Журналісты прыводзяць аповед адной з такіх дзяўчат, якая «прадала» Прыгожыну нявіннасьць за 40 тысяч рублёў. Паводле яе, спэцыяльна для інтымных сустрэч бізнэсовец здымаў некалькі нумароў у пецярбурскім гатэлі Solo Sokos Hotel Vasilievsky на Васілеўскім востраве. Крыніца The Insider сьцьвярджае, што дзяўчат, сэкс зь якімі купляў Прыгожын, былі дзясяткі, многія зь іх падоўгу жылі ў нумарах, якія аплачваў кіраўнік ПВК «Вагнэр».
Суразмоўца выданьня таксама расказала, што да сустрэчы з Прыгожыным ёй трэба было прайсьці агляд у клініцы «Согаз», каб дакумэнтальна пацьвердзіць нявіннасьць.
Матэрыял The Insider фактычна пацьвярджае інфармацыю, якая была апублікаваная ў лістападзе 2021 годзе ў расьсьледаваньні расейскай службы Радыё Свабода. У ім, у прыватнасьці, гаварылася, што лекары пецярбурскага мэдычнага цэнтру «Согаз», зьвязанага са старэйшай дачкой Уладзіміра Пуціна Марыяй Варанцовай і пляменьнікам прэзыдэнта Расеі Міхаілам Шаламавым, акрамя таго, што лячылі людзей з бліжэйшага асяродзьдзя Пуціна, уключаючы сям'ю мільярдэра Юрыя Кавальчука, сузаснаваньніка дачнага каапэратыву «Возера» Сяргея Фурсенку і сьпікера Савету Фэдэрацыі РФ Валянціну Мацьвіенку, а таксама самога Прыгожына (які быў запісаны ў клініцы пад чужым імем), абсьледавалі элітных эскортніц. Тыя рэгулярна назіраліся ў гінэколяга, здавалі кроў на ВІЧ, пранцы і гепатыт, а некаторыя зь дзяўчат дакумэнтальна пацьвярджалі сваю нявіннасьць.
Камэнтароў Прыгожына ў матэрыяле The Insider няма. Прыгожын, які раней быў надзвычай мэдыйна актыўным, ужо месяц не зьяўляўся на публіцы.
- Блізкі да Ўладзімера Пуціна пецярбурскі бізнэсовец Яўгеній Прыгожын з 2011 года займаецца пастаўкамі харчу ў навучальныя, мэдычныя і дзяржаўныя ўстановы па ўсёй Расеі. За дзесяць гадоў бізнэс-структуры, зьвязаныя з Прыгожыным, заключылі дзяржкантракты на сотні мільярдаў рублёў. Бізнэсоўца таксама зьвязваюць з арганізацыяй групы праўладных блогераў у Санкт-Пецярбургу, так званай «фабрыкай троляў». Акрамя таго, Прыгожын зьяўляецца адным са стваральнікаў і спонсараў ПВК «Вагнэр», якая прымае ўдзел у ваенных апэрацыях ва Ўкраіне, Сырыі і Афрыцы, і байцы якой падазраюцца ў шматлікіх ваенных злачынствах. У чэрвені мінулага года ў СМІ былі апублікаваныя судовыя дакумэнты, якія даказваюць, што Яўгеній Прыгожын у 1980-х гадах быў асуджаны за рабаваньне, разбой і махлярства. У ЗША прадпрымальніка абвінавачваюць у спробе ўмяшаньня ў прэзыдэнцкія выбары, ён унесены ў санкцыйны сьпіс.
- 23 чэрвеня 2023 года Яўгеній Прыгожын і падпарадкаваная яму прыватная вайсковая кампанія «Вагнэр» распачалі спробу ўзброенага мяцяжу супраць кіраўніцтва Міністэрства абароны Расеі. Шматтысячная калёна ўзброеных вагнэраўцаў увайшла ў Растоў-на-Доне, іншая калёна рухалася на Маскву. За суткі байцам удалося прайсьці 780 кілямэтраў, фактычна не сустрэўшы супраціўленьня. Пры гэтым яны зьбілі некалькі верталётаў і адзін самалёт Мінабароны, якія спрабавалі, паводле Прыгожына, бамбаваць калёны. Экіпажы некалькіх бартоў загінулі. Уладзімір Пуцін абвінаваціў ПВК у дзяржаўнай здрадзе, супраць кіраўніка кампаніі была заведзена крымінальная справа аб узброеным мяцяжы. Аднак пазьней стала вядома аб перамовах паміж Прыгожыным і аўтарытарным кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. У выніку прасоўваньне калён «Вагнера» да Масквы было спынена, сам Прыгожын па дамоўленасьці павінен быў адправіцца ў Беларусь, а Ўладзімір Пуцін паабяцаў наўзамен спыніць перасьлед мяцежнікаў. Яшчэ пазьней стала вядома, што Прыгожын спакойна перамяшчаецца па Расеі, а ў канцы чэрвеня ён і ягоныя падначаленыя сустрэліся з Уладзімірам Пуціным у Крамлі.
- 14 ліпеня Мінабароны Беларусі заявіла, што беларускія войскі тэрытарыяльнай абароны цяпер трэнуюць найміты ПВК «Вагнэр». Паводле маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн», калёны ПВК «Вагнэр» пачалі прыбываць у Беларусь з 11 ліпеня.