Мэдыкі, выкладчыкі, пракуроры, судзьдзі. Партрэты афіцыйных асобаў, якія могуць мець дачыненьне да сьмерці Алеся Пушкіна

Фотакаляж.

Алесь Пушкін памёр роўна месяц таму, 11 ліпеня. Пра афіцыйную рэакцыю на яго сьмерць з боку ўладаў, а таксама магчымае пакараньне вінаватых дагэтуль нічога не вядома.

11 ліпеня ў рэанімацыі горадзенскага шпіталя хуткай мэдычнай дапамогі памёр палітзьняволены мастак Алесь Пушкін, якому было 57 гадоў. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, прычынай сьмерці мастака стала прабадная язва, якая разьвілася ў Пушкіна падчас зьняволеньня, а таксама несвоечасовае аказаньне мэдычнай дапамогі. Пра пакараньне вінаватых у сьмерці палітзьняволенага або пра пачатак расьсьледаваньня гэтага выпадку ўлады нічога не паведамлялі. Расказваем, хто быў адказны за зьняволеньне мастака, а таксама за ўмовы, у якіх Пушкіна трымалі за кратамі. Інфармацыю пра згаданых у публікацыі асоб часткова перадала суполка «Кібэрпартызаны».

1. Уладзімер Клішын

Былы пракурор Горадні. Завёў на Алеся Пушкіна крымінальную справу за карціну з выявай антысаветчыка Яўгена Жыхара.

Уладзімер Клішын

Клішыну 54 гады. Нарадзіўся ў Горадні. Прынамсі двойчы быў жанаты. Мае дваіх дзяцей ад розных шлюбаў. Другой ягонай жонцы Анжаліцы Клішынай 35 гадоў. Яна працуе старшай памочніцай пракурора ў пракуратуры Горадзенскага раёну.

Уладзімер Клішын скончыў факультэт правазнаўства ў горадзенскім унівэрсытэце імя Янкі Купалы. Пачынаў кар’еру памочнікам пракурора ў пракуратуры Ленінскага раёну Горадні. Узначальваў пракуратуру Кастрычніцкага раёну. 10 гадоў быў пракурорам Горадні. Сёлета ў красавіку пайшоў на павышэньне і стаў намесьнікам пракурора Горадзенскай вобласьці.

Стаў дэпутатам Горадзенскага гарадзкога савету дэпутатаў у 2014 годзе. У 2022 годзе атрымаў ордэн Пашаны ад Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле інфармацыі Hrodna.life, Клішын у маладосьці гуляў у футбол з журналістамі незалежных СМІ, грамадзкімі дзеячамі і апазыцыянэрамі.

У 2020 годзе Клішын сустракаўся з працоўнымі калектывамі «Гроднажылбуд» і «Хімвалакно», якія хацелі страйкаваць пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Выклікаў на гутарку журналіста Анджэя Пісальніка, потым таго дапытвалі ў СК, пасьля чаго Пісальнік выехаў зь Беларусі. Менавіта Клішын ініцыяваў закрыцьцё незалежнай культурнай пляцоўкі Горадні «Цэнтар гарадзкога жыцьця» і ТАА «Гродна Лайф Мэдыя». Прызнаў шэраг незалежных тэлеграм-каналаў «экстрэмісцкімі». Быў абвінаваўцам падчас судовых працэсаў некалькіх палітвязьняў.

Клішын выяжджаў у Эўразьвяз некалькі разоў з 2010 па 2019 год: у 2011 годзе, празь некалькі тыдняў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, а таксама ў 2017-м і 2019-м. Аднойчы езьдзіў ва Ўкраіну (у жніўні 2017 году на два тыдні).

2. Андрэй Цэдрык

Начальнік СІЗА № 1 у Менску на вуліцы Валадарскага (так званай «Валадаркі»).

Менавіта там Алесь Пушкін выразаў сабе крыж на целе. Паводле сьведчаньняў аднаго зь вязьняў, Пушкіна за гэта моцна пабілі. Мастак прабыў на «Валадарцы» год, амаль ад самага затрыманьня, падчас суду і пакуль прысуд не набыў моц.

Андрэй Цэдрык

Андрэю Цэдрыку 45 гадоў. Нарадзіўся ў Менску, жанаты з Кацярынай Цэдрык, выхавальніцай у дзіцячым садку. У пары ёсьць сын. У 2012 годзе Кацярына Цэдрык зьвярталася ў міліцыю, бо муж скандаліў.

Цэдрык скончыў Акадэмію МУС. З 2005 году працуе ў СІЗА № 1 у Менску. Пачынаў кінолягам і опэрупаўнаважаным. З 2011 году займаў кіроўныя пасады ў сьледчым ізалятары. 19 жніўня 2020 году, у разгар пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, Цэдрыка прызначылі начальнікам СІЗА. У 40 гадоў атрымаў званьне палкоўніка.

На пачатку сваёй службы Цэдрык праходзіў у крымінальнай справе, зьвязанай зь ягонай працай у 2007 годзе. Тагачасны начальнік СІЗА № 1 Вячаслаў Дуброўскі загадаў Цэдрыку засакрэціць вынікі заключэньня пра атручэньне нейкага Вартаняна К. Г. наркотыкамі і не фіксаваць гэтага факту. Паводле «Кібэрпартызанаў», Цэдрыка асудзілі, аднак вырак невядомы. Паводле рэсурсу «Каратели Беларуси», Цэдрык сядзеў у СІЗА КДБ, аднак, калі стаў даваць паказаньні супраць свайго начальніка, яго адпусьцілі. Вядома таксама, што тэлефон Цэдрыка праслухоўвалі.

Паводле інфармацыі ByPol, Цэдрык пад кіраўніцтвам намесьніка ГУБАЗіК Міхаіла Бедункевіча выкарыстоўвае зьняволеных, каб ціснуць на палітвязьняў і біць іх.

Большасьць паездак і палётаў Цэдрыка за мяжу зьвязаныя з курортнымі кірункамі: Эгіпет, Турэччына, Баўгарыя, Украіна.

3. Алена Шылько

Судзьдзя Менскага гарадзкога суду. Асудзіла Алеся Пушкіна на 5 гадоў калёніі.

Алена Шылько

Шылько 51 год. Нарадзілася ў Менску. Дзявочае прозьвішча Тройніч. У разводзе. Была замужам за намесьнікам начальніка ўпраўленьня прымусовага пакараньня — начальнікам упраўленьня арганізацыі і кантролю Міністэрства юстыцыі Аляксандрам Шылько. Ёсьць сын.

Шылько працуе судзьдзёй з 2001 году. Пачынала ў судзе Маскоўскага раёну Менску, цяпер служыць у Менскім гарадзкім судзе. Часам лятае на адпачынак у Турэччыну.

У 2011 годзе Шылько асудзіла актывістаў «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава. Выносіла выракі ўдзельнікам акцый пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. У 2011-м яе ўключылі ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу.

Шылько судзіла палітвязьняў і пасьля 2020 году: студэнта БДУ Арцёма Баярскага, арт-дырэктарку Мію Міткевіч, уласьніка «Кальяннай № 1» Івана Мураўёва, дырэктара выданьня «Беларусы і рынак» Канстанціна Залатых, праваабаронцу Насту Лойку, траіх сяброў АГП і інш. Разглядала справу ўдавы забітага сілавікамі Андрэя Зельцара Марыі Ўсьпенскай «аб зьмене прымусовых мер бясьпекі і лячэньня».

4. Аляксандар Кароль

Старшы памочнік аддзелу абвінавачаньня Генпракуратуры.
Падтрымліваў абвінавачваньне ў справе аб карціне Алеся Пушкіна, запатрабаваў для яго 5 гадоў калёніі.

Аляксандар Кароль

Каралю 31 год. Нарадзіўся ў Бабруйску. Жанаты зь Дзіянай Кароль, яна лягіст паводле адукацыі. У сям’і ёсьць сын.

Вучыўся ў Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце ў Менску. Студэнтам падпрацоўваў у фірме, якая займалася прыбіраньнем памяшканьняў «Чысты сьвет плюс». З 2016 году працаваў у розных падразьдзяленьнях пракуратуры ў Менску.

Кароль падтрымліваў абвінавачваньне ў справе супраць аўтараў расейскага шавіністычнага сайту «Рэгнум» у 2018 годзе; супраць анархіста Дзьмітрыя Паліенкі ў 2019 годзе. Пасьля 2020 году ён фігураваў як абвінаваўца ў справах Марыі Калесьнікавай і Максіма Знака, у справе праваабарончага цэнтру «Вясна» і нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага, Эдуарда Бабарыкі.

У 2021 годзе Кароль атрымаў ад Лукашэнкі мэдаль «За працоўныя заслугі». Падарожнічае Кароль рэдка. Вядома пра некалькі ягоных палётаў ва Ўкраіну, Чарнагорыю, Расею.

5. Вадзім Хілюта

Выкладчык Горадзенскага ўнівэрсытэту на катэдры крымінальнага права. Рабіў экспэртызу карціны Алеся Пушкіна з выявай Яўгена Жыхара, знайшоў у ёй «прыкметы экстрэмізму».

Вадзім Хілюта

Хілюту 44 гады. Нарадзіўся ў Ляхавічах. Жанаты, жонка Тацяна Хілюта таксама юрыст, працуе ў «Белдзяржстраху». У сям’і трое малых дзяцей.

Скончыў Горадзенскі ўнівэрсытэт імя Янкі Купалы. Стажаваўся па лініі АБСЭ ў Вене ў 2009 годзе, вучыўся ў Патсдамскім унівэрсытэце ў 2015 годзе. Мае ступень кандыдата юрыдычных навук.

У Вадзіма Хілюты больш за паўсотні запісаў у працоўнай кніжцы. Выкладаў крымінальнае права ў Горадзенскім унівэрсытэце. Быў загадчыкам гэтай катэдры. Таксама працаваў у Акадэміі МУС, БДУ, Інстытуце правазнаўства, Горадзенскім аблвыканкаме, эканамічным судзе Горадзенскай вобласьці, «Доме прэсы», ТАА «Юрспэктар», «Гроднаэнэрга». Рэгулярна прыяжджаў на працу ў дзіцячы санаторый «Ружанскі» Нацбанку Беларусі.

Мае ўзнагароды міністэрстваў адукацыі і юстыцыі Беларусі, Мінадукацыі Расеі, Генпракуратуры Беларусі, Саюзу юрыстаў Беларусі, Горадзенскага аблвыканкаму і іншых. Ляўрэат прэзыдэнцкай стыпэндыі 2012 году.

Хілюта раней удзельнічаў у экспэртызе іншых твораў: фотаальбома «Прэс-фота Беларусі — 2011», у якім таксама знайшлі «экстрэмізм», і кнігі Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя беларушчынай», якую прызналі небясьпечнай для Беларусі.

6. Сьняжана Семярнік

Дацэнтка Горадзенскага ўнівэрсытэту на катэдры філязофіі.
Рабіла экспэртызу карціны Алеся Пушкіна з выявай Яўгена Жыхара, знайшла ў ёй «прыкметы экстрэмізму».

Сьняжана Семярнік

Семярнік 49 гадоў. Нарадзілася ў Горадні. Замужам, трое дзяцей.

Скончыла Горадзенскі ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьцях «біялёгія» і «псыхалёгія». Працавала ў горадзенскай школе псыхолягам. З 1999 году выкладае ў Горадзенскім унівэрсытэце. Сярод месцаў працы значыцца таксама Горадзенскі аблвыканкам. Мае ступень доктара філязофскіх навук.

Яна выступала перад прыхаджанамі праваслаўнага Пакроўскага сабору ў Горадні, у тым ліку зь лекцыяй пра маральную прыроду чалавека.

За мяжу выяжджала некалькі разоў з 2010 году: ва Ўкраіну, Расею, Малдову.

7. Аляксандар Кірыловіч

Судзьдзя Янаўскага раёну. Адправіў Алеся Пушкіна ў 2022 годзе на турэмны рэжым.

Аляксандар Кірыловіч

Кірыловічу 58 гадоў. Нарадзіўся ў вёсцы Бабровічы Івацэвіцкага раёну. Жанаты з Тацянай Кірыловіч, выхавальніцай у ліцэі. Мае двух сыноў. Адзін, паводле «Кібэрпартызанаў», працаваў кіроўцам, другі грузчыкам. На аднаго з сыноў судзьдзя скардзіўся ў міліцыю за скандалы ў 2015 годзе.

На момант пераводу Пушкіна на турэмны рэжым Кірыловіч працаваў у судзе Івацэвіцкага раёну. Раней кароткі час ён знаходзіўся ў Берасьцейскім абласным судзе. Цяперашняе месца працы — суд Янаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці.

Кірыловіч пераводзіў на турэмны рэжым жыхара менскай «плошчы Перамен» Сьцяпана Латыпава. Асудзіў на два гады «хатняй хіміі» Вольгу Кронду за эмодзі.

Кірыловіч праходзіць у крымінальнай справе «Чорнай кнігі Беларусі» як пацярпелы за «абразу».

Апошні ягоны вядомы выезд за мяжу быў у 2011 годзе, ва Ўкраіну.

8. Сяргей Рэчыц

Былы начальнік калёніі № 22 «Ваўчыныя норы» каля Івацэвічаў, да жніўня 2022 году.

Алесь Пушкін сядзеў у «Ваўчыных норах» з красавіка па лістапад 2022 году, трапляў у ШЫЗА ўлетку 2022 году.

Сяргей Рэчыц

Рэчыцу 48 гадоў. Нарадзіўся ў вёсцы Лука Кобрынскага раёну. Жанаты з Аленай Рэчыц, якая працуе інжынэрам. У 2011 годзе ўзначальваў «хімію» ў Берасьцейскай вобласьці. У 2020 годзе прыйшоў працаваць у «Ваўчыныя норы». Паводле інфармацыі «Кібэрпартызанаў», некалькі месяцаў у канцы 2020 і пачатку 2021 гадоў не працаваў. Мае званьне падпалкоўніка.

Паводле крыніц Свабоды, Рэчыц ня вельмі моцна ціснуў на Пушкіна. Больш праблемаў мастак займеў пры наступным начальніку калёніі Віктару Сьвірыду.

9. Віктар Сьвірыд

Начальнік калёніі № 22 «Ваўчыныя норы» каля Івацэвічаў з другой паловы 2022 году.

Алесь Пушкін сядзеў у «Ваўчыных норах» з красавіка па лістапад 2022 году, пяць месяцаў правёў у ПКТ у 2022 годзе. Сьвірыд ініцыяваў перавод Пушкіна на турэмны рэжым.

Віктару Сьвірыду 47 гадоў. Нарадзіўся ў вёсцы Сенькавічы Івацэвіцкага раёну. Жанаты з Аксанай Сьвірыд, бухгальтаркай. У сям’і двое дзяцей.

Доўгі час працаваў фэльчарам у папраўчай калёніі № 5 у Івацэвічах. Потым у дэпартамэнце выкананьня пакараньняў у Берасьцейскай вобласьці. У 2022 годзе прыйшоў у «Ваўчыныя норы», у канцы году афіцыйна ўзначаліў калёнію, кіруе ёй дагэтуль. Мае званьне падпалкоўніка ўнутранай службы.

Паводле інфармацыі Свабоды, менавіта Сьвірыд прымаў асноўныя рашэньні, датычныя Алеся Пушкіна. У гэтай калёніі мастака адправілі ў ПКТ на 5 месяцаў, а пасьля і ў турму.

Раз на некалькі гадоў Сьвірыд езьдзіў ва Ўкраіну і Польшчу.

10. Павал Казакоў

Начальнік горадзенскай турмы № 1.

З горадзенскай турмы Пушкіна пры сьмерці прывезьлі ў шпіталь БСМП у Горадні 10 ліпеня 2023 году.

Павал Казакоў

Казакову 46 гадоў. Нарадзіўся ў пасёлку Рось Ваўкавыскага раёну. Жанаты зь Юліяй Казаковай. Мае двое дзяцей.

Скончыў Акадэмію МУС. Працаваў у папраўчай калёніі № 11 у Ваўкавыску. Узначальвае горадзенскую турму з 2018 году. Мае званьне палкоўніка ўнутранай службы.

Жыве ў новым мікрараёне Горадні, які лічаць сацыяльным, — у Альшанцы. У адпачынак езьдзіў раз на некалькі гадоў. Кірункі: Украіна, Турэччына, Эгіпет. Зьвестак пра паездкі ў Эўразьвяз няма.

У горадзенскай турме і СІЗА пры ёй за час начальніцтва Казакова сядзелі палітвязьні Мікола Аўтуховіч, Дзяніс Івашын, Анджэй Пачобут, Павал Мажэйка, Павал Севярынец. Агулам там утрымліваюць цяпер больш за 60 палітвязьняў.

11. Віктар Лутцаў

Начальнік мэдычнай часткі горадзенскай турмы.

Паводле некаторых зьвестак, Алесь Пушкін блага адчуваў сябе апошні месяц перад сьмерцю, аднак, нягледзячы на скаргі, яго не лячылі належным чынам.

Віктар Лутцаў

Лутцаву 37 гадоў. Бацька Пятро Лутцаў — былы вайсковец, маці працавала прадаўцом. Жанаты, жонка — лекар-нэўроляг Ганна Лутцава, раней працавала ў Горадзенскім абласным шпіталі, потым у Горадзенскім мэдычным унівэрсытэце на катэдры нармальнай анатоміі. У сям’і ёсьць малое дзіця. У Лутцава два браты: адзін зь іх, брат-блізьнюк, хірург Дзьмітры Лутцаў прынамсі некалькі гадоў таму працаваў у шпіталі хуткай дапамогі Горадні, дзе і памёр Пушкін. Трэці брат Павал Лутцаў працуе ва ўпраўленьні юстыцыі Горадні судовым выканаўцам.

Віктар Лутцаў пачынаў працоўную дзейнасьць у будаўніча-мантажным трэсьце Горадні. Па спэцыяльнасьці працаваў у шпіталі хуткай дапамогі Горадні, Горадзенскім псыхіятрычным шпіталі, лячэбна-працоўным прафілякторыі № 5 каля Наваградку. У 2013 годзе прыйшоў працаваць у горадзенскую турму як псыхіятар-нарколяг, у 2015 годзе ўзначаліў мэдычную частку турмы. Мае званьне маёра ўнутранай службы.

Раней часта езьдзіў ва Ўкраіну і Польшчу.

***

Мы ня згадваем у гэтым матэрыяле галоўнага доктара шпіталя хуткай дапамогі ў Горадні, дзе памёр Алесь Пушкін. Паводле крыніц Свабоды, мастака прывезьлі ў шпіталь у такім стане, што ў мэдыкаў амаль не было шанцаў яго ўратаваць.

Мастак Алесь Пушкін нарадзіўся 6 жніўня 1965 году ў вёсцы Бобр Крупскага раёну Менскай вобласьці, дзе і жыў да арышту ў 2021 годзе. Падставай для крымінальнай справы супраць мастака сталі яго карціны на выставе ў Горадні і пэрформанс з партрэтам Аляксандра Лукашэнкі на выставе ў Кіеве незадоўга да затрыманьня.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляў, што паводле арт. 370 Крымінальнага кодэксу («зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў») кваліфікавалі яго пэрформанс у Кіеве. Там на выставе беларускага пратэставага мастацтва «Кожны дзень» Алесь узнавіў свой самы вядомы пэрформанс «Гной для прэзыдэнта», але крыху абноўлены — на партрэце Аляксандра Лукашэнкі, замест надпісу «За 5-гадовую плённую працу», ён разьліў чырвоную фарбу, якая сымбалізавала кроў.

Пад арт. 130 Крымінальнага кодэксу таксама падвялі разьмяшчэньне партрэтаў прадстаўнікоў беларускага антысавецкага супраціву Міхала Вітушкі, Усевалада Родзькі і Яўгена Жыхара на выставе ў горадзенскім «Цэнтры гарадзкога жыцьця». Гэта патрактавалі як «рэабілітацыю нацызму».

Суд над мастаком распачаўся 10 сакавіка 2022 году. Яго амаль адразу зрабілі закрытым. Праз 20 дзён судзьдзя Алена Шылько прысудзіла Пушкіну 5 гадоў калёніі строгага рэжыму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сталі вядомыя новыя дэталі перасьледу Алеся Пушкіна, які памёр у зьняволеньні
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сяброўка маладосьці Алеся Пушкіна: «Яшчэ не арыентуючыся ва ўсіх тонкасьцях палітыкі, ён з усёй шчырасьцю й любасьцю аддаўся Беларусі»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбывалася з Алесем Пушкіным апошнія 2,5 года і хто за гэта адказны. Хроніка