«Самая вядомая вучэльня ў сьвеце, пра якую вы ня чулі»
УНОВІС (з расейскай мовы «Утвердители нового искусства») — авангарднае мастацкае аб’яднаньне, створанае ў Віцебску Казімірам Малевічам. У яго ўваходзілі такія вядомыя творцы, як Лазар Хідэкель, Эль Лісіцкі, Леў Юдзін і іншыя.
Цзыўай Со — брытанскі мастак, архітэктар, кінарэжысэр, аўтар праекту беларускай царквы ў Лёндане.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларуская царква ў Лёндане аб’яднала МЗС Беларусі і Раду БНРThe Blue — праект архітэктурнай кампаніі Just Inn, які распрацоўвае Цзыўай Со. Мастацкі архітэктурны праект The Blue разьмешчаны ў цэнтры гораду Тайбэй, усяго за некалькіх кварталаў ад Нацыянальнага музэю Тайваня. Цяпер ідзе будоўля, адкрыцьцё заплянаванае на сьнежань 2023 году.
«Мяне заўсёды захапляла беларускае мастацтва і архітэктура. Паколькі Беларусь успрымалася як маладая краіна на мапе сьвету, існуе агульнае неразуменьне беларускага мастацтва і архітэктуры людзьмі зь іншых нацый. Гэта можна прыняць за нейкую рэгіянальную цікаўнасьць, але на самой справе гэта зусім ня так. Беларускае мастацтва і архітэктура зрабілі велізарны, далёкасяжны ўплыў на сусьветнае, асабліва на пачатку ХХ стагодзьдзя», — апавядае Цзыўай Со.
Архітэктара захапляе, што такі малы горад, як Віцебск, паўплываў на ход гісторыі. Цзыўай Со у 2020-м нават арганізаваў вялікую міжнародную канфэрэнцыю ў Лёндане пра УНОВІС, дзе ўдзельнічаў і беларускі мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.
«Я пачаў з прадстаўленьня Віцебскай мастацкай вучэльні „як самай вядомай вучэльні ў сьвеце, пра якую вы ня чулі“. Група мастакоў і архітэктараў у Віцебскай мастацкай вучэльні проста зьмянілі ход гісторыі і мадэрнізму. Самая ўплывовая мастацкая плынь ХХ стагодзьдзя запазычыла столькі ідэй у гэтай невялікай групы людзей у Віцебску. Гэта мяне сапраўды захапляе».
Пасьля канфэрэнцыі Цзыўай Со зьвярнуўся ў Беларускую амбасаду ў Лёндане з прапановай адрадзіць мастацкую вучэльню, бо гэта адзін з найважнейшых культурных здабыткаў.
«Нават беларусы не знаёмыя з гэтай важнай часткай сваёй спадчыны. Таму ў амбасадзе падумалі: так, добрая ідэя. Але мы ўсе ведаем, што адбылося ў 2020 годзе. І я проста адмовіўся ад гэтай ідэі. Я размаўляў са шматлікімі сябрамі зь Вялікай Брытаніі, яны сказалі, што цяпер не найлепшы час, каб рабіць што-небудзь культурнае і ў Беларусі».
«The Blue будзе першым архітэктурным праектам руху эмацыяналізму»
Архітэктар кажа, што УНОВІС сапраўды быў цэнтрам сусьветна вядомага супрэматызму — руху, створанага Малевічам, які абвясьціў вяршэнства чалавечых пачуцьцяў. Адсюль жа бярэ пачатак і новае паняцьце — эмацыяналізм.
«Архітэктура была канчатковай мэтай УНОВІСу, бо яны верылі ў канцэпцыю татальнага мастацтва. І The Blue будзе першым архітэктурным праектам руху эмацыяналізму. Мы спрабуем прыняць нявызначанасьць, прызнаём, што здольнасьць рабіць памылкі — гэта частка чалавека».
Эмацыяналізм — мастацкі рух, заснаваны групай навукоўцаў, мастакоў, журналістаў і архітэктараў з усяго сьвету, моцна натхнёны рамантызмам, супрэматызмам і псыхагеаграфіяй. Ён заклікае мастакоў і архітэктараў паразважаць над тым, што значыць быць чалавекам у эпоху, калі дамінуе штучны інтэлект, кажа Цзыўай Со.
«Калі-небудзь мы вернемся ў Віцебск, адкуль усё пачыналася»
Самому будынку, дзе рэалізоўваюць праект The Blue, 50 гадоў.
«Мы хочам вярнуць будынак да ягонай сутнасьці, даведацца, як ён насамрэч выглядае „знутры“. Кожны дзень мы будзем адкрываць нешта нечаканае, а потым будзем выкарыстоўваць гэта як магчымасьць. Увесь працэс вельмі экспэрымэнтальны. Мы прымаем той факт, што будзем рабіць шмат-шмат памылак, але няхай будзе так».
Месца, дзе будзе разьмяшчацца гатэль, знаходзіцца ў самым цэнтры Тайбэя, побач з Нацыянальным музэем Тайваня. Прыбытак ад гатэля пойдзе на спансаваньне міжнароднай мастацкай рэзыдэнцыі, натхнёнай Віцебскай мастацкай вучэльняй і УНОВІСам.
«Мы хочам запрасіць мастакоў і архітэктараў з розных краін застацца ў гэтым будынку ў цэнтры Тайбэя і зрабіць свае працы. Пасьля мы зможам курыраваць міжнародныя бясплатныя публічныя выставы на першым паверсе і ў падвале. Мы запросім вулічных музыкаў, каб граць музыку, і такім чынам хочам даць гэтае месца грамадзтву».
Цзыўай Со дадае, што хацеў бы бачыць беларускіх творцаў аднымі зь першых на гэтай рэзыдэнцыі.
«Выбралі колер будынку, прыслухоўваючыся да свайго сэрца»
Архітэктар хоча вярнуць будынак, у якім рэалізуецца праект The Blue, да першапачатковага выгляду.
«Мы хочам замарозіць час будынка, ануляваць. Бо гэты будынак быў пабудаваны падчас вядомага Белага тэрору ў Тайвані, калі дзясяткі тысяч людзей былі забітыя тайваньскім урадам. І на адным гістарычным фота будынка ў яго першапачатковым выглядзе ёсьць вялікі банэр, дзе напісана кітайскімі герогліфамі „Няхай доўга жыве прэзыдэнт Чан Кайшы“ — знакаміты дыктатар, якога падтрымлівала Амэрыка. Так я адкрыў цёмны бок гісторыі».
Захаваць арыгінальную мазаіку, якая пакрывала будынак, цяпер немагчыма, і даводзіцца ўсё заляпляць цэмэнтам. Пасьля ўзьнікла дыскусія: пакінуць будынак бяз колеру, пафарбаваць адным колерам ці рознымі?
«Я прапанаваў кліенту, каб мы проста суб’ектыўна выбралі колер, прыслухоўваючыся да свайго сэрца, а потым паглядзелі на гэты колер і інтэлектуальна спыталі: ці добрая ідэя выкарыстоўваць яго? І тады я сказаў: „Як наконт сіняга?“ Гэта адразу знайшло водгук у кліента, бо ён сам рабіў шмат мастацкіх твораў з блакітным колерам».
У сіняга колеру шмат тлумачэньняў, кажа архітэктар.
«Сіні колер на самой справе таямнічы ў гісторыі мастацтва. Сіні пігмэнт быў даражэйшы за золата ў Сярэднявеччы, з гэтай прычыны каталіцкая царква фактычна манапалізавала колер, не дазваляла нікому выкарыстоўваць яго нідзе, акрамя рэлігійнага жывапісу. Сінім колерам захапляліся шматлікія знакамітыя мастакі — Пікаса, Марк Шагал і Ван Гог, Іў Клейн нават стварыў свой вядомы міжнародны колер „Klein Blue“».
Сіні зачароўвае людзей, кажа Цзыўай Со, і, паводле шматлікіх дасьледаваньняў, гэты колер — міжкультурны і самы папулярны колер у сьвеце. І пры гэтым ён менш за ўсё выкарыстоўваецца ў архітэктуры.
«Сіні сымбалізуе нематэрыяльную частку прыроды. Зялёны — матэрыяльную (дрэвы, лісьце, усё адчувальнае). Сіні — тое, што ўдалечыні, да чаго нельга дацягнуцца (акіян, неба). І сіні для мяне таксама асаблівы колер, бо калі я езьдзіў па Беларусі, я бачыў шмат сініх храмаў, для мяне гэта вельмі асабіста. А вось для некаторых жыхароў Тайваня сіні можа сымбалізаваць нацыянальную птушку — унікальную сінюю сароку».
«Візуальна мяне вельмі цягнула да канструктывісцкай архітэктуры Беларусі»
Цяпер Цзыўай Со працуе над праектам у Англіі — будуе вялікі гараж для кампаніі Frank Dale & Stepsons.
«Яны спэцыялізуюцца на аднаўленьні вінтажных Rolls Royce і Bentley. У гэтай працы мяне натхніў мой прыезд у Менск, калі я ўбачыў канструктывісцкія шэдэўры: старую бібліятэку, камунальную кухню і нават Дом ураду. Візуальна мяне вельмі цягнула да канструктывісцкай архітэктуры Беларусі».
Цзыўай Со стварыў і твор, натхнёны Слонімам, цяпер ён у Кембрыджскім унівэрсытэце.
«Гэта было ўшанаваньне памяці сямʼі майго сябра Сымона Каплінскага, якая загінула падчас Галакосту ў Слоніме».
Таксама архітэктар працаваў над праектам мэмарыялу ў Брусэлі, прысьвечаным ахвярам таталітарызму.
«Мы былі вельмі ўдзячныя, што Сьвятлана Ціханоўская таксама паставіла свой подпіс у падтрымку праекту разам зь іншымі эўрапейскімі лідэрамі і дэпутатамі Эўрапарлямэнту. Гэты мэмарыял ушаноўвае памяць ахвяраў татальнага тэрарызму і складаецца зь лістоў, напісаных ахвярамі. І Беларусь сапраўды магла б быць самай вялікай крыніцай натхненьня».
Архітэктар дадае, што калі паглядзець на гісторыю Беларусі, мастацтва, якое беларусы стваралі, было сапраўды натхнёнае смуткам, але ў пэўным сэнсе гэта сапраўды прыгожа.
«Адметная нацыя стварала ўнікальнае спалучэньне мастацтва, якое, з аднаго боку, мэлянхалічнае, але зь іншага — вельмі вытанчанае. Гэта асабліва кранае маё сэрца».
Цзыўай Со лічыць, што беларускія творцы не павінны адчуваць сябе адсунутымі ўбок або маргіналізаванымі.
«Чаму Эўрапейскі парлямэнт хацеў стварыць свой мэмарыял як твор публічнага мастацтва? Бо мастацтва — гэта мяккая сіла. Мастацтва — гэта тое, што лёгка можна не заўважыць як вельмі эфэктыўны спосаб ліквідацыі тыраніі. І я думаю, што беларускія творцы сапраўды павінны быць у самым цэнтры міжнароднай размовы ў сьвеце мастацтва. Я думаю, што беларускія мастакі, безумоўна, могуць шмат зрабіць, каб сапраўды аб’яднаць людзей ня толькі на эмацыйным, але і на духоўным узроўні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская мастачка Яна Шостак стала кандыдаткай у дэпутаты на выбарах у Польшчы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачынаецца тэатральнае лета ад Inexkult з «Купалаўцамі» і іншымі беларускімі творцамі. Што можна паглядзець