Свабода атрымала эксклюзіўны спадарожнікавы здымак палігону «Рэпішча» пад Асіповічамі ад 31 ліпеня 2023 году. Ён месьціцца за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
Можна заўважыць узьвядзеньне шматлікіх фартыфікацыяў, магчыма, зямлянак. Каля іх відаць аб’екты, падобныя да легкавых аўтамабіляў і сьветла-шэрых мікрааўтобусаў УАЗ (так званых «буханак»), працуюць бульдозэры.
29 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі заявіла пра сумесныя вучэньні на гэтым палігоне 51-й артылерыйскай брыгады разам з «інструктарамі ПВК „Вагнэр“». Паведамлялі пра выкананьне «агнявых задачаў з выкарыстаньнем квадракоптэраў».
Ня так даўно ў адным з тэлеграм-каналаў, зьвязаным з наймітамі «Вагнэра», зьявілася відэа, на якім бачнае будаўніцтва ляснога ўмацаванага лягеру. Зямлянкі там абсталяваныя невялікімі печкамі, таму лягер можа быць прыдатны для жыцьця ў халодную пару году. Вызначыць месца здымак больш дакладна не ўдалося.
На асобных стаянках ёсьць будаўнічая тэхніка, а таксама плятформы для яе перавозкі. Гэтыя плятформы цалкам супадаюць колерамі з тымі, што былі на відэа тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга», якое раней вэрыфікавала Свабода. Яно зьнята на бабруйскай аб’язной трасе, калі калёна перасякала раку Бярэзіну. Машыны тады рухаліся да вёскі Цэль, але цалкам верагодна, што маглі да яе не даехаць, а збочыць на дарогу да палігону «Рэпішча».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня менш за 750 адзінак тэхнікі знаходзіцца ў лягеры вагнэраўцаў каля Асіповічаў. ФОТА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Двухкілямэтровая калёна тэхнікі прыехала ў лягер у вёсцы Цэль. Спадарожнікавы здымак ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як наёмнікі ПВК «Вагнэр» трапілі ў Беларусь. Хроніка асноўных падзей ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спадарожнікавы здымак, падобна, зафіксаваў прыезд наймітаў «Вагнэра» ў лягер пад вёскай Цэль
Што важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі
- «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
- Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
- Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
- Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
- 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
- Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
- 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
- Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
- 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
- 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.