На пытаньне журналіста Reform.by, ці можа грамадзянін Беларусі наўпрост зьвярнуцца да прадстаўніка ПВК у Беларусі або прыехаць на базу ў вёску Цэль, вярбоўшчык адказаў адмоўна.
«Грамадзянам Беларусі таксама нікуды зьвяртацца пакуль нельга. Афіцыйна база яшчэ не адкрытая, набору там няма», — заявіў вярбоўшчык арганізацыі, якую шэраг краінаў прызналі злачыннай ці тэрарыстычнай.
«Хлопцы! На дадзены момант набор прыпынены. Набор будзе, але пазьней. Мы аб’явім месца. Калі праходзіце па ўсіх крытэрыях, дык зьбірайце ўсе даведкі і дакумэнты, і пішыце (я гатовы). Тыя, хто сабраў поўны сьпіс дакумэнтаў і даведак, вам патэлефануюць рэгіянальныя прадстаўнікі», — паведаміў вярбоўшчык, імя якога Reform.by вырашыў не публікаваць.
Ён даслаў стандартны сьпіс (pdf-файл) патрабаваньняў і дакумэнтаў, якія павінен прадставіць прэтэндэнт:
- Узрост ад 24 да 50 гадоў
- Выдатнае здароўе і добрая фізычная форма
- Пашпарт РФ (для грамадзянаў Беларусі — пашпарт РБ)
- Замежны пашпарт (абавязкова)
- Вайсковы білет (калі ёсьць)
- Флюараграфія
- Мэдычны страхавы поліс ОМС (калі ёсьць)
- 2 фота 3×4, 1 фота 9×12, любыя
- Даведка аб санацыі зубоў (стаматоляг)
- ЭКГ (для асобаў, старэйшых за 40 гадоў, — пад нагрузкай і без, з расшыфроўкай)
- Даведка ад нарколяга і псыхіятра
- Даведка аб адсутнасьці судзімасьці
- Даведка з МФЦ: 6.8-6.9 (Даведка аб непрыцягненьні асобы да адміністрацыйнага пакараньня за ўжываньне наркатычных або псыхатропных рэчываў без прызначэньня лекара).
- Адсутнасьць акаўнтаў у сацыяльных сетках
- Адсутнасьць запазыкаў па ФССП (для далёкага напрамку).
Адразу папярэджваюць, што ня будуць прынятыя грамадзяне з хранічнымі захворваньнямі (ВІЧ, гепатыт, астма, цукровы дыябэт (інсулінавыя ўколы), адсутнасьць канцавін, эпілепсія, анкалягічныя захворваньні, наркаманія, сухоты); наяўнасьць судзімасьці за гвалт, экстрэмізм і тэрарызм; калі прэтэндэнт знаходзіцца пад сьледзтвам ці пад наглядам.
- У Беларусі прадугледжаная крымінальная адказнасьць як за вярбоўку наймітаў, гэтак і за наёмніцтва.