Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі палітуцякач абвясьціў галадоўку пад Дэпартамэнтам міграцыі Літвы


Арцём Ярмак ля Дэпартамэнту міграцыі Літвы. Вільня, 18 траўня 2023
Арцём Ярмак ля Дэпартамэнту міграцыі Літвы. Вільня, 18 траўня 2023

Фігурант справы аб «падпале дома Гайдукевіча» Арцём Ярмак 17 траўня распачаў галадоўку і адзіночны пікет, бо ня можа атрымаць паўнавартаснай легалізацыі ў краіне.

У Літве ўжо 15-ы месяц Арцём Ярмак чакае дазволу на жыхарства, кажа, што ягоную справу ігнаруюць, піша «Белсат». Паводле яго, у Дэпартамэнце міграцыі спасылаюцца на загружанасьць ад наплыву ўцекачоў, але ён ня верыць: справы людзей, якія падаваліся пазьней, ужо разгледзелі.

18 траўня Арцём Ярмак працягваў галадоўку, нягледзячы на тое, што міграцыйная служба Літвы дала яму адказ праз тэлефон і пісьмова.

«У маёй справе 17 траўня ўжо далі адказ, і я разумею, што я, як былы супрацоўнік МУС і вязень СІЗА КДБ, магу выклікаць пытаньні, што патрэбная дадатковая праверка. Я з гэтым згодны. Але ёсьць і іншыя факты, калі зацягваюць разгляд заяваў беларусаў на атрыманьне дазволу на жыхарства да 12 і нават 18 месяцаў. У мяне 15-ы месяц ідзе. Таму я хачу, каб у Літве зьвярнулі на нас увагу. Калі сканчаць сваю акцыю, я яшчэ ня вырашыў», — паведаміў Свабодзе Арцём Ярмак.

Ён расказаў, што да яго прыходзяць іншыя беларусы, каб падтрымаць. Начаваць ён зьбіраўся ў намёце, але мэрыя забараніла, то на ноч ён зьбіраецца ў кватэру.

Плякат Арцёма Ярмака перад Дэпартамэнтам міграцыі Літвы
Плякат Арцёма Ярмака перад Дэпартамэнтам міграцыі Літвы

Гісторыя Арцёма Ярмака

13 жніўня 2021 году сілавікі схапілі два дзясяткі чалавек і зьмясьцілі іх у сьледчы ізалятар Камітэту дзяржаўнай бясьпекі ў сувязі з заявамі дэпутата Алега Гайдукевіча аб нібыта спробе падпалу яго дома (ад якога ніхто не пацярпеў). Сярод затрыманых быў і Арцём Ярмак — яго падазравалі ў тым, што ён «даваў парады ў пытаньнях падпалу».

Праз 109 дзён Арцёма вызвалілі пад «абавязаньне аб яўцы». Ён уцёк зь Беларусі: расказвае, што ішоў лясамі 30 км, начаваў у лесе пры тэмпэратуры −7 °С, праваліўся пад лёд на балоце, але 17 сакавіка 2022 году ўсё ж дабраўся да Літвы, яму нават дапамаглі памежнікі — адагрэлі ў машыне, піша «Белсат».

У сакавіку сёлета справу пачалі разглядаць у судзе: 18 абвінавачаных і 14 крымінальных артыкулаў, у тым ліку «Акт тэрарызму» і «Змова з мэтай захопу ўлады». Пра справу Ярмак ня хоча расказваць падрабязнасьцяў да заканчэньня суду, каб выпадкова не нашкодзіць падсудным.

Праваабаронцы DissidentBy уключылі Ярмака ў лік палітвязьняў, але іншыя праваабарончыя арганізацыі, як «Вясна», такога статусу яму не давалі (але і не адмаўлялі ў ім — праваабаронцы могуць доўга разглядаць справы з абвінавачаньнямі ў гвалтоўных дзеяньнях).

У матэрыялах DissidentBy згадваецца, што Ярмак служыў у Міністэрстве ўнутраных спраў і ў 2012 годзе быў звольнены за «парушэньні ўмоў кантракту». Гэта пацьвярджаецца зьвесткамі з базаў, скрадзеных у сілавікоў «Кібэрпартызанамі».

Ярмак падаў у Літве дакумэнты на статус уцекача і на сталы дазвол на жыхарства. Да справы ён прыклаў сваю крымінальную справу, фота зь мітынгу, дзе адлюстраваны канфлікт з байцамі АМАПу, запоўніў анкету, прайшоў гутарку ў Дэпартамэнце міграцыі — і далей не было нічога, хоць паводле закону справу абавязаныя разгледзець на працягу шасьці месяцаў з дня падачы хадайніцтва.

Пакуль ён знаходзіцца ў Літве легальна — з картай аб чаканьні легальнага статусу. Фармальна такая карта дае дазвол на працу, але фактычна выходзіць, што на працу зь ёю нідзе не бяруць, наракае Ярмак. Ён кажа, што ад немагчымасьці знайсьці працу ня можа нармальна харчавацца і глядзець за сваім здароўем.

Дэпартамэнт міграцыі Літвы даў пісьмовы адказ на запыт «Белсату» — патлумачыў, што ня можа камэнтаваць справы канкрэтных людзей з прычыны прынцыпаў абароны прыватнай інфармацыі.

У ведамстве, аднак, зьвярнулі ўвагу на тое, што ў апісаным выпадку нельга сказаць, што адсутнічае свабода перамяшчэньня: асобаў, якія чакаюць статус уцекача, могуць затрымаць толькі па рашэньні суду, а калі такога рашэньня няма, то любы, хто чакае прытулку, можа перамяшчацца па тэрыторыі Літвы. Заяўнік можа пасяліцца там, дзе хоча, і нават можа атрымаць часовае жыльлё за кошт дзяржавы. Акрамя таго, як падкрэсьлілі ў ведамстве, заяўнік мае права на працу, калі ягоная заява аб прытулку не была разгледжана на працягу шасьці месяцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG