«Думаю, айцішніку прасьцей сабраць валізку»
Праграміст Ігнат (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы), 35 гадоў, жыве ў невялікім горадзе Польшчы паблізу беларускай мяжы. Пераехаў год таму разам з жонкай-мэдыкам. Рэлякавацца параіла ягоная фірма.
Яны езьдзяць у Варшаву на беларускія імпрэзы. Бяруць удзел у багаслужбах на беларускай мове ў касьцёле. Плянуюць больш далучацца да беларускага: схадзіць на спэктакль купалаўцаў, завітаць у кавярню, якую адкрылі беларусы. У палітычных акцыях сям’я не бярэ ўдзелу, бо жонка езьдзіць у Беларусь.
«Цяжка жывецца безь беларусаў, бо зь імі ў нас агульныя інтарэсы. Калі навокал іншае моўнае асяродзьдзе, тады цягнесься да сваіх», — зазначае суразмоўца.
Ігнат прызнаецца, што як праграмісту яму было адносна лёгка адаптавацца. Яму не давялося шукаць працу ў новай краіне, працадаўца кампэнсаваў білеты на пераезд. Ягоная прафэсійная дзейнасьць ня моцна залежыць ад польскай мовы, дастаткова камунікацыі на ангельскай.
«Думаю, айцішніку прасьцей сабраць валізку і зьехаць, чым іншаму спэцыялісту», — падсумоўвае суразмоўца.
Аднак, каб адчуць сябе больш-менш добра на новым месцы, пайшло тры месяцы.
«Жонка больш сумавала па бацьках, па Беларусі. На мне пачало больш адбівацца пад Новы год. Але ўжо прызвычаіўся», — кажа беларус.
Ігнат дадае, што яго зьвязваюць зь Беларусьсю родныя, сябры, захапленьні.
«Тое, што можаш падтрымліваць, тое стараесься падтрымліваць. Бацькам перадаць падарункі. Калі ўсё жыцьцё пражыў у адной краіне, а потым пераехаў у іншую, там шмат чаго застаецца. Камусьці лягчэй з гэтым расставацца, камусьці цяжэй, але гэта пераадоленьне», — мяркуе суразмоўца.
Ён штодня сочыць за навінамі зь Беларусі, «каб ведаць, калі гэта скончыцца і можна будзе вярнуцца». Пры гэтым сям’я амаль ня сочыць за навінамі Польшчы, калі гэта наўпрост ня тычыцца беларусаў. На пытаньне, ці дапамагае ён Беларусі грамадзкімі справамі або данатамі, Ігнат унікае адказу.
«Тут мы ўпіраемся ў рэжым інкогніта, бо раней ці пазьней хочам вярнуцца», — тлумачыць ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніводнага дня паасобку, акрамя працы і турмы». Гісторыя беларускі, якая ад каханьня села за стырно фурыМужчына ня ведае, як дапамагчы Беларусі маштабна, не каб «абязбольваць сымптомы, а каб лекаваць прычыну хваробы», каб здабыць дэмакратыю ў Беларусі. На думку суразмоўцы, штосьці маглі зрабіць у 2020 годзе толькі людзі сыстэмы: сілавікі, вайскоўцы, чыноўнікі. Цяпер жа, мяркуе ён, нават яны ня здолеюць нічога зьмяніць, бо будуць баяцца люстрацыі.
«Я ня веру, што пасьля вайны полк Каліноўскага прыйдзе і ўсё захопіць. Гэта фантастыка. Я ня веру, што нейкая краіна дазволіць стварыць вайсковае фармаваньне, якое прыйдзе і вызваліць Беларусь», — кажа суразмоўца.
У Ігната амаль няма прэтэнзіяў да пратэстоўцаў. Ён мяркуе, што людзі ў 2020 годзе на 90% усё рабілі слушна. Але яго моцна ўразіла сьмерць Рамана Бандарэнкі.
«Двое забівалі чалавека, а дзесяць чалавек з камэрамі стаялі і здымалі. Дзе ў той момант была вялікая беларуская салідарнасьць, мне дагэтуль не зразумела. Як гэта можна было дапусьціць?» — разважае ён.
У мужчыны была надзея на дэмакратычныя зьмены ў 2020 годзе. «Думаў, што вось-вось». Ён у сваёй галаве перасоўваў тэрмін то да лістапада, то на год далей. Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне надзея на зьмены ў бліжэйшы час у яго зьнікла. Ён ня ведае, ці вернецца ў Беларусь. Гэта залежыць ад дэмакратычных зьменаў у краіне і спыненьня палітычных рэпрэсіяў у Беларусі.
«Калі гэта здарыцца праз год — то адназначна вернемся ў Беларусь. Калі праз два — хутчэй за ўсё так. Калі празь пяць гадоў... Ёсьць сындром адкладзенага жыцьця. Ня хочацца пяць гадоў губляць. У мяне цяпер такі прадукцыйны ўзрост, калі трэба думаць пра кар’еру, сям’ю, дзяцей. Я не магу 5 гадоў чакаць», — тлумачыць ён.
Калі ў Польшчы народзяцца дзеці, пойдуць у польскі садок, калі будзе пасьпяховая праца і добрыя побытавыя ўмовы, то мужчына мяркуе, што будзе прыяжджаць у Беларусь толькі ў госьці 1–2 разы на месяц.
«Як тады вяртацца, незразумела», — кажа Ігнат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі пашпарт як знак падазрэньня і небясьпекі. На каго крыўдаваць палітуцекачам, да якіх зь недаверам ставяцца на Захадзе«Яшчэ да пачатку вайны я сядзеў на валізках і чакаў»
Дзянісу Чашчэвіку з Горадні 37 гадоў. У Беларусі ён працаваў настаўнікам у школе, праграмістам у банку, потым езьдзіў на заробкі ў Польшчу. У 2020 годзе ў часе выбарчай кампаніі быў у Беларусі, браў удзел у пратэстах, яго затрымлівалі. Зьехаў разам зь сям’ёй у Польшчу ў канцы кастрычніка 2020 году празь перасьлед.
Сям’я знайшла жытло, спачатку было складана з садком для малодшага дзіцяці. Дзяніс зьмяніў некалькі працаў: быў дворнікам, рабіў на заводзе, езьдзіў на заробкі ў Нямеччыну. Сумяшчаў працу і грамадзкую актыўнасьць, дапамагаў беларусам, якія толькі пераехалі, вырашаць побытавыя пытаньні. Уладкаваўся таксістам улетку 2023 году, бо свабодны графік і лягчэй сумяшчаць сямейныя клопаты з працай.
Бярэ актыўны ўдзел у палітычных акцыях за мяжой, раней быў арганізатарам, аднак пасьля 2021 году менш удзельнічае ў жыцьці дыяспары праз канфлікты паміж удзельнікамі. Ходзіць на прэзэнтацыі беларускіх кніг, купляе іх, бярэ аўтографы ў аўтараў, наведвае беларускія гістарычныя лекцыі.
У Беларусі ў Дзяніса засталіся родныя і сябры. Празь іх ён падтрымлівае сувязь з радзімай. Прызнаецца, што шмат беларусаў перасталі зь ім кантактаваць пасьля 2020 году. Нягледзячы на тое, што амаль тры гады ня быў дома, надалей сочыць за падзеямі ў Беларусі.
«У нейкі момант стала цяжка чытаць пра тое, што адбываецца. Вельмі шмат людзей трапілі пад гэты каток. У людзей паламаныя лёсы, жыцьці... Зрабіў паўзу», — прызнаецца Дзяніс.
З-за мяжы Дзяніс дапамагаў беларусам у Беларусі. Пісаў лісты палітвязьням. Аднак потым лісты перасталі перадаваць, а сам ён ня мог падабраць словаў, пра што пісаць у турму. Удзельнічаў у зборы грошай для сем’яў на перадачы ў турму, на паслугі адвакатаў. Прымаў на першы час у сябе дома беларусаў, якія зьяжджалі з краіны.
Дзяніс і далей верыць, што дэмакратычныя зьмены ў Беларусі прыйдуць, бо нельга «перагарнуць старонку», аднак ня думае, што гэта адбудзецца неўзабаве. Сам ён пакуль не плянуе вяртацца ў Беларусь.
«Чым даўжэй чалавек за мяжой, чым даўжэй дзеці вучацца па польскай праграме, тым складаней іх будзе перавучыць. Ужо за гэтыя тры гады пэўныя людзі ўзялі крэдыты і купілі сабе кватэры», — разважае ён.
Ён мяркуе, што сям’і давядзецца пераяжджаць яшчэ далей.
«Яшчэ да пачатку вайны я сядзеў на валізках і чакаў, калі можна будзе вярнуцца (у Беларусь)», — кажа мужчына.
Аднак калі пачалася поўнамаштабная вайна ва Ўкраіне і зь беларускай тэрыторыі паляцелі ракеты, вырашыў, што ня будзе вяртацца ў краіну пад расейскай акупацыяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гісторык Захар Шыбека, які жыве ў Ізраілі: Новых гістарычных матэрыялаў пра Беларусь безьліч«Нашая місія і мэта — захаваць беларускую ідэнтычнасьць у выгнаньні»
Надзеі Салаўёвай 43 гады. У Магілёве яна вяла ўласныя курсы ангельскай мовы, была сябрам Партыі БНФ. Зьехала зь Беларусі ў Польшчу два гады таму, у канцы жніўня. Ейнага мужа праваабаронцу Зьмітра Салаўёва ў Беларусі асудзілі завочна ў справе «Вясны».
«Мы зьехалі выключна з палітычных прычын», — акрэсьлівае Надзея.
Сям’я пасялілася ў Беластоку. Больш за год Надзея ў Польшчы не працавала. Амаль адразу яна захацела стварыць у Беластоку беларускую пляцоўку, шукала для гэтага сродкі. Урэшце Надзея з паплечнікамі атрымала грант, які дазваляў арандаваць памяшканьне на паўгода. «Хаб» адкрыўся ў сьнежні 2022 году.
У «Хабе» праходзілі сустрэчы зь Зянонам Пазьняком, журналістам Зьмітром Лукашуком, бізнэс-сустрэчы. Ішлі грамадзкія праекты: курсы беларускай мовы «Мова нанова», продажы ручных вырабаў, варштаты беларускіх традыцыйных танцаў, сустрэчы «Паспалітага рушэньня». «Хаб» ініцыяваў курсы гісторыі для падлеткаў, музычна-тэатральны гурток, заняткі з праграмаваньня, групу псыхалягічна-крызіснай дапамогі.
«Нашая місія і мэта — захаваць беларускую ідэнтычнасьць у выгнаньні, падтрымаць грамадзкія ініцыятывы, якія апынуліся тут», — расказвае Надзея.
Яна спадзяецца, што іхная дзейнасьць дапаможа беларусам за мяжой «захаваць беларускасьць, культурнасьць, гістарычнасьць, нацыянальную самасьвядомасьць» у той час, калі ў Беларусі насаджваецца ідэалёгія «русского мира».
Каб пляцоўка магла існаваць далей, «Хаб» зь верасьня будзе даваць месца і камэрцыйным праектам. Плянуюць адкрыць невялікую крамку зь беларускімі таварамі і кнігамі. Грамадзкія праекты па-ранейшаму будуць ісьці бясплатна.
Надзея кажа, што падтрымлівае сувязь зь Беларусьсю, сочыць за падзеямі, працягвае кантактаваць са знаёмымі. На пытаньне, ці дапамагае яна беларусам у Беларусі, суразмоўца адмовілася адказваць. Кажа, што мела спадзеў на дэмакратычныя зьмены ў Беларусі толькі ў першыя тыдні пратэстаў.
«Цяпер ёсьць надзея. Але мне здаецца, што мы можам зьмяніць штосьці ў Беларусі толькі праз кроў, на жаль», — думае яна.
Суразмоўца кажа, што хоча вярнуцца ў Беларусь, калі гэта будзе бясьпечна. Праз 5 гадоў яна бачыць сябе хутчэй у Беластоку, бо мае там беларускую справу.
«Калі не было „Хабу“, справы, якую я люблю, заўзею душой, ведаю, як яе разьвіваць, то я ня ведала, чым займацца. Цяпер ёсьць справа, ёсьць людзі, якія дапамагаюць, ёсьць мэта захоўваць сябе як беларусаў, бо палякамі мы ніколі ня станем», — кажа Надзея.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Скандал у Беларускім моладзевым хабе. Бульба: Усё па законе. Лапко: Адбыўся рэйдэрскі захоп