Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латушка расказаў, на каго перадалі матэрыялы ў Гаагу ў сувязі зь незаконным перамяшчэньнем украінскіх дзяцей у Беларусь


Будынак Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе, архіўнае фота
Будынак Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе, архіўнае фота

27 чэрвеня «Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне» (НАУ) перадало пракурору Міжнароднага крымінальнага суду (МКС) у Гаазе доказы ваенных злачынстваў у выглядзе незаконнага перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый у Беларусь і іх «пераадукацыі».

Як паведаміў кіраўнік «НАУ» Павал Латушка, згодна з дакумэнтамі, да вышэйназваных злачынстваў датычныя Аляксандар Лукашэнка, дзяржсакратар «саюзнай дзяржавы» Дзьмітры Мезенцаў, гендырэктар «Беларуськалію» Іван Галаваты, паралімпіец Аляксей Талай і дырэктарка данецкай грамадзкай арганізацыі для дзяцей-інвалідаў «Дэльфіны» Вольга Волкава.

Паводле Латушкі, перададзеныя пракурору МКС матэрыялы сьведчаць пра тое, што Лукашэнка асабіста падпісаў дакумэнты арганізацыйна-распарадчага характару пад шырмай так званай «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі, на падставе якіх быў арганізаваны і прафінансаваны вываз украінскіх дзяцей у Беларусь.

Паводле прадстаўленых пракурору МКС матэрыялаў, у пэрыяд зь верасьня 2022 году па цяперашні час вядзецца арганізаваны і сыстэматычны вываз украінскіх дзяцей у Беларусь з 15 акупаваных Расеяй украінскіх гарадоў: Данецк, Марыюпаль, Валнаваха, Ясінаватая, Янакіева, Сьнежнае, Харцыск, Горлаўка, Макееўка, Камунараўка, Дэбальцава, Ілавайск, Антрацыт, Равянькі, Каменка-Дняпроўская. На сёньняшні дзень у Беларусь вывезьлі больш за 2100 дзяцей.

У дакладзе зафіксаваныя падрабязныя маршруты і спосабы перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей: з акупаваных тэрыторый Украіны іх накіроўвалі на тэрыторыю Расеі (у Растоў-на-Доне), а далей — у Беларусь (у Менск і да месцаў разьмяшчэньня). Іх разьмяшчалі ў лягерах «Зубраня», «Дубрава», санаторыях «Волма», «Астрашыцкі гарадок», «Залатыя пяскі».

Найбольшую колькасьць дзяцей, згодна з дакладам, вывезьлі ў лягер «Дубрава», што належыць кампаніі «Беларуськалій». Суду прадставілі доказы таго, што кіраўнік «Беларуськалію» Іван Галаваты асабіста аддаваў у пісьмовым выглядзе распараджэньні, якія вызначалі лёс гэтых дзяцей у Беларусі. Таксама суду перадалі сьведчаньні пра ключавую ролю Мезенцава, Талая і Волкавай у незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей у Беларусь.

Згодна з матэрыяламі дакладу, устаноўлена, што на тэрыторыю Беларусі незаконна перамяшчаюць украінскіх дзяцей, якія знаходзяцца пад апекай украінскай дзяржавы: сіротаў, дзяцей з інваліднасьцю, дзяцей, чые бацькі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў.

«НАУ» таксама ўстанавіла выпадкі несыстэмнага арганізаванага вывазу ўкраінскіх дзяцей у Беларусь да верасьня 2022 году.

Лукашэнка пракамэнтаваў абвінавачаньні ў незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей у Беларусь

Выступаючы на цырымоніі ўручэньня генэральскіх пагонаў 27 чэрвеня, Лукашэнка пракамэнтаваў абвінавачаньні ў ягоны адрас.

«Зь дзецьмі. Слухайце, трэба быць варʼятамі... Лахушка гэты (так Лукашэнка называе кіраўніка „Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня“ Паўла Латушку — рэд.) гэтую кампанію са сваімі пачаў: мы дзяцей „крадзем“, — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба. — (...) Мяне ўжо ў [Міжнародны] крымінальны суд за гэта. Гэта мярзотнікі далей няма куды».

Ён пацьвердзіў, што арганізацыяй «аздараўленьня і рэабілітацыі» ў Беларусі дзяцей Данбасу займаецца праўладны грамадзкі дзеяч Аляксей Талай.

  • 12 чэрвеня НАУ перадала пракурору Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе Карыму Хану першую частку падрыхтаванага дасье па фактах злачынстваў, зьвязаных зь незаконным перамяшчэньнем украінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі.
  • У канцы красавіка ПАРЭ прыняла рэзалюцыю, якая тычыцца прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей і дарослых у Расею. У ёй адзначаецца, што згодна з нормамі міжнароднага права прымусовая дэпартацыя — гэта прыкмета генацыду, таму ўсе выпадкі павінны расьсьледавацца, а ўсе, хто мае да іх дачыненьне, панесьці адказнасьць.
  • Арганізацыя па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (АБСЭ) кваліфікавала вываз украінскіх дзяцей як ваеннае злачынства. У траўні СМІ паведамлялі, што Ўкраіна расьсьледуе меркаваную ролю Беларусі ў гвалтоўным перамяшчэньні дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый.
  • У сакавіку Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна ў сувязі з падазрэньнямі ў ягонай датычнасьці да незаконнай дэпартацыі дзяцей з Украіны ў Расею.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG