Сваякі тых, хто ўвайшоў у склад ПВК «Вагнэр» — як прафэсійных наймітаў, гэтак і былых зьняволеных — кажуць, што пасьля гэтага яны амаль месяц ня ведалі, дзе іх родныя і што зь імі адбываецца: у іх адабралі тэлефоны і дакумэнты.
Пасьля таго як іх сваякі выйшлі на сувязь, пацьвердзілася інфармацыя, што ПВК скарацілі. Вопытныя кантрактнікі і завэрбаваныя «Вагнэрам» «з волі» працягнулі кантракты і ўжо зьехалі ці рыхтуюцца зьехаць у Беларусь. Па іх словах, ім абяцаюць вайсковую падрыхтоўку на беларускіх палігонах, а затым удзел у войнах у Сырыі і Афрыцы. Пацьвердзілася і тое, што завэрбаваныя ў расейскіх калёніях разьехаліся па дамах, прычым многім зь іх «даравалі тэрміны» раней, чым абяцалі пры вярбоўцы. Частка гэтых наймітаў скардзяцца, што так і не атрымалі выплат за раненьні ці поўную суму «зарплаты».
Журналісты праекту Радыё Свабода «Сибирь. Реалии» паразмаўлялі са сваякамі вагнэраўцаў і высьветлілі, што цяпер адбываецца з наймітамі.
«Лягер у раёне Асіповічаў. Кажа, што пастаянна пашыраецца»
Амаль месяц пачынаючы з 24 чэрвеня ў чатах, створаных сваякамі вагнэраўцаў, іх жонкі і сёстры скардзіліся, што ня ведаюць, дзе знаходзяцца мужчыны, калі вернуцца і ці вернуцца наогул. Толькі ў мінулую нядзелю зьявіліся першыя паведамленьні: «Мой адтэлефанаваўся». Як высьветлілася, амаль месяц найміты былі ў лягеры ля хутара Молькіна пад Гарачым Ключом у Краснадарскім краі: гэта асноўная база ПВК «Вагнэр» у Расеі. Але тэлефанаваць сваякам пасьля мяцяжу ім забаранялі.
«Мой толькі што патэлефанаваў. Сказаў, знаходзіцца ў Рэспубліцы Беларусь. Дзе — не сказаў. Напэўна, баіцца, што прыеду, я сама ў Беларусі, — напісала 21 ліпеня на адным з форумаў карыстальніца Марыя. — Сказаў, што рэчы і пашпарты, тэлефоны едуць у Беларусь, тэлефанаваў зь беларускага нумара. І чуваць былі галасы хлопцаў. Так што чакайце званкоў».
Сваячкі тых наймітаў, што ўжо зьехалі ў Беларусь, пацьвярджаюць, што вагнэраўцаў у Беларусі звозяць у лягер у раёне Асіповічаў. Паводле апошніх зьвестак праекту «Беларускі Гаюн», у Беларусі ўжо знаходзяцца 3,5 тысячы наймітаў.
«Іх не выпускаюць з тэрыторыі, яны ня ходзяць у крамы, — расказвае Вікторыя Панова. — Лягер ПВК у раёне Асіповічаў. Кажа, што пастаянна пашыраецца».
Па словах жанчын, з прычыны таго, што вагнэраўцаў не выпускаюць зь лягера, яны ня могуць зьняць у банкаматах грошы, якія ім перавялі яшчэ да чэрвеньскага мяцяжу.
«Дзяўчаты, патэлефанаваў мне брат з РБ, сапраўды, заробак будзе пакуль 150 тысяч (гэта 1670,66 $ паводле цяперашняга курсу расейскага рубля. — РС). За чэрвень атрымаем у жніўні», — піша Вольга, яшчэ адна наведніца форуму.
Частка жонак і маці завэрбаваных кажуць, што іх родныя вярнуліся ў Расею па новыя замежныя пашпарты — рыхтуюцца да камандзіровак у Афрыку.
«У нас з „загранкай“ праблема, — кажа Тацьцяна. — Месяц будуць рабіць. Яшчэ былі даўгі, празь якія не выпускаюць за мяжу. З алімэнтамі разабраліся, запазыку закрыў, засталіся яшчэ запазыкі ў прыставаў, але там сума ня вельмі вялікая ў параўнаньні з алімэнтамі».
Па аповедах жонак, тым наймітам, хто меў у мінулым судзімасьці ў Расеі, але быў завэрбаваны «з волі», кантракт працягваюць «без праблемаў».
«Мой на кантракт трапіў з волі, ужо адседзеўшы, — расказвае Тацьцяна Собалева з Іркуцку. — Ён, дарэчы, быў якраз па артыкуле аб наркотыках, але ўсё роўна міма. Ужо ў Асіповічах сядзіць».
«Мой ня супраць быў у Афрыку зматацца пастраляць, але яго вярнулі назад»
Што тычыцца тых вагнэраўцаў, якіх завэрбавалі непасрэдна ў калёніі, ім, па словах родных, падоўжыць кантракт з ПВК не прапаноўвалі.
«Ведаю, што мой хацеў, ня супраць быў „у Афрыку зматацца пастраляць“. Я была супраць, яшчэ да таго як ён ва Ўкраіну адправіўся. Але я так зразумела, яго моцна не пыталіся — хочаш ня хочаш, яго як расейскага зэка вярнулі назад. Дакладней, памілаванага зэка, — расказвае журналістам Сьвятлана з Іркуцкай вобласьці. — Па ўмовах, ліпень, жнівень і частку верасьня ён павінен быў паваяваць, і толькі тады б зь яго зьнялі судзімасьць. Але раз здарылася такая бздура з ПВК, яго памілавалі раней за тэрмін. Усё па праўдзе — далі даведку аб пагашанай судзімасьці (быў 105 артыкул, забойства). Яшчэ тыдзень на цягніку, і вернецца на радзіму».
«Наш таксама дома, толькі нічога не расказвае, — кажа Вольга. Яе бацька, мабілізаваны ўвосень, знаходзіцца ў вайсковай частцы войска РФ у „ДНР“, а брат, завэрбаваны з калёніі ў ПВК, быў у калёне, якая рухалася на Маскву, але цяпер вярнуўся дадому ў Маскоўскую вобласьць. — Вось толькі ў адпачынку быў (пасьля мяцяжу), зьехаў назад у ПВК, там нават месяца не прабыў, і яго адпусьцілі».
«Можа, адаптуецца нарэшце да мірняку — пакуль ніяк ня можа, ці то раненьні так паўплывалі, ці то проста прывык ужо да такога жыцьця. Ён павінен быў дзевяць гадоў адседзець паводле 228 ч.3 п.4 — наркагандаль у асабліва буйным па папярэдняй змове, — расказвае жанчына пра брата. — Яму заставалася шэсьць гадоў, ён пайшоў, каб выйсьці на свабоду раней. Пашанцавала, што жывы выйшаў з гэтага. Малады, але ў 23 гады ж ужо павінна галава на плячах быць?! А на справе ён спыніўся на 19 гадах. У турме ж якое станаўленьне асобы?»
Вольга асобна расказвае пра маленькія кніжачкі «збор законаў ПВК», якія ўручаюць наймітам. Іх зьмест яна камэнтуе катэгарычна: «там такая, прабачце за маю францускую, х**ня».
«Я пачытала, у мяне валасы дыбарам сталі! Спачатку — пра тое, які, маўляў, ты шчасьлівы білет выцягнуў, што вызваліўся з турмы пры дапамозе ПВК, а потым поўны атас — быццам у зладзейскай Бібліі: „Ня вер, ня бойся, не прасі! Не наркамань, ня пі, не гвалтуй“, — пераказвае яна зьмест кніжак. — І прамая падрыхтоўка да сьмерці — не апаганьвай цела таварыша, які загінуў — далей вы зь ім „там“ сустрэнецеся. Ці „нам наканавана памерці не нямоглымі старымі ў сваіх ложках, а на полі бою“».
«Я паглядзела на гэта — як быццам Сьведкі Іеговы для камікадзэ пісалі, валасы дыбарам! Прытым паслухаць брата — ён быццам міма вушэй гэта ўсё прапусьціў, у іх ва ўсіх была вера ў сваю неўміручасьць. Яны лічылі, што паўгода — і жывы-здаровы будзе на волі», — кажа Вольга.
Яна расказвае, што яе брат вярнуўся дадому жывы, але з сур’ёзнымі раненьнямі.
«У іх вучэбка непасрэдна на тэрыторыі Ўкраіны была. Спачатку яны былі ці то ў Луганску, ці то ў вобласьці. А літаральна на трэці дзень вучэньня ў шэсьць раніцы быў прылёт у адзін барак, — расказвае Вольга. — Усе падскочылі, забег хлопец, які на посьце сядзеў, увесь у крыві, і крычыць „Я трохсоты!“. Забег камандзір да іх і пачаў крычаць, каб хутка вымяталіся, таму што зараз яшчэ адна прыляціць. Аказалася, гэта хаймарсы былі».
«Потым наш яшчэ тры кілямэтры з раненьнем ішоў — яму асколкамі нагу пашкодзіла, сьпіну, шыю. Кантузія таксама ў нас ёсьць, вось гэта страшна. Атрымліваецца, у нашага раненьне першае было ў лістападзе, а другое ў сакавіку. І з другім раненьнем яго не апэравалі толкам — штосьці пакалупалі, буйныя асколкі выцягнулі, але астатняе засталося ў ім. Уся нага, шыя і сьпіна ў гэтых дробных асколачках. Ніякіх водпускаў па раненьні: толькі зацягнулася зьверху — і назад. І ніякіх выплат за раненьні!»
«Да нас у горад вось два хлопцы знаёмыя прыяжджалі — адзін мабілізаваны, другі добраахвотнікам пайшоў — атрымалі абодва за раненьні па 3 300 000 рублёў. У нас — нуль. Сам брат кажа, што ўсім на яго по**й, — абураецца сястра вагнэраўца. — А я сама за ручку весьці яго выбіваць гэтыя грошы не хачу. Кажуць, што такая практыка ёсьць, можна паспрабаваць праз суд і сацабарону, нават праз ПВК, але гэта ж таксама грошай каштуе!»
Па словах Вольгі, яе брату абяцалі прэмію. Але яна ня ведае, дадуць яе ці не.
«Гэта ўсё да мяцяжу было, а зараз ня ведаю нават, ці атрымае. Пакуль не. Сама я перастала ў бухгальтэрыю тэлефанаваць, бо без даверанасьцяў нельга стала нічога даведацца, — кажа Вольга. — Цяпер ён, дзякуй Богу, дома, жывы. Але не пакідае агульнае адчуваньне, што яго зламалі, выкарысталі за капейкі і вярнулі».
«Веру ў лепшае, веру ці спрабую верыць кампаніі»
На праблемы з выплатамі скардзяцца прыкладна 30 апытаных рэдакцыяй «Сибирь. Реалии» сваячак наймітаў.
«Мне касір патлумачыла, што спачатку разьлічаць усіх, якіх адправілі па дамах, а са жніўня пачнуць налічваць грошы тым, хто застаўся», — піша на форуме ўдзельніца ПВК-чата Кацярына.
«За чэрвень атрымалі толькі тыя, хто ў водпускі пайшлі цяпер, — адказвае ёй іншая сваячка найміта ПВК. — Яны на базе атрымлівалі. Я веру ў лепшае, веру або спрабую верыць кампаніі. Думаю, усё будзе, ды яшчэ і за ліпень дадуць. Трохі часу, і ўсё наладзіцца».
Пры гэтым удзельніцы чата сваячак байцоў ПВК «Вагнэр» па-ранейшаму падтрымліваюць Прыгожына і ня бачаць нічога дрэннага ва ўзьнятым ім мяцяжы. Ніхто з суразмоўніц ня чуў пра тое, каб вагнэраўцы пераходзілі ў расейскую армію, заключыўшы кантракт зь Мінабароны. Менавіта на гэтым настойваў Крэмль яшчэ да мяцяжу, а пасьля яго правалу Пуцін прапаноўваў такі варыянт наймітам ПВК «Вагнэр» як адзін з трох магчымых (астатнія два — сысьці ў Беларусь або вярнуцца дадому).