У лістах арганізацыі падкрэсьлілі датычнасьць судзьдзяў да парушэньня правоў чалавека і несправядлівасьць зьняволеньня невінаватых людзей у Беларусі. Судзьдзі, да якіх зьвярнуліся праваабаронцы, прымалі ўдзел у «палітычных» судах і выносілі прысуды ўдзельнікам мірных пратэстаў, асобам, якія выступаюць супраць вайны Расеі супраць Украіны, і людзям, якія проста патрабавалі асноўных правоў, многія зь іх цяпер абвешчаныя палітычнымі зьняволенымі.
Таксама ў лісьце адзначана, што судзьдзі адыгрываюць важную ролю ў аўтарытарным рэжыме дыктатара Аляксандра Лукашэнкі. Яны рэгулярна адмаўляюць абвінавачаным у асноўных законных правах на справядлівы суд, праводзяць закрытыя паседжаньні, не захоўваюць асноўныя стандарты бесстароннасьці і рэгулярна выносяць карныя выракі. Гэта робіць іх інструмэнтам у кампаніі жорсткасьці і прыгнёту Лукашэнкі, аднак раней міжнародная супольнасьць у значнай ступені ігнаравала іх саўдзел як групы.
Цяперашняя сумесная міжнародная кампанія ставіць судзьдзяў у цэнтар увагі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Толькі наш выбар», «Лукашэнку да адказнасьці», «Рыхтаваць сілы для змаганьня». Што заяўляюць беларускія і сусьветныя лідэры 9 жніўняКен МакБэйн, кіраўнік кампаніі і прадстаўнік Libereco у Вялікай Брытаніі, сказаў, што для кампаніі важна, каб прадстаўнікі рэжыму, якія займаюцца гэтымі злоўжываньнямі, «разумелі, як сьвет глядзіць на іх дзеяньні».
У заключнай частцы ліста, разасланага індывідуальна на адрасы 413 судзьдзяў у Беларусі, гаворыцца:
«Вы маеце ўладу і адказнасьць, таму мы, усе ніжэйпадпісаныя, просім вас выконваць гэтыя паўнамоцтвы ў адпаведнасьці з прынцыпамі вашай прафэсіі. Вам яшчэ ня позна найбліжэйшымі днямі і тыднямі ў судзе выканаць міжнародныя абавязальніцтвы, якія Беларусь узяла на сябе ў галіне правоў чалавека. Яшчэ ня позна вам выканаць абяцаньне, якое вы далі беларускаму народу».
Ліст падпісалі 20 праваабарончых арганізацый з 10 краін сьвету, у тым ліку Libereco (Нямеччына), Article 19 (Вялікая Брытанія), Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звоскава (Літва), Альжырская Ліга абароны правоў чалавека, Хэльсінскі камітэт Нідэрляндаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што яднае беларускіх прапагандыстаў і карыкатурных самураяў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская папрасіла Швэцыю «трымаць дзьверы адчыненымі для беларусаў» і падтрымаць праект пашпарту Новай Беларусі