Мінабароны РФ: усе судны ў акваторыі Чорнага мора, якія ідуць ва ўкраінскія парты, будуць лічыцца ваеннымі цэлямі

Ілюстрацыйнае фота

Украіна разглядае магчымасьць пастаўляць збожжа ў Чорным моры праз тэрытарыяльныя воды Баўгарыі і Румыніі. У Мінабароны РФ заявілі, што з 20 ліпеня ўсе судны, якія рухаюцца ў акваторыі Чорнага мора ва ўкраінскія парты, будуць разглядацца як патэнцыйныя перавозчыкі вайсковых грузаў.

Украіна пасьля выхаду Расеі з «збожжавай угоды» і адкліканьня Масквой гарантыяў неабстрэлу суднаў, якія вывозяць збожжа, разглядае магчымасьць стварэньня альтэрнатыўнага збожжавага калідора па Чорным моры, праз тэрытарыяльныя воды Баўгарыі і Румыніі. Пра гэта расказаў у эфіры ўкраінскага тэлемаратону амбасадар Украіны ў Турэччыне Васіль Боднар.

Паводле дыплямата, гэты варыянт мінімізуе рызыкі, у тым ліку рызыку абстрэлу суднаў з боку Расеі. Румынія — сябра NATO, таму ваенныя дзеяньні Расеі ў яе тэрытарыяльных водах у тэорыі могуць разглядацца як напад на краіну NATO.

Тым часам у Мінабароны Расеі заявілі, што з 20 ліпеня ўсе судны, якія рухаюцца ў акваторыі Чорнага мора ва ўкраінскія парты, будуць разглядацца як патэнцыйныя перавозчыкі вайсковых грузаў. Краіны, пад сьцягамі якіх ходзяць гэтыя судны, будуць лічыцца ўцягнутымі ў канфлікт на баку кіеўскага рэжыму, падкрэсьліла ведамства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі заявіў, што Ўкраіна працягне ўдзел у «збожжавай угодзе», нягледзячы на выхад зь яе Расеі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 19 ліпеня сказаў, што, нягледзячы на заяву Расеі аб спыненьні ўдзелу ў «збожжавай угодзе», Кіеў можа прадоўжыць экспарт збожжа. Ён заявіў, што чакае ад генсакратара ААН Гутэрыша «практычных дзеяньняў па працягу дзеяньня Чарнаморскага збожжавага калідора» без удзелу Расеі, а таксама мае намер абмеркаваць з турэцкім лідэрам Рэджэпам Эрдаганам, што рабіць, каб запэўніць бясьпеку збожжавага калідора.

Кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен 19 ліпеня таксама заявіла, што ЭЗ будзе працаваць над гарантаваньнем харчовай бясьпекі «ўсімі наяўнымі спосабамі», такімі як «калідоры салідарнасьці» на межах з Украінай.

У выніку атакі РФ на парты Адэсы і Чарнаморску зьнішчана 60 тысяч тон збожжа

Міністар аграрнай палітыкі і харчаваньня Ўкраіны Мікалай Сольскі 19 ліпеня расказаў пра маштабы разбурэньняў у выніку начнога ўдару расейскіх войскаў па аб’ектах партовай інфраструктуры, якія былі задзейнічаныя ў збожжавай ініцыятыве.

«Атакаваныя збожжавыя тэрміналы і партовая інфраструктура ў партах Адэсы і Чарнаморску. Начны ўдар вывеў з ладу значную частку інфраструктуры экспарту збожжа ў порце Чарнаморск. На поўнае аднаўленьне пашкоджаных уначы абʼектаў, паводле ацэнак спэцыялістаў, спатрэбіцца ня менш за год.

У порце Чарнаморск таксама зьнішчана 60 тысяч тон збожжа, якое павінны былі пагрузіць на буйнатанажнае судна і адправіць па збожжавым калідоры яшчэ 60 дзён таму», — сказаў Сольскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі заявіў, што Расея ўначы наўмысна нанесла ўдары па інфраструктуры «збожжавай угоды»

Паводле яго, найбольш пацярпела збожжавая інфраструктура міжнародных і ўкраінскіх трэйдэраў і перавозчыкаў Kernel, Viterra, CMA CGM Group.

«Гэта тэрарыстычны акт ня супраць Украіны, а супраць усяго сьвету, харчовая бясьпека якога зноў апынулася пад пагрозай...» — адзначыў міністар.

Раніцай 19 ліпеня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што Расея ўначы наўмысна нанесла ўдары па інфраструктуры «збожжавай угоды».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адмена Расеяй збожжавай угоды выклікала рост сусьветных цэнаў на пшаніцу і кукурузу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніцтва Клайпедзкага порту заявіла пра гатоўнасьць перагружаць украінскае збожжа замест беларускіх калійных угнаеньняў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі заявілі, што для падаўжэньня збожжавага пагадненьня «няма падставаў»