«Грамадзянская кааліцыя» пацьвердзіла ўдзел беларускі Яны Шостак у парлямэнцкіх выбарах, якія пройдуць у Польшчы 15 кастрычніка, паведамляе «Эўрарадыё».
Месяц таму Яна заявіла пра намер балятавацца ў дэпутаты ад партыі «Зялёныя» і падала заяўку. 16 жніўня зьявіліся сьпісы кандыдатаў, у якіх самая гучная актывістка Беларусі значыцца пад нумарам 13.
«Акруга 24, ад якой я буду браць удзел у выбарах, — гэта акруга Беластоку і ваколіц. Што я адчуваю? Разумею, што найбліжэйшыя два месяцы мяне чакае шмат працы. Цяпер я шукаю каманду людзей, якія будуць дапамагаць мне рыхтавацца, а таксама хадзіць па мясцовых жыхарах і расказваць пра нашу кампанію», — сказала Яна «Эўрарадыё».
Раней Яна Шостак казала, што хоча быць голасам беларусаў у Сойме і займацца міграцыйнай і інтэграцыйнай палітыкай.
Парлямэнцкія выбары ў Польшчы пройдуць 15 кастрычніка.
Яне Шостак 30 гадоў. Яна нарадзілася ў Горадні і з 17 гадоў жыве ў Польшчы, атрымала польскае грамадзянства. Скончыла мастацкія акадэміі ў Кракаве і Варшаве. Стала вядомай пасьля шэрагу артыстычных акцый, сярод іх — пэрформанс «Хвілінны плач па Беларусі» і расьцяжка «Papa call me» («Папа, патэлефануй мне»). Так Яна вітала Папу Францішка на сусьветных Днях моладзі ў Польшчы і Панаме.
У 2022 годзе Яна Шостак стала пераможцай прэстыжнага польскага конкурсу «Passport Polityki».