Сталы прадстаўнік Украіны пры ААН Сяргей Кісьліца заявіў, што з пачатку расейскага ваеннага ўварваньня Расея толькі з Данецкай і Луганскай абласьцей вывезла ў Беларусь пад выглядам «аздараўленьня» тры тысячы ўкраінскіх дзяцей.
Як паведаміла ўкраінскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Укрінформ, Сяргей Кісьліца падкрэсьліў, што ўкраінскіх дзяцей «падвяргаюць антыўкраінскай індактрынацыі і прапагандзе, накіраванай на выхаваньне нянавісьці да Ўкраіны, яе мовы, культуры і гісторыі».
Паводле прадстаўніка Ўкраіны ў ААН, Расея вывозіць дзяцей з усіх акупаваных тэрыторый Украіны.
Гэтая заява Ўкраіны прагучала на Радзе Бясьпекі ААН, якая 26 ліпеня правяла адразу два пасяджэньні — адно на патрабаваньне Расеі аб нібыта перасьледзе ва Ўкраіне расейскага праваслаўя, а другое — на патрабаваньне Ўкраіны аб абстрэле Расеяй гістарычнага цэнтру Адэсы і портавай інфраструктуры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракуратура Ўкраіны пачала расьсьледаваньне ў сувязі з удзелам Беларускага Чырвонага Крыжа ў перамяшчэньні дзяцей23 ліпеня генэральны пракурор Ўкраіны Андрэй Косьцін паведаміў аб пачатку расьсьледаваньня ў сувязі з удзелам Беларускага Чырвонага Крыжа ў перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі.
19 ліпеня міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заклікаў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаць ордэр на арышт генэральнага сакратара Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзьмітрыя Шаўцова, які ў эфіры тэлеканалу «Беларусь-1» прызнаўся, што арганізацыя бярэ ўдзел у вывазе дзяцей з Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзіцячы амбудсмэн РФ абмеркавала зь беларускім амбасадарам далейшую дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Беларусь- 17 сакавіка Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна Марыі Львовай-Бяловай за незаконную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны.
- Кіеў кваліфікуе падобную практыку як незаконнае перамяшчэньне. Офіс генпракурора Ўкраіны пачаў крымінальнае вядзеньне па факце «прымусовай дэпартацыі больш як 19 тысяч дзяцей» з акупаваных тэрыторый Данбасу, Луганскай, Запароскай, Херсонскай і Харкаўскай абласьцей, у тым ліку ў Беларусь.
- У канцы красавіка ПАРЭ прыняла рэзалюцыю, якая тычыцца прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей і дарослых у Расею. У ёй адзначаецца, што згодна з нормамі міжнароднага права прымусовая дэпартацыя — гэта прыкмета генацыду, таму ўсе выпадкі павінны расьсьледавацца, а ўсе, хто мае да іх дачыненьне, — панесьці адказнасьць.
- У канцы чэрвеня НАУ перадала пракурору Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе Карыму Хану доказы ваенных злачынстваў у выглядзе незаконнага перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый у Беларусь. Паводле матэрыялаў дасье, у пэрыяд зь верасьня 2022 году па цяперашні час у Беларусь з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны вывезьлі больш за 2100 дзяцей.