яму можна верыць» да «расейскага ўкіду». Рэакцыі на сэнсацыйнае прызнаньне ў забойстве апазыцыянэраў

«Машына была на глыбіні аднаго мэтра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага

Гараўскі адказаў Паўлічэнку, — удзельнік падрыхтоўкі фільму пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі

Каму выгадны фільм пра ўдзельніка «эскадрону сьмерці» і ці ёсьць у ім «расейскі сьлед»?

Сьледчы, які расказаў пра «эскадроны сьмерці», ня верыць сэнсацыйным прызнаньням былога спэцназаўца

Спэцназаўца, які расказаў пра забойствы апазыцыянэраў, паказвалі на БТ 20 гадоў таму. Архіўнае відэа