Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторык Захар Шыбека, які жыве ў Ізраілі: Новых гістарычных матэрыялаў пра Беларусь безьліч


Захар Шыбека
Захар Шыбека

Захар Шыбека, дасьледнік гісторыі і культуры Менску і іншых беларускіх гарадоў XIX - пачатку XX стагодзьдзя, навуковыя кнігі якога сталі бэстсэлерамі, адзначае 75-годзьдзе. Ён поўны творчых памкненьняў і жаданьня дапамагчы сваім маладым беларускім калегам, якія, як і ён, жывуць цяпер у эміграцыі.

«Мяне запэўнівалі, што гісторыкі ў Ізраілі не запатрабаваныя»

— Адзінаццаць гадоў таму вы ажаніліся і пераехалі зь Менску ў Ізраіль. Якія самыя важныя рэчы для вас як дасьледчыка гісторыі Беларусі захапілі з сабой для працягу прафэсійнай працы ў эміграцыі?

— Я ня ехаў у Ізраіль займацца навукай, бо ня быў упэўнены, што знайду працу па спэцыяльнасьці. Мяне запэўнівалі, што гісторыкі ў Ізраілі не запатрабаваныя. Таму захапіў з сабой шыкоўны тэлевізар, які, праўда, тут не спатрэбіўся. Лепш бы прыхапіў свае кнігі. Добра, што хоць узяў з сабой ноўтбук. У Міністэрстве абсорбцыі мяне сустрэлі прыхільна, разгледзелі мае дакумэнты аб адукацыі і паабяцалі працу па спэцыяльнасьці.

Патрабаваліся толькі рэкамэндацыі ад вядомых гісторыкаў Ізраіля. Іх я атрымаў ад Леаніда Сьмілавіцкага і Шаўля Штампфэра. І толькі ўладкаваўшыся на працу ў навуковым Цэнтры дыяспары Тэль-Авіўскага ўнівэрсытэту, на працягу трох гадоў перавозіў свае архіўныя матэрыялы, уласныя манаграфіі і некаторыя кнігі з хатняй бібліятэкі. Тады гэта можна было рабіць без праблем.

«Ня страчваю надзеі, што сустрэнуся са сваім архівам і бібліятэкай у вольнай Беларусі»

— А што цяпер з вашым велізарным архівам па гісторыі Менску, які вы зьбіралі ці ня цэлае навуковае жыцьцё? І наагул, які лёс вашага сямейнага архіву і бібліятэкі? Ці служаць яны пасьля вашага ад’езду на карысьць беларускай гуманістыкі?

—Да эміграцыі я пасьпеў у значнай меры выкарыстаць сабраныя матэрыялы для напісаньня кніг і навуковых артыкулаў. Цяпер са мной у Ізраілі толькі тое, што тычыцца габрэяў Беларусі. На менскай кватэры дачкі засталіся нявыкарыстанымі матэрыялы пра Вільню, разбурэньне бальшавікамі старога Менску, захаваньне гістарычнай спадчыны беларускіх мястэчак. Над гэтымі тэмамі я пачаў працаваць, і яны маглі б перарасьці ў асобныя навуковыя манаграфіі, каб не эміграцыя. Частку хатняй бібліятэкі я перадаў бібліяфілу Сяргею Гуркову, які гандляваў кнігамі ў Таварыстве беларускай мовы. У сямейным зборы застаецца шмат кніг, у тым ліку з аўтографамі аўтараў, вельмі каштоўныя пратаколы паседжаньняў аддзелу гісторыі дасавецкага грамадзтва Інстытуту гісторыі АН БССР, якія я пісаў на пасадзе малодшага навуковага супрацоўніка, успаміны ўдзельнікаў вайны, сабраныя маімі студэнтамі, матэрыялы пра род Шыбекаў і Зарубіцкіх (па маці). Але дабрацца да іх пакуль немагчыма.

— Якіх крыніц інфармацыі, што засталіся цяпер недасяжнымі ў Менску, вам найбольш бракуе ў штодзённых штудыях, тых, якія былі б дасяжныя на адлегласьці выцягнутай рукі? Ці ёсьць вострае пачуцьцё незваротнага расстаньня зь імі, калі па немагчымасьці разгарнуць патрэбны фаліянт у патрэбны момант тужыш, як па немагчымасьці абняць каханую жанчыну?

— Мне іх вельмі не хапае, калі пішу аўтабіяграфію для сваіх дзяцей і для людзей. Але ня страчваю надзеі, што сустрэнуся зь імі ў вольнай Беларусі.

«Пра назапашаныя ў Беларусі матэрыялы можна забыцца»

— Пасьля пратэставага 2020 году сотні вашых маладзейшых беларускіх калегаў зазналі рэпрэсіі і пазбавіліся працы. Шмат хто вымушаны быў выехаць з радзімы. За мяжой для іх адкрытыя магчымасьці пісаць пра гісторыю Беларусі так, як яны яе бачаць. Але як ім абысьціся пры гэтым безь беларускіх архіваў? Што параіце ім з вашага досьведу?

— Вымушаная эміграцыя гісторыка зь Беларусі — усяго толькі бестэрміновая службовая выправа, калі ты знаходзіш працу па спэцыяльнасьці. Тады галоўнае — не марнаваць час, вывучаць мову краіны пражываньня і ўзбагачацца новымі матэрыяламі. Пра назапашаныя ў Беларусі матэрыялы можна забыцца. Празь нейкі час вы зразумееце, што вас прыцягвае новая тэма. А новых гістарычных матэрыялаў пра Беларусь безьліч. Дай Бог толькі ўсё сабраць. А там падасьпее і спрыяльны час для вяртаньня на радзіму і аб’яднаньня двух архіваў — замежнага і айчыннага. Урэшце, у вас будзе выбар, дзе працаваць і што свабодна дасьледаваць.

«А чаму не ў Ізраілі?»

— Разам з тым за мяжой у тых жа Вільні, Варшаве, Празе, Лёндане існуюць багатыя беларускія архівы, у сховішчах якіх дасьледчыкі могуць знайсьці сапраўдныя гістарычныя скарбы. Зноў жа, ці можаце падзяліцца з калегамі-эмігрантамі досьведам пошуку беларускага багацьця ў замежных архівах?

— Згодзен, што эмігранты могуць знайсьці ў Вільні, Варшаве, Празе, Лёндане невядомыя для сябе архіўныя скарбы. А чаму не ў Ізраілі? Я да паслуг тых, хто захоча займацца беларускай юдаістыкай — кансультацыі, навуковае кіраўніцтва.

«У Ізраілі не прынята жыць да 150 гадоў»

— Наша гутарка адбываецца напярэдадні вашага 75-годзьдзя. Зь якімі асабістымі творчымі набыткамі вы сустракаеце гэтую дату? Што задумалі рабіць на наступнае 75-годзьдзе?

— Ёсьць набыткі, ёсьць і нязьдзейсьненыя задумы. Галоўным набыткам лічу публікацыю першага тома калектыўнай манаграфіі «Гісторыя розьнічнага гандлю ў Беларусі», у якой я зьяўляюся навуковым рэдактарам і адным з аўтараў. Такі падарунак да 75-годзьдзя мне зрабілі мае суаўтары, амэрыканскія фундатары беларускага паходжаньня, і выдаўцы Сяргей Шупа, які падрыхтаваў кнігу да друку, і Вэсна Вашко, якая выдала гэтую кнігу ва ўласным выдавецтве «Вясна».

У Ізраілі не прынята жыць да 150 гадоў. Усе жадаюць дажыць да 120. Але 100-гадовыя ўжо нідзе ня ўлічваюцца, ні ў якай установе. Нібыта іх няма. Таму абмяжуюся 100-гадовым тэрмінам, бо трубіць на ўвесь Ізраіль, што я яшчэ жывы, у мяне тады ўжо ня будзе сілаў. А за 25 гадоў, якія засталіся, думаю пасьпець выдаць яшчэ другі і трэці тамы згаданай манаграфіі, завяршыць бэстсэлер «Казаньні ад Захара», узгадаваць і выправіць у людзі трох маіх сыночкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG