Начальнік дэпартамэнту міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Міністэрства абароны Беларусі Валер Равенка абвінаваціў Польшчу ў парушэньні дамовы аб звычайных узброеных сілах у Эўропе.
«Польшча сьвядома парушае дамову аб звычайных узброеных сілах у Эўропе ў дачыненьні да Беларусі, не падае інфармацыі пра свае вайсковыя сілы і ігнаруе прапановы аб аднаўленьні дыялёгу ў галіне кантролю над узбраеньнямі, абвінавачваючы пры гэтым беларускі бок у дэстабілізацыі абстаноўкі ў рэгіёне», — працытавала Валерыя Равенку прэсавая служба Міністэрства абароны Беларусі.
Прадстаўнік Міністэрства абароны Беларусі заявіў, што Польшча працягвае пастаўку ўдарных узбраеньняў — танкаў, баявых браняваных машын, сыстэм артылерыі, баявых самалётаў і ўдарных верталётаў. «Няма ўпэўненасьці, што іх агульны лік ня будзе перавышаць узроўні, усталяваныя Будапэшцкім пагадненьнем (не Мэмарандумам)», — адзначыў Валер Равенка.
Апошнім часам Аляксандар Лукашэнка некалькі разоў заяўляў пра гатоўнасьць Беларусі да аднаўленьня дыялёгу з Польшчай, нават запрашаў польскіх прадстаўнікоў у якасьці назіральнікаў на вайсковыя вучэньні АДКБ, што цяпер праходзяць у Берасьцейскай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка адказаў на патрабаваньні аб вывадзе вагнэраўцаў: «Ні ў Польшчы, ні ў Літве не павінна быць замежных войскаў»У жніўні Польшча заявіла, што беларускі верталёт парушыў паветраную прастору Польшчы, а ў верасьні Беларусь — што польскі вайсковы верталёт МІ-24 парушыў паветраную прастору Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хрэнін патлумачыў канфлікт вакол польскага верталёта «памылкай лётчыкаў»У кастрычніку 2022 году Польшча завяршыла будаўніцтва плота з калючым дротам на мяжы зь Беларусьсю. Увосень 2021 году Польшча цалкам закрыла памежны пераход «Брузгі» — «Кузьніца Беластоцкая», а 10 лютага — пункт «Баброўнікі», з фармулёўкай «у мэтах дзяржаўнай бясьпекі». Тады ж прэм’ер Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што Польшча «не выключае закрыцьця ўсіх памежных пераходаў» на мяжы зь Беларусьсю.
Сытуацыя на памежных пунктах, якія працавалі раней, цяпер выглядае так:
- «Брузгі» — «Кузьніца Беластоцкая» / Kuźnica Białostocka (Закрыты. Увесь рух спынены).
- «Бераставіца» — «Баброўнікі» / Bobrowniki (Закрыты. Увесь рух спынены).
- «Пяшчатка» — «Палоўцы» / Połowce (Закрыты. Увесь рух спынены).
- «Казловічы» — «Кукурыкі» / Kukuryki (Толькі для грузавога транспарту. Праход пешшу і на ровары недаступны).
- «Берасьце» — «Тарэспаль» / Terespol (Даступны толькі для легкавых аўтамабіляў і пасажырскіх аўтобусаў. Пераход пешшу і на ровары недаступны.
- «Дамачава» — «Славатычы» / Sławatycze (Закрыты, увесь рух спынены). ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасада Польшчы дала МЗС Беларусі доказы парушэньня паветранай прасторы беларускімі верталётамі