Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі заявіў, што Ўкраіна працягне ўдзел у «збожжавай угодзе», нягледзячы на выхад зь яе Расеі


Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

Украіна гатовая працягнуць удзел у «збожжавай угодзе» нягледзячы на выхад зь яе Расеі, паведаміў прэсавы сакратар прэзыдэнта Ўкраіны Сяргей Нікіфараў.

У сваім Фэйсбуку Нікіфараў прывёў адказы Ўладзіміра Зяленскага на пытаньні афрыканскіх журналістаў пра лёс паставак збожжа з Украіны.

«У нас было два пагадненьні: Украіна, Турэччына, ААН; другое пагадненьне: Расея, Турэччына, ААН. Таму, калі Расея кажа, што яна спыняе ўгоду — яна зрывае свае дамоўленасьці з генэральным сакратаром ААН Гутэрышам і з прэзыдэнтам Эрдаганам. Ня з намі. У нас не было ніякіх дамоўленасьцяў зь імі», — гаворыцца ў цытаце Зяленскага.

Прэзыдэнт Украіны паведаміў, што МЗС краіны падрыхтуе «афіцыйныя сыгналы» кіраўніцтву ААН і Турэччыны, каб тыя растлумачылі сваю пазыцыю наконт далейшага ўдзелу ў «збожжавым пагадненьні».

Расея 17 ліпеня заявіла, што спыняе ўдзел у збожжавай угодзе. У прадстаўніцтве РФ пры ААН заявілі, што рашэньне расейскіх уладаў аб выхадзе з «збожжавай угоды» канчатковае, і больш перамоваў на гэтую тэму не плянуецца.

Адначасова Міжнародная марская арганізацыя ААН атрымала ад Расеі ліст з адкліканьнем гарантыяў бясьпекі суднаходзтва ў Чорным моры, пра які раней паведамлялі ў МЗС РФ. Адкліканьне гэтых гарантыяў азначае, што караблі, якія возяць збожжа з украінскіх партоў, могуць быць цэльлю для расейскіх абстрэлаў, а Расея проста можа іх не пусьціць ва ўкраінскія парты.

Расейскае дзяржаўнае агенцтва ТАСС таксама абнародавала інфармацыю аб тым, што страхавыя кампаніі могуць пачаць адмаўляць у страхаваньні суднаў, якія ідуць у парты Ўкраіны, пасьля выхаду Расеі са збожжавай угоды. «Я дапускаю, што нейкія кампаніі могуць працягнуць страхаваць судны, каб атрымаць максымальную выгаду. Але мне здаецца, што з прычыны адсутнасьці гарантыяў бясьпекі гэта малаімаверна», — заявіў суразмоўца агенцтва.

«Нават без РФ трэба рабіць усё, каб мы маглі выкарыстоўваць гэты чарнаморскі калідор. Мы не баімся. Да нас зьвярнуліся кампаніі, якія зьяўляюцца ўладальнікамі караблёў. Яны сказалі, што яны гатовыя, калі Ўкраіна адпусьціць, а Турэччына будзе прапускаць — усе гатовыя працягваць пастаўкі збожжа», — падкрэсьліў у сувязі з гэтымі заявамі Расеі Зяленскі.

У Белым доме заклікалі Расею перагледзець прынятае раней рашэньне аб выхадзе з пагадненьня аб пастаўках збожжа па чарнаморскім марскім калідоры. Па словах афіцыйнага прадстаўніка Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША Адама Годжа, прынятае Масквой рашэньне «пагоршыць харчовую бясьпеку і нанясе шкоду мільёнам» людзей.

Прэсавы сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што выхад Расеі са «збожжавай угоды» нібыта зьвязаны зь невыкананьнем дамоўленасьцяў адносна Расеі. «Як толькі расейская частка дамоўленасьцяў будзе выкананая, расейскі бок вернецца да рэалізацыі гэтай угоды неадкладна», — сказаў ён. Пяскоў не ўдакладніў, што гэта за дамоўленасьці, аднак раней у Крамлі казалі, што яны тычацца вывазу расейскіх угнаеньняў, якія былі заблякаваныя ў партах ЭЗ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG