Літоўскія ўлады прызналі 910 беларусаў «пагрозай нацыянальнай бясьпецы». Пра гэта 4 жніўня паведаміла літоўская міграцыйная служба.
Свабода пагутарыла з беларусамі, якім Літва адмовіла ў дазволе на жыхарства ці анулявала яго. Пераказваем іхныя гісторыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва анулявала дакумэнты аб легалізацыі 910 грамадзянам Беларусі, якія нясуць пагрозу нацыянальнай бясьпецы краіны«Мая маці — літоўка»
29-гадовага былога памежніка Івана Страшкевіча 14 чэрвеня выклікалі на гутарку ў міграцыйную службу ў Вільні. Аднак пасьля размовы яго затрымалі і перавезьлі ў лягер для ўцекачоў у горадзе Пабрадзе за 50 кілямэтраў ад літоўскай сталіцы. Суд пастанавіў пакінуць там беларуса пад вартай на месяц, да 14 ліпеня.
Страшкевічу пагражалі дэпартацыяй у Беларусь. Зь яго словаў, прычынаю стала служба ў памежных войсках да 2019 году. Пасьля ад’езду зь Беларусі ў тым жа 2019-м Іван жыў у Польшчы і меў там дазвол на жыхарства. Затым перабраўся ў Літву. Пераезд тлумачыць тым, што ў Літве ягоныя карані, жывуць сваякі.
«Літоўскі Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі так патлумачыў маё затрыманьне: маўляў, я служыў памежнікам, у Беларусі засталіся мае бацькі, і празь іх на мяне могуць „націснуць“ і завэрбаваць мяне. Таму я небясьпечны для Літвы. Мая маці — літоўка, нарадзілася ў Літве і жыла там да 1988 году. Потым пераехала ў Беларусь. Таму ў Літве ў мяне шмат сваякоў. Я паехаў з Польшчы ў Літву, бо мне прапанаваў працу стрыечны брат», — кажа Іван.
Ён называе сытуацыю, якая здарылася, вельмі непрыемнай і крыўднай. «Мяне ня выслухалі, не пагаварылі са мной, забралі рэчы, сродкі сувязі, яшчэ адгаворвалі ад абскарджваньня рашэньня, бо я «небясьпечны», — кажа Страшкевіч.
На пачатку жніўня літоўскія памежнікі пасадзілі яго на самалёт да Варшавы. «Палякі сустрэлі мяне нармальна. Добра паставіліся. Ім спадабалася, што я размаўляю па-польску і мне ня трэба перакладнік. Я падаў дакумэнты на атрыманьне абароны, адмовіўся ад лягеру і цяпер у Беластоку», — дадаў Іван.
Ён ня лічыць рашэньне літоўскіх уладаў слушным, абскарджвае яго. «Гэта проста ненармальна — пісаць, што калі бацькі ў Беларусі, то празь іх могуць націснуць і завэрбаваць. Якая колькасьць беларусаў, якія выехалі з краіны, мае ў Беларусі бацькоў ці сваякоў? Выходзіць, усе яны патэнцыйныя агенты, шпіёны?», — кажа суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Некаторым супрацоўнікам Wargaming у Літве анулявалі дазвол на жыхарства. Журналісты даведаліся, за што
«Калі працавала на дзяржаўным прадпрыемстве, то магу быць завэрбаваная»
Вольга (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы з прычын бясьпекі. — РС) пераехала ў Літву усьлед за мужам, якога затрымала міліцыя на акцыі 10 жніўня 2020 году ў Менску. З словащ Вольгі, ён трапіў у ізалятар на Акрэсьціна. У 2021 годзе муж паехаў у Літву ў пошуках працы.
«Тым часам да нас прыйшлі зь ператрусам і сказалі, што на мужа завялі крымінальную справу. Зразумела, што вяртацца ў Беларусь яму не было як. Мы пачалі шукаць шляхі, як перабрацца да яго. Мы — бо ў нас двое малых дзяцей, чатыры і сем гадоў», — тлумачыць беларуска.
Пасьля пачатку расейскай агрэсіі ва Ўкраіне атрымаць візу ў ЛІтву стала складаней. Вользе зь дзецьмі ўдалося займець польскія, зь якімі жанчына прыехала да мужа. Расказвае, што знайшла працу і падала дакумэнты на атрыманьне дазвол на жыхарства «па працы».
«Мне адмовілі. Больш за тое — забаранілі ўезд у Літву на пяць гадоў. Тлумачэньні Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі былі такія, што я працавала на Беларускай чыгунцы, дзяржаўным прадпрыемстве, значыць, зазнавала ідэалягічную „апрацоўку“ і магу быць завэрбаваная», — кажа Вольга.
Жанчына дадае, што цяпер яна ў роспачы, бо ў Беларусь сям’я вярнуцца ня можа.
«Сытуацыя складаная. Мы пакуль ня ведаем, што будзем рабіць. Але рашэньне будзем абскарджваць. Пакуль спадзяемся, што да нашых аргумэнтаў на абскарджаньні прыслухаюцца. Адвакат кажа, што шанцы ў нас ёсьць», — дадала Вольга.
«Беларускія спэцслужбы, якія дзейнічаюць насуперак інтарэсам Літвы, могуць выкарыстоўваць грамадзян сваёй краіны, якія раней працавалі на дзяржаўнай службе... Асабісты інтарэс асобы ня можа быць прызнаны больш прыярытэтным, чым нацыянальная бясьпека Літвы», — напісалі ў рашэньні чыноўнікі літоўскай міграцыйнай службы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Плынь эміграцыі зь Беларусі не зьмяншаецца, яна толькі расьце». Размова з кіраўніцай Дэпартамэнту міграцыі Літвы
«11 гадоў я быў бясьпечны для Літвы і тут раптам нясу пагрозу»
Віталь Дварашын з 2012 году працуе на літоўскую фірму «дальнабойнікам». Кожныя два гады ён працягваў дазвол на жыхарства ў Літве. Езьдзіў у Беларусь, бо там у яго сям’я. Усе гады запаўняў неабходныя дакумэнты на атрыманьне ДНЖ. Кажа, што ня меў ніякіх праблемаў.
«Дазвол на жыхарства я меў да лютага 2024 году. У сьнежні 2022 году падаў дакумэнты на замену працадаўцы, бо перайшоў працаваць на іншую фірму. Доўга не было адказу. У сакавіку атрымаў ліст зь міграцыйнай службы аб тым, што мой дазвол на жыхарства ануляваны. Прычына — я „небясьпечны для нацыянальнай бясьпекі Літвы“. Бо ў 1990 годзе я скончыў вайсковую вучэльню і потым восем гадоў праслужыў афіцэрам», — патлумачыў Віталь.
Суразмоўца дадае, што служыў у войску дваццаць гадоў таму і ніколі не хаваў гэтага ад літоўскіх міграцыйных службаў.
«Заўсёды пісаў гэта ў анкеце на дазвол на жыхарства. Усе гады ніхто не зьвяртаў увагі. Цяпер трохі зьмянілася сама анкета. Там яшчэ трэба адказаць на пытаньні „Чый Крым“ і „Ці падтрымлівае расейскую агрэсію“. Вядома, я не падтрымліваю расейскую агрэсію!», — абураецца беларус.
Ён вырашыў абскардзіць рашэньне міграцыйнай службы. У чэрвені Віталь выйграў суд першай інстанцыі, там пастанавілі вярнуць беларусу дазвол на жыхарства і скасаваць забарону на ўезд у ЭЗ. Аднак Міграцыйная служба і Дэпартамэнт бясьпекі падалі апэляцыю.
«Я чытаў іхныя аргумэнты — суд няправільна вынес рашэньне, суд мусіць выносіць тое рашэньне, якое лічыць патрэбным Дэпартамэнт бясьпекі», — сьцьвярджае Віталь.
Пакуль апэляцыйны судовы працэс працягваецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва сёлета адмовіла 309 беларусам у выдачы дазволу на жыхарства з прычыны «пагроз бясьпецы»
«Лічаць, што я нясу пагрозу і мушу вярнуцца на Кубу»
Літва таксама адмовіла ў статусе ўцекача грамадзяніну Кубы, які з 90-х жыў у Беларусі, былому палітвязьню Рабэрту Касануэва. У 2020 ён падтрымаў беларускія пратэсты, трапіў на Акрэсьціна, дзе правёў 13 месяцаў, быў дэпартаваны ў Расею. Кубінца таксама пазбавілі беларускага дазволу на жыхарства. Рабэрта ня згодны з рашэньнем літоўскіх уладаў і падаў скаргу ў суд з дапамогай адваката.
«Літоўскія ўлады ня лічаць, што мне пагражае небясьпека. Яны лічаць, што Расея, Куба — бясьпечныя для мяне краіны. Але ж ува ўсіх трох краінах, у тым ліку ў Беларусі — дыктатура. Я жыў усё жыцьцё паводле сваіх прынцыпаў і хачу так жыць далей. Я супраць дыктатарскіх рэжымаў. Я супраць Лукашэнкі, супраць вайны ва Ўкраіне. І хачу дапамагаць людзям наколькі мага. Я ўдзельнічаў у беларускіх пратэстах. Цяпер дапамагаю як валянтэр штабу Сьвятланы Ціханоўскай, раблю розныя публікацыі. Я не маўчу, я кажу праўду. Выходзіць — мне бясьпечна будзе на Кубе ці ў Расеі? У Беларусь я не магу вярнуцца так ці гэтак. У мяне забарона на тры гады. Але і Расея мне для чаго? Я да яе ня маю ніякага дачыненьня!», — кажа Рабэрта.
Ён дадаў, што яму пагражае вяртаньне на Кубу. Рабэрта спадзяецца, што абскарджаньне рашэньня ў судзе дапаможа яму застацца ў Літве.
У Дэпартамэнце міграцыі пры МУС Літвы не камэнтуюць пэрсанальных выпадкаў ануляваньня ДНЖ. Кіраўніца Дэпартамэнту міграцыі Эвэліна Гудзінскайце паведаміла, што з 24 лютага 2022 году беларускія грамадзяне атрымалі каля 60 тысяч дазволаў на жыхарства і візаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпартаванаму беларускаму кубінцу не далі статус палітуцекача ў Літве. Грошы на адваката яму сабралі за некалькі гадзін- Літоўскія ўлады прызналі 910 беларусаў «пагрозай нацыянальнай бясьпецы».
- Дазволы на жыхарства адмовіліся выдаць 337 беларусам, не працягнулі іх 121 чалавеку.
- 205 беларусам анулявалі дазволы на жыхарства.
- Двум беларусам адмовілі ў выдачы дазволу на сталае жыхарства, у чатырох такія дакумэнты былі адкліканыя.