Пра тое, што грамадзянка Ўкраіны Натальля Захаранка зьнікла пасьля перасячэньня польска-беларускай мяжы, Свабодзе расказалі знаёмыя жанчыны.
«Зь ёй няма сувязі прынамсі з 17 ліпеня. Тэлефоны — беларускі і ўкраінскі — не адказваюць. Да гэтага часу яна рэгулярна езьдзіла ў Беларусь праз Польшчу», — паведаміў Свабодзе адзін зь іх.
Па словах суразмоўцы, да 2021 году Натальля Захаранка рэгулярна езьдзіла ў Беларусь. Там яна гандлявала на гомельскім рынку. Прадавала прыправы, туалетную паперу, гарчыцу і іншыя ўкраінскія харчовыя і прамысловыя тавары.
«На нашым рынку „Цэнтральным“ яе ўсе ведалі, але гады два яна ўжо не зьяўлялася. Зразумела, чаму. Ідзе вайна, мяжа на замку, нявыгадна вазіць праз Польшчу тыя ж спэцыі і розную драбязу. З Гомля яна везла ў Чарнігаў беларускія прадукты — аўсянку, згушчанае малако і іншае», — пракамэнтавала Свабодзе на ўмовах ананімнасьці Марына (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі. — РС), якая гандлюе на гомельскім рынку і цяпер.
Вядома таксама, што Натальля Захаранка езьдзіла ў Мазыр да сястры. Таксама яна брала па дарозе перадачы, дакумэнты, дапамагала перасякаць мяжу іншым людзям — з Украіны праз Польшчу ў Беларусь і назад. У тэматычных чатах перавозак яна пакінула шмат абвестак. Людзі актыўна карысталіся яе паслугамі.
«Еду ў Беларусь, вазьму перадачы, пасажыраў, катоў і сабак»
Адна з апошніх абвестак Натальлі ў адмысловым чаце — пра тое, што 10 ліпеня яна едзе з Чарнігава ў Мазыр праз Луцк, Роўна, Жытомір, польскія гарады і Берасьце. Яна прапаноўвала ўзяць пасажыраў, перадачы, пасылкі, дакумэнты, катоў і сабак. Назад украінка зьбіралася ехаць 21 ліпеня. І прапала.
«Яна 13 ліпеня адпраўляла пасылку маім бацькам, мы былі на сувязі. Тады яшчэ было ўсё добра», — піша адна з карыстальнікаў чату.
«15 ліпеня я зь ёй перапісвалася. Але 20 ліпеня я мусіла перадаць пасылку, але яе ніхто не забраў», — удакладняе іншая карыстальніца.
Таксама, паводле паведамленьняў у чаце, Натальля абяцала забраць пасажыраў зь Беларусі ва Ўкраіну, чаго таксама не адбылося.
Перадачамі, пасылкамі і пасажырамі зь Беларусі ва Ўкраіну і назад Натальля займалася з 2022 году. Сваякі жанчыны, якія жывуць у Чарнігаве, восем дзён ня маюць аніякай інфармацыі пра яе месцазнаходжаньне.
«Яна не выходзіць на сувязь, мы ня ведаем, дзе яна і што зь ёй здарылася», — паведамілі яны ў размове са Свабодай.
Суразмоўцы Свабоды дапускаюць, што жанчыну маглі затрымаць сілавікі, якіх зацікавілі яе частыя паездкі з Чарнігава ў Мазыр. У Мазырскім ІЧУ і Гомельскім СІЗА на пытаньні Свабоды аб магчымым арышце ўкраінкі адказваць адмовіліся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лягер ля Асіповічаў увесь час пашыраецца». Родныя вагнэраўцаў расказваюць пра іх жыцьцё пасьля мяцяжу і знаходжаньне ў БеларусіШто з украінцамі, затрыманымі ў Беларусі?
У пачатку ліпеня з гомельскага ІЧУ вызвалілі двух украінцаў, затрыманых у траўні па дарозе дадому, у Луганскую вобласьць. Іх пратрымалі каля 2 месяцаў у ізалятары безь ніякіх абвінавачаньняў і забаранілі ўезд у Беларусь.
19 студзеня ў Віцебску затрымалі ўкраінца Андрэя Шмая. Ягоная маці Ірына Шмай жыве ў Чарнігаве. Яна доўгі час не магла даведацца, куды падзеўся сын, за што і хто яго затрымаў. На тэлеканале АНТ выйшаў прапагандысцкі фільм, дзе Андрэя паказалі як «шпіёна» ці «агента». Як расказалі ў стужцы, Шмай нібыта зь верасьня рэгулярна адпраўляў інфармацыю ва Ўкраіну праз мэсэнджар Signal. Брат Андрэя служыць ва Ўкраіне памежнікам.
У студзені 2023 году ў Кобрыні быў затрыманы 23-гадовы Арцём Макавей, таксама грамадзянін Украіны. Ягоная маці Іна прыяжджала ў Беларусь, каб знайсьці сына.
«Бо ён проста прапаў, і ўсё. Але ні ў КДБ, ні ў СІЗА мне ніхто нічога не сказаў, не адказаў. Проста сядзіць, бо ўкраінец?» — казала раней Іна Свабодзе.
Цяпер яна даведалася, што сына абвінавацілі паводле артыкулу 358 КК («Агентурная дзейнасьць»). Але маці ня верыць у такія абвінавачаньні. У чэрвені Арцёму працягнулі тэрмін расьсьледаваньня на тры месяцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ўлады ліквідуюць арганізацыю ўкраінскай дыяспары ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусаў, якія праз балоты кантрабандай везьлі цыгарэты ва Ўкраіну, вернуць дамоў па рэадмісіі