Наступны ўкраінскі амбасадар будзе ўручаць даверчыя граматы ўжо новаму прэзыдэнту Беларусі, — палітоляг Магда

Акцыя на Дзень Волі ў Менску, 25 сакавіка 2016 году. Ілюстрацыйнае фота

Украінскі палітоляг, дырэктар Інстытуту сусьветнай палітыкі Яўген Магда аналізуе адносіны Кіева з афіцыйным Менскам і беларускімі дэмакратычнымі сіламі, камэнтуе адказ Зяленскага Ціханоўскай і адказвае на пытаньне, ці канчаткова пастаўленая кропка ў тэме магчымага наступу з тэрыторыі Беларусі.

Сьцісла:

  • Незалежна ад узроўню заходніх паставак, Украіна будзе працягваць вызваляць свае тэрыторыі.
  • Кіеў ацэньвае менскі рэжым як саўдзельніка ў агрэсіі супраць Украіны. Пасьля 24 лютага 2022 году ніякіх зьменаў у гэтым не адбылося.
  • Лукашэнка становіцца ўсё менш суб’ектным, страчвае магчымасьці правядзеньня самастойнай палітыкі.
  • Пакуль у Маскве Пуцін, то гіпатэтычная адстаўка Лукашэнкі прывядзе толькі да таго, што замест яго зьявіцца яшчэ больш прарасейскі кіраўнік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка на Дзень Незалежнасьці Ўкраіны зноў прапанаваў мірныя перамовы. Ціханоўская заявіла, што датычныя да вайны будуць адказваць

— Ва Ўкраіне зьявіцца новы міністар абароны. Замест Аляксея Рэзьнікава прэзыдэнт Уладзімер Зяленскі прапанаваў на гэтую пасаду Рустэма Ўмерава. Чым выклікана такая кадравая зьмена?

— Прычынаў некалькі. Па-першае, вакол Міністэрства абароны дастаткова шмат скандалаў з закупкамі. Украіна рэфармуецца паводле мадэлі NATO, і міністар, які павінен быць цывільнай асобай, займаецца пераважна забесьпячэньнем узброеных сілаў. Ёсьць і іншыя пытаньні да Рэзнікава — у свой час ён ніяк не хацеў прызнаваць, што будзе расейскае ўварваньне.

Умераў — гэта чалавек, на якога ставіць офіс прэзыдэнта Зяленскага. Ён браў удзел у перамовах у справе вызваленьня абаронцаў «Азоўсталі». Да таго ж Умераў — крымскі татарын. А яны ва Ўкраіне традыцыйна мелі добрыя сувязі з Турэччынай, якая на іх рабіла палітычную стаўку, гэта таксама мае цяпер істотнае значэньне.

Яўген Магда

— Як ідзе ўкраінскі контранаступ? Як вы ацэньваеце думкі, якія нярэдка гучаць і цяпер, і гучалі цягам усёй вайны, нібыта Захад пастаўляе Ўкраіне недастаткова ўзбраеньня?

— Можна працытаваць галоўнакамандуючага ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валера Залужнага, які сказаў, што глыбока памыляецца той, хто лічыць, што баявыя дзеяньні — гэта суцэльнае шоў. Паступова ўкраінскія войскі вызваляюць акупаваныя ў 2022 годзе тэрыторыі. Гэта сапраўды ня так, як у кіно. Павольна, балюча, але ўвесь час УСУ прасоўваюцца наперад. Трэба разумець, што расейскія войскі глыбока акапаліся і ўпарта супраціўляюцца.

Што тычыцца паставак заходняга ўзбраеньня, то схема тут вельмі простая. Я ня ведаю ніводнага вайскоўца, які скажа, што яму дастаткова зброі. Вайскоўцам заўсёды не хапае ўзбраеньняў, і гэта трэба добра разумець. Але, незалежна ад узроўню паставак, Украіна будзе працягваць вызваляць свае тэрыторыі, у гэтым не павінна быць сумневаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская дэлегацыя на чале з Кавалеўскім правяла сустрэчы ў Кіеве

— Калі перайсьці да беларускай тэматыкі, то тут апошнія тыдні адбываюцца даволі прыкметныя падзеі. Па-першае, як заявіў міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу журналістам, вайсковыя вучэньні «Захад» сёлета праводзіцца ня будуць. Па-другое, апошнія тыдні ўлады ў Беларусі робяць пэўныя заявы, адрасаваныя Польшчы, якія можна расцаніць як «прымірэнчыя». Як Кіеў ставіцца да афіцыйнага Менску цяпер? Што-небудзь зьмянілася?

— Кіеў ацэньвае ролю менскага рэжыму як саўдзельніка агрэсіі супраць Украіны. Пасьля 24 лютага 2022 году ніякіх зьменаў у гэтым няма.

Тое, што ня будзе вучэньняў «Захад», то гэта вельмі проста тлумачыцца. У 2021 годзе «Захад» стаў прэлюдыяй да ўварваньня, як і вучэньні «Саюзная рашучасьць» у студзені 2022 году.

Лукашэнка становіцца ўсё менш суб’ектным, страчвае магчымасьці правядзеньня самастойнай палітыкі. Але трэба разумець, што зьмена ўлады ў Менску магчымая толькі пасьля таго, як улада зьменіцца ў Маскве. Пакуль у Маскве Пуцін, то, я думаю, што гіпатэтычны сыход Лукашэнкі прывядзе толькі да таго, што замест яго зьявіцца яшчэ больш прарасейскі кіраўнік Беларусі. Гэта павінна быць усім відавочна.

— Таксама апошнія тыдні адбыліся пэўныя зьмены ў стаўленьні афіцыйнага Кіева да беларускіх апазыцыйных сілаў. Апошнім часам адбылося некалькі прыкметных візытаў беларускіх палітыкаў ва Ўкраіну і іхных сустрэч з украінскімі палітыкамі. Лёд крануўся, назіраюцца пэўныя зьмены ў стаўленьні Кіева?

— Я яшчэ год таму прапанаваў канцэпцыю тысячы крокаў насустрач адзін аднаму, бо мы вельмі мала адзін пра аднаго ведаем. Я рады, што гэтыя крокі ўкраінская ўлада і беларускія дэмакратычныя сілы пачалі рабіць. На сёньня маем трыкутнік — афіцыйны Менск, афіцыйны Кіеў і беларускія дэмакратычныя сілы, якія знаходзяцца пераважна за мяжой Беларусі.

Па лініі афіцыйны Кіеў — афіцыйны Менск мы бачым фактычна поўнае замарожваньне адносінаў. Украіна адклікала свайго амбасадара Ігара Кізіма і нават звольніла яго з пасады. Гэта азначае, што наступны ўкраінскі амбасадар будзе ўручаць даверчыя граматы ўжо толькі новаму прэзыдэнту Беларусі.

А зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі ў Кіева ідзе няпросты дыялёг. Іх прадстаўнікі актыўна прыяжджаюць ва Ўкраіну, сустракаюцца з палітыкамі і экспэртамі. Таму, я спадзяюся, што цяпер нам засталася ўжо ня тысяча крокаў, а трошкі меней. Але не настолькі меней, каб мы маглі думаць, што ўсё ўжо цудоўна і мы заўтра пабудуем якасныя добрасуседзкія адносіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі пракамэнтаваў словы Ціханоўскай пра вайсковую дапамогу

— Нядаўна Ўладзімер Зяленскі пракамэнтаваў словы Сьвятланы Ціханоўскай, якая, адказваючы на пытаньне, ці можа яна зьвярнуцца да Зяленскага па вайсковую дапамогу ў вызваленьні Беларусі, сказала, што не выключае такога сцэнару. «Украінская перамога паставіць кропку. І я вельмі рады за супольнасьць дзяржаў — гэта ня толькі пра Беларусь, бо гэта пытаньне неаб’яднанай Малдовы і пытаньне Грузіі. Я ўпэўнены, што перамога Ўкраіны дасьць магчымасьць палітычнага разьвязаньня, дэмакратыі і вяртаньня цэласнасьці гэтых дзяржаваў. І ня трэба думаць спадарыні Ціханоўскай пра арміі іншых дзяржаваў», — сказаў ён. Можна меркаваць, што гэта стратэгічная пазыцыя і яна ня будзе мяняцца?

— Ва ўмовах поўнамаштабнай расейска-ўкраінскай вайны як прэзыдэнт Украіны можа ствараць хоць нейкія перадумовы для адкрыцьця другога фронту? Гэтага ня можа быць. І з ваеннага, і з палітычнага гледзішча Украіна найперш зацікаўлена ў перамозе над Расеяй. Таму казаць, што мы «дапаможам беларусам» — гэта было б вельмі недальнабачна ў стратэгічным сэнсе.

— Ці можна сказаць, што ў пытаньні магчымага новага ўварваньня на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі пакуль пастаўлена кропка? Расейскіх войскаў у Беларусі ўжо фактычна няма (калі не лічыць вагнэраўцаў), само беларускае войска нападаць яўна не зьбіраецца. Ці гэта такое пытаньне, у якім немагчыма паставіць «кропку», пакуль пры ўладзе Лукашэнка?

— За паўтара года Ўкраіна істотна ўмацавала сваю мяжу зь Беларусьсю. Яна ня можа сабе дазволіць паўтарэньне 24 лютага, і будзе ўважліва сачыць за сытуацыяй. Натуральна, тых некалькі сотняў вагнэраўцаў недастаткова для нейкіх рэйдаў на Сувалкі, але дастаткова, каб учыніць дзяржаўны пераварот у Беларусі. І прывесьці да ўлады ў Беларусі чалавека, які аддасьць загад беларускаму войску наступаць на Кіеў. Таму любыя ваенныя крокі дзеля абароны нашых межаў апраўданыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі блогер BalaganOff пра Ціханоўскую, Пазьняка і покер, а таксама гарантыі Васкрасенскага. Вялікая гутарка са Свабодай
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская заявіла аб паляпшэньні адносін з уладамі Ўкраіны