У Варшаве адбылася канфэрэнцыя «Новая Беларусь 2023». ТЭКСТ, ФОТА, ВІДЭА

6 жніўня ў Варшаве Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада разам правялі канфэрэнцыю «Новая Беларусь 2023». На ёй адкрыта абмяркоўваліся супольныя дасягненьні і няўдачы дэмакратычных сілаў за апошні час, а таксама далейшыя пляны і бачаньне будучыні Беларусі.

Канфэрэнцыя «Новая Беларусь 2023» пачалася з ушанаваньня ўсіх грамадзян, якія загінулі за свабоду Беларусі.

Пасьля хвіліны маўчаньня канфэрэнцыю адкрыла Сьвятлана Ціханоўская.

«Шлях да новай Беларусі можам прайсьці толькі разам»

«На гэтай канфэрэнцыі мы будзем гаварыць пра тое, якой павінна быць новая Беларусь і як да яе можна дайсьці. Якія рэформы трэба правесьці і як адрозьніць тых, хто ўчыняў злачынствы. Мы будзем гаварыць пра мэтады нашай барацьбы і спосабы падтрымкі нашых палітзьняволеных. Мы будзем разважаць, якімі павінны быць адносіны з суседзямі і як вярнуць Беларусь на мапу Эўропы», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская.

Як прайшла канферэнцыя «Новая Беларусь 2023». Фотарэпартаж

Яна падкрэсьліла, што шлях да новай Беларусі — справа не аднаго дня. «Цяжка сказаць, у якім пункце гэтага шляху мы знаходзімся — у канцы ці толькі на самым пачатку. Але на гэтым шляху не пазьбегнуць памылак, выгараньня і ўзаемных крыўдаў. Але мы асілім гэты шлях толькі разам», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская.

Да ўдзельнікаў канфэрэнцыі зьвярнулася старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла. Яна адзначыла, што беларусы, якія ў 2020 годзе выйшлі на вуліцы супраць дыктатарскага рэжыму, адрадзілі веру ў беларускую будучыню.

«Прыйдзе час, калі Беларусь стане той эўрапейскай дзяржавай, якой вы яе паказалі сьвету ў 2020 годзе, якой Рада БНР нарэшце зможа перадаць свой гістарычны мандат», — заявіла Івонка Сурвіла.

Але да гэтага моманту, паводле яе, яшчэ трэба змагацца.

«З волі нашага адвечнага ворага загарэлася зноў полымя вайны на нашай зямлі. І будзе яно гарэць, пакуль наш народ не зразумее, што прыйшоў час, калі нам трэба выйсьці шчыльнымі радамі, а не чакаць, пакуль маскоўскі зьвер і ягоны паплечнік у Менску зьнішчаць апошняга з нас», — адзначыла яна.

«Ня час змагацца за ўладу. Рада БНР ня можа дачакацца таго дня, калі зможа перадаць свой мандат вольнай дзяржаве Беларусь», — падкрэсьліла яна.

Івонка Сурвіла перакананая, што толькі салідарнасьць можа прывесьці да перамогі.

Удзельнікі канфэрэнцыі «Новая Беларусь 2023»

Дыскусія пачалася з абвяшчэньня пра небясьпеку для Ціханоўскай

Адразу пасьля выступу ў залі абвясьцілі, што паліцыя Польшчы атрымала паведамленьне пра небясьпеку для Сьвятланы Ціханоўскай. Ціханоўская вымушана пакінула памяшканьне, дзе адбываецца канфэрэнцыя, да моманту завяршэньня праверкі.

Усе ўдзельнікі засталіся ў залі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падчас канфэрэнцыі «Новая Беларусь» паступіла пагроза бясьпецы Ціханоўскай, яна пакінула канфэрэнцыю

«Калі ня мы, то хто?» Павал Латушка агучыў галоўныя мэты дэмакратычных сілаў

У рамках першай панэлі канфэрэнцыі яе ўдзельнікі абмяркоўвалі дасягненьні і няўдачы дэмакратычных сілаў Беларусі за апошні год, сцэнар пераменаў, на які працуюць дэмакратычныя сілы, і спосабы яго рэалізацыі, магчымыя дзеяньні для вызваленьня палітвязьняў, падвядзеньне вынікаў працы за год і высновы на будучыню.

Першым выступіў прадстаўнік у транзытным пэрыядзе Аб‘яднанага пераходнага кабінэту Беларусі Павал Латушка.

«Мы павінны зразумець галоўнае: ніхто, апрача нас, ня будзе весьці барацьбу за нацыянальныя інтарэсы нашай дзяржавы і краіны», — пачаў свой выступ Латушка.

Павал Латушка

Ён адзначыў, што цяпер сытуацыя ў Беларусі «яшчэ ў горшым стане, чым у 2020 годзе» — празь вялікую колькасьць палітвязьняў, сыстэматычныя рэпрэсіі, злачынствы рэжыму Лукашэнкі (удзел у агрэсіі супраць Украіны).

Ён прапанаваў вызначыць галоўнай мэтай дэмакратычных сілаў уступленьне ў Эўразьвяз, бо «саюзная дзяржава» — «інструмэнт паглынаньня Беларусі як дзяржавы».

Галоўныя мэты дэмакратычных сілаў, паводле Латушкі, цяпер такія:

  • адхіленьне Лукашэнкі ад улады,
  • перапыненьне саўдзелу Беларусі ў вайне супраць Украіны,
  • стратэгічная падтрымка Ўкраіны і яе перамогі,
  • вывад усіх расейскіх войскаў і базаў з тэрыторыі Беларусі,
  • выхад з «саюзнай дзяржавы», АДКБ, ЭўрАзЭс і іншых утварэньняў,
  • вызваленьне ўсіх палітвязьняў,
  • дапамога беларускім добраахвотнікам, а таксама актывістам і фармаваньням, якія дзейнічаюць у Беларусі,
  • стварэньне дзьвюх галоўных сілаў: унутранай (падпольнага руху) і зьнешняй (добраахвотніцкіх падразьдзяленьняў), замяшчэньне прадстаўнікоў рэжыму на міжнароднай арэне, прыцягненьне да адказнасьці Лукашэнкі.

Паводле яго, дзеля іх рэалізацыі пачалі ствараць адпаведныя інстытуты: Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб'яднаны пераходны кабінэт, Каардынацыйную раду, хоць, як прызнаў Латушка, пакуль «яны не эфэктыўныя і не адказалі на ўсе пытаньні, якія ставіліся ў мінулым годзе».

Прадстаўніца «Кібэрпартызанаў» Юльяна Шаметавец падчас свайго выступу падкрэсьліла, што цяпер галоўнае — вызваленьне ўсіх палітвязьняў, і прапанавала шукаць іншыя, розныя спосабы ціску на рэжым, як гэта робяць «Кібэрпартызаны» (і прывяла ў прыклад атаку на БДУ). Таксама яна заклікала падтрымліваць беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне, інфармацыйна і матэрыяльна.

Прадстаўніца «Кібэрпартызанаў» Юльяна Шаметавец

Прадстаўнік полку Каліноўскага Павал «Вільлі» Кухта заявіў, што, на ягоную думку, адзінай правільнай стратэгіяй будзе наступная пасьлядоўнасьць дзеяньняў дэмакратычных сілаў: «спачатку — дэакупацыя, знос рэжыму і падрыхтоўка мінімальна неабходных умоваў для правядзеньня выбараў, прычым менавіта ў такой пасьлядоўнасьці».

«Мы не патрабуем, каб вайсковы і палітычны кампанэнты сталі нечым адзіным, але трэба працаваць супольна. Цяпер гэтай зьвязкі не існуе. Азараў і Сахашчык ня справіліся з гэтай задачай», — заявіў Кухта.

Прадстаўнік полку Каліноўскага Павал «Вілі» Кухта

Таксама ён заклікаў фармаваць «нацыянальна-вызвольны рух» і заявіў, што полк Каліноўскага гатовы спрыяць яго фармаваньню і быць яго вайсковым цэнтрам. Кухта анансаваў канфэрэнцыю палку Каліноўскага ў Кіеве восеньню, каб абмеркаваць новую стратэгію змаганьня.

Крысьціна Рыхтэр, дарадца Сьвятланы Ціханоўскай па прававых пытаньнях, адзначыла, што вельмі цяжка працаваць з-за межаў Беларусі і адстойваць правы палітвязьняў.

Крысьціна Рыхтэр

«Мы ўсё яшчэ не ў Беларусі, і гэта галоўная няўдача. Вельмі складана працаваць там, дзе немагчыма атрымаць інфармацыю, што адбываецца зь зьняволенымі», — сказала Крысьціна Рыхтэр.

Яна дадала, што дагэтуль няма ніводнай завершанай справы ў межах унівэрсальнай юрысдыкцыі, хоць у розных краінах разглядаецца каля 40 спраў.

«Дагэтуль няма ордэру на арышт Лукашэнкі ці ягоных паплечнікаў», — адзначыла Крысьціна Рыхтэр.

На канфэрэнцыі паведамілі, што цяпер у Беларусі амаль 1800 палітвязьняў, у тым ліку 196 жанчын і 8 непаўналетніх.

У сваю чаргу, Іван Краўцоў, прадстаўнік штабу Віктара Бабарыкі, адзначыў, што да працэсу вызваленьня палітычных вязьняў мусяць далучыцца замежныя палітыкі, якія працягваюць сустракацца з прадстаўнікамі ўлады Беларусі, а таксама заходнія дыпляматы, якія ўсё яшчэ прысутнічаюць на беларускай тэрыторыі. «Яны мусяць гэта нагадваць», — сказаў ён.

Іван Краўцоў мяркуе, што больш акрэсьленая магчымасьць перамоў аб вызваленьні палітычных вязьняў зьявіцца пасьля завяршэньня вайны ва Ўкраіне і яе перамогі.

Месца Беларусі — у Эўропе

Другая панэль канфэрэнцыі была прысьвечаная зьнешняй палітыцы: адносінам Беларусі і Расеі, будучыні адносінаў Беларусі і Ўкраіны, а таксама эўрапейскай будучыні Беларусі. Яе ўдзельнікі абмяркоўвалі, ці патрэбная Беларусі інтэграцыя з Эўропай, якія ў гэтага пэрспэктывы, якія зьнешнепалітычныя крокі для гэтага неабходныя.

Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што Беларусь трэба «адарваць» ад Расеі і скасаваць усе пагадненьні, якія нелегітымная ўлада падпісала з Расеяй. Паводле яе, ужо цяпер выбудоўваюцца дачыненьні з эўрапейскімі структурамі.

«У больш чым у 20 нацыянальных парлямэнтах створаныя дэпутацкія групы па супрацы зь Беларусьсю. Яшчэ нядаўна многія зь іх працавалі з лукашэнкаўскім парлямэнтам. Але гэты час мінуў, і мы будзем прасіць гэтыя групы стаць нашымі лабістамі па вяртаньні Беларусі ў Эўропу», — сказала Сьвятлана Ціханоўская, адкрываючы другую дыскусійную панэль, прысьвечаную тэме «Ад саюзу з агрэсарам да новых магчымасьцяў: эўрапейскі выбар для Беларусі».

«Беларусы — эўрапейцы паводле свайго духу, культуры, гісторыі і каштоўнасьцяў. Беларусь без Эўропы немагчымая, і Эўропа — безь Беларусі, як і трывалы мір у нашым рэгіёне немагчымы без дасягненьня дэмакратыі і аднаўленьня закону», — перакананая Сьвятлана Ціханоўская.

Сьвятлана Ціханоўская вярнулася на канфэрэнцыю пасьля таго, як польская паліцыя праверыла памяшканьне і не знайшла ніякай небясьпекі для яе.

Валер Кавалеўскі, прадстаўнік Аб‘яднанага пераходнага кабінэту Беларусі ў міжнародных справах, дадаў, што ў 2020 годзе не стаяла пытаньне глябальнага выбару краіны. Гэты выбар абумовіла вайна Расеі ва Ўкраіне.

«Рэальнасьць, у якой мы жывём, — гэта Расея, якая спрабуе зьнішчыць наш сувэрэнітэт, якая спрабуе зьнішчыць нашу нацыянальную ідэнтычнасьць, зьмяць яе, каб мы пра яе забыліся, Расея, якая спрабуе інстытуцыялізаваць Беларусь у сваёй канфрантацыі зь міжнароднай супольнасьцю, з нашымі суседзямі», — сказаў ён.

Валер Кавалеўскі

Валер Кавалеўскі перакананы, што Беларусь павінна быць сябрам Эўразьвязу і мець партнэрскія дачыненьні з NATO, а магчыма, і сяброўства ў гэтай арганізацыі.

Валер Сахашчык, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі ў абароне і нацыянальнай бясьпецы, дадаў, што вонкавую стратэгію Беларусь павінна распрацоўваць з улікам іншых імаверных сцэнароў разьвіцьця сытуацыі ў рэгіёне пасьля завяршэньня вайны ва Ўкраіне, у тым ліку і такога, калі Ўкраіна страціць свае тэрыторыі, якія застануцца пад расейскім кантролем, — тады Расея толькі ўмацуе свой уплыў і экспансію ў Беларусь.

Валер Сахашчык

«У гэтым раскладзе зразумела, што Расея застанецца галоўным вайскова-палітычным гульцом ва Ўсходняй Эўропе, які будзе моцна ўплываць на падзеі. Хутчэй за ўсё, Эўропа, Захад зоймуць пазыцыю стрымліваньня, і ўсё. І задачы, якія мы перад сабой ставім, сур’ёзна ўскладняцца. І я б прапанаваў рыхтавацца менавіта да такіх падзей», — мяркуе ён.

У той жа час ён дадаў, што такі сцэнар не фатальны і трэба працаваць над тым, каб паслабіць пазыцыі Расеі ў Беларусі, дапамагаючы Ўкраіне перамагчы ў вайне. Валер Сахашчык таксама лічыць, што ня трэба чакаць, што дачыненьні з Расеяй удасца разарваць імгненна.

Анатоль Лябедзька, дарадца Сьвятланы Ціханоўскай па пытаньнях канстытуцыйнай рэформы і міжпарляменцкага супрацоўніцтва, адзначыў, што эўрапейскі выбар Беларусі варта замацаваць у Канстытуцыі.

«Эўрапейскасьць — гэта наш ген, наш код. Усё вырашаецца праз сумленныя выбары. Нам усім трэба папрацаваць, каб гэтая эўрапейскасьць была ў кожнай беларускай сям’і», — сказаў ён.

Анатоль Лябедзька

Андрэй Ягораў, сьпікер Каардынацыйнай рады, зьвярнуў увагу на тое, што рашэньне аб уступе Беларусі ў Эўразьвяз будзе ўхваляць беларускі народ, а сам працэс будзе працяглы. «Мы мусім падрыхтаваць цяпер гэты працэс», — мяркуе ён.

Аляксандар Мілінкевіч, палітычны і грамадзкі дзяяч, канцлер Вольнага беларускага ўнівэрсытэту, перакананы, што для Беларусі эўрапейскаму шляху разьвіцьця няма альтэрнатывы, а з Расеяй у будучыні Беларусь мусіць будаваць партнэрскія дачыненьні. Паводле яго, усе «саюзы» з Расеяй Лукашэнка выкарыстоўвае, каб атрымаць грошы на падтрыманьне сваёй улады.

Аляксандар Мілінкевіч

Новая Беларусь будзе беларускай і дэмакратычнай

На трэцяй панэлі абмяркоўвалі, чаго чакаюць беларусы ад будучыні краіны і наколькі бачаньне дэмакратычнымі сіламі «Новай Беларусі» адпавядае гэтым чаканьням, гаварылі пра будучыя рэформы ў краіне, каштоўнасьці і прынцыпы палітыкі, на якіх дэмакратычныя сілы плянуюць будаваць Новую Беларусь.

Прадстаўніца Аб‘яднанага пераходнага кабінэту Беларусі па нацыянальным адраджэньні Аліна Коўшык заявіла, што Новая Беларусь будзе беларускай і дэмакратычнай. «Але гэта не азначае, што мы будзем прадстаўляць Беларусь як этнаграфічны музэй», — падкрэсьліла яна.

«Наша дарога дадому яшчэ доўгая, як пісаў Быкаў, і мы ў гэтай дарозе з вамі, Але я перакананая, што гэтая дарога мае мэту. [...] Мы хочам пабудаваць сапраўды краіну, якая будзе мець гонар, эўрапейскую пэрспэктыву і будучыню», — сказала Аліна Коўшык.

Паводле яе, нельга зводзіць нацыянальнае адраджэньне толькі да разьвіцьця культуры, бо яна — частка кожнай сфэры жыцьця. «Беларусь павінна быць па каштоўнасьцях дэмакратычнай, мы павінны шанаваць гарызантальныя сувязі, нам трэба разьвіваць грамадзянскую актыўнасьць і, вядома ж, разьвіваць нашую культуру», – дадала яна і заклікала ўсіх ахвотных далучыцца да гэтай дзейнасьці.

Аліна Коўшык паведаміла аб падрыхтаванай праграме беларусізацыі, якая прадугледжвае пашырэньне выкарыстаньня беларускай мовы, аднаўленьне яе дзяржаўнага статусу і паступовы пераход на яе СМІ. Паводле Аліны Коўшык, падмуркам рэформаў стануць дэкамунізацыя, дэрусыфікацыя і дэімпэрыялізацыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская: «Прашу знайсьці на канфэрэнцыі „Новая Беларусь“ ідэі, якія наблізяць нас да перамогі»

Старшы экспэрт Цэнтру новых ідэй Генадзь Коршунаў паведаміў, што большасьць беларускіх грамадзян чакаюць зьменаў і гатовыя да рэформаў. «Але ніхто не працуе з будучыняй. Мы працуем як экспэрты, як дэмакратычная супольнасьць, пішам стратэгіі, распрацоўваем рэформы, але далей да грамадзтва гэта ня тое што не даходзіць, яно не накіравана на грамадзтва, таму што гэта ўсё вельмі абстрактна», — сказаў ён.

Паводле яго, такія абстракцыі, як дэмакратыя, рынак і нацыянальнае адраджэньне, трэба даводзіць да людзей у вельмі канкрэтных рэчах. «Патрэбна візуалізацыя будучыні, і тады будзе нашмат лягчэй працаваць», – мяркуе ён.

Удзельнікі панэлі адзначалі, што Беларусі неабходна зьменшыць залежнасьць ад расейскіх энэргарэсурсаў, разьвіваць «зялёную эканоміку», правесьці абавязковы аўдыт бясьпекі Беларускай АЭС, матываваць ініцыятыўнасьць грамадзян, каб кожны далучаўся і рабіў свой унёсак у пазытыўныя зьмены.

Пасьля дыскусіі плянуецца ўручэньне ўзнагародаў, падвядзеньне вынікаў канфэрэнцыі і фінальнае слова Сьвятланы Ціханоўскай.

У канфэрэнцыі бяруць удзел больш як 200 прадстаўнікоў трэцяга сэктару і 58 экспэртаў

Пытаньні да сьпікераў і ўдзельнікаў канфэрэнцыі можна задаваць у камэнтарах да трансьляцыі, мадэратары і вядоўцы будуць задаваць іх удзельнікам. Тым, хто знаходзіцца ў Беларусі, раяць у мэтах бясьпекі не рэпосьціць, ня лайкаць і не камэнтаваць этэр са сваіх пэрсанальных акаўнтаў.

Паводле папярэдніх зьвестак, у канфэрэнцыі «Новая Беларусь 2023» возьмуць удзел 158 прадстаўнікоў трэцяга сэктару і 58 экспэртаў, паведаміў BPN галоўны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка. Акрамя таго, паводле яго інфармацыі, чакаецца ўдзел 16 актывістаў, 10 прадстаўнікоў бізнэсу і 81 прадстаўніка мэдыясупольнасьці.

Запрашэньні на канфэрэнцыю адправілі 152 прадстаўнікам палітычных структур, а таксама 7 былым палітвязьням і чальцам сем'яў палітвязьняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Супольная праца паказала: мы можам дамаўляцца», — старшыня Каардынацыйнай Рады Андрэй Ягораў пра справаздачу чальцоў АПК

Перад канфэрэнцыяй больш за 50 палітыкаў і актывістаў правялі круглы стол у закрытым фармаце

У закрытай ад СМІ сустрэчы ў Варшаве ўдзельнічала больш за 50 «палітыкаў і актывістаў», паведаміла прэс-служба Ціханоўскай. Яны прадстаўлялі Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт, Каардынацыйную раду, «Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне», палітычныя партыі, рухі, фонды салідарнасьці, народныя амбасады, «Кібэрпартызан» ды інш. Падчас сустрэчы абмяркоўвалі пазыцыі і пляны дэмакратычных сілаў.

«Вынікі працы круглага стала прэзэнтуюць на канфэрэнцыі 6 жніўня», — паабяцала прэс-служба Ціханоўскай.