Свабода запыталася ва ўдзельнікаў фэстывалю сучаснай беларускай культуры «Тутака», наколькі можна ствараць і разьвіваць беларускую культуру за мяжой, а таксама наколькі этычна ладзіць вялікі фэстываль празь некалькі дзён пасьля сьмерці палітзьняволенага мастака Алеся Пушкіна.
Фэстываль сучаснай беларускай культуры «Тутака» прайшоў 14–15 ліпеня на польскім Падляшшы трэці раз. Яго робяць каля вёскі Гарадок, на месцы, дзе 30 гадоў запар праводзілі легендарны рок-фэстываль «Басовішча». Беларусы сёлета прыехалі туды з розных гарадоў Польшчы, Літвы, Грузіі, ЗША. Арганізатары ацэньвалі колькасьць удзельнікаў у некалькі тысяч чалавек.
Хэдлайнэрам фэстывалю быў музычны гурт «Дай дарогу!», сьпявалі Dzieciuki і J:Mors. Асаблівым госьцем стала дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская. Працавалі дыскусійныя пляцоўкі, дзе абмяркоўвалі лёс палітвязьняў, пытаньні бізнэсу, псыхалягічны стан беларусаў. Маляваныч (актор Аляксандар Ждановіч) паказваў дзецям спэктаклі і гуляў зь імі ў гульні.
Зьміцер Косьцін: «Другі бок хоча, каб мы думалі, як яны»
Прадстаўнік культурнага фонду «Тутака» Зьміцер Косьцін расказаў Свабодзе, што яны робяць беларускую культуру за мяжой, бо яна не заўжды можа свабодна праяўляцца ў самой Беларусі.
«Мы памятаем і шануем людзей, якія ствараюць беларускую культуру ўнутры Беларусі. Гэта сапраўдныя волаты», — зазначыў ён.
Паводле Косьціна, беларуская культура — гэта важны элемэнт не палітычнага, а ідэалягічнага змаганьня за будучыню.
«Другі бок хоча мець ня проста палітычную сыстэму: ён хоча, каб мы думалі, як яны», — падкрэсьлівае ён.
На думку суразмоўцы, беларуская культура — гэта ўсё, што пра Беларусь і беларускасьць.
«Усё, што ствараецца па-расейску, па-ангельску, па-польску, калі памятаеш, адкуль ты выводзісься, — гэта ўсё дадатак да нашай культуры. Мы настолькі ўжо моцныя, што павінны адкрываць нашую культуру і паказваць яе разнастайнай. Беларушчына сама сабой прарастае. Гурты, якія сьпявалі па-расейску, пачынаюць запісваць па-беларуску. Але ня трэба ставіць умовай удзелу ў фэстывалі, што вы мусіце сьпяваць толькі па-беларуску», — кажа ён.
Адзін з арганізатараў фэстывалю заўважыў, што імя Алеся Пушкіна гучала на фэсьце ад пачатку. Фэстываль пачаўся з хвіліны маўчаньня ў яго памяць.
«Тое, што мы тут слухаем музыку, дыскутуем, дзеці ўдзельнічаюць у занятках з Маляванычам, не азначае, што мы раптам забыліся пра палітвязьняў, пра ахвяраў. Гэта такі самы закід, як да ўкраінцаў у Львове, якія, каб паказаць, што яны жывыя, што ствараюць культуру, арганізуюць патанцоўкі пад бамбаваньнямі», — кажа ён.
Беларуская культура, кажа Косьцін, ня можа затрымацца, яна насуперак усяму павінна жыць.
«Мы маем змагацца на сваім полі так, як можам, каб ня цешыліся тыя, хто хоча, каб культура зьнікла, занікла, стала такой, як ім патрэбна», — пракамэнтаваў Косьцін.
Юры Стыльскі: «Думаю, Пушкін быў бы ня супраць, каб мы правялі фэст»
Лідэр гурту «Дай дарогу!» Юры Стыльскі лічыць, што беларуская культура можа разьвівацца за мяжой на 50%. На ягоную думку, больш канструктыўна было б разьвіваць беларускую культуру з боку беларускай дзяржавы, сыстэмы адукацыі. Аднак, кажа ён, унутры Беларусі культуру прыгнятаюць, русыфікуюць.
«Пасьля 2020 году да мяне дайшло, што важна падтрымліваць беларускую культуру. Але калі б гэта вырашалася на дзяржаўным узроўні, то жылося б лепш», — мяркуе ён.
Стыльскі ня ведае, ці варта было адмяняць фэстываль пасьля сьмерці Пушкіна.
«Але, думаю, Пушкін быў бы ня супраць, каб мы яго правялі», — кажа музыка.
Маргарыта Ляўчук: «Жыцьцё ня можа спыніцца»
Сьпявачка Маргарыта Ляўчук думае, што цяпер толькі беларусы за мяжой могуць разьвіваць беларускую культуру.
«У Беларусі вельмі складана гэта рабіць. Я гляджу сторыз маіх сяброў зь Беларусі, там няма нічога беларускага. Я пакутую, што расейская мова, расейскія гурты, расейскае ўсё. Гэты фэстываль — пра тутака і тамака. Мы апынуліся ў такой сытуацыі, што мы тутака, а яны тамака. Я ўдзячная тым людзям, якія, нягледзячы ні на што, захоўваюць беларускасьць у Беларусі. Але я не магу сказаць, што мы тут робім нешта ня тое. Калі ты можаш, то рабі нашую культуру лепш», — кажа яна.
Сьпявачка думае, што беларуская мова хоць і не асноўны, але важны крытэр беларускай культуры.
«Я ўдзячная ўсім, хто сьпявае зараз па-беларуску, перавяла сацсеткі на мову, бяру заняткі беларускай мовы. З нас рабілі расейскамоўных людзей, а мы прачнуліся пасьля 2020 году. Цяпер хочацца быць беларусам на 100%. Я, са свайго боку, буду рабіць усё магчымае, каб захоўваць нашу мову, папулярызаваць яе, каб мова стала моднай, крутой, каб мы ўсе на ёй размаўлялі і стваралі кантэнт», — кажа Маргарыта Ляўчук.
Яна заўважыла, што на фэсьце шмат гаварылі пра тое, што імпрэза выпала якраз пасьля сьмерці Алеся Пушкіна.
«Жыцьцё ня можа спыніцца. Наадварот, мы тут разам, і мы пра яго гаворым. Падымаем нашыя беларускія пытаньні і наш боль, агульны боль. Калі мы разам, мы мацнейшыя. Мы пераможам усё. А Пушкін, як і іншыя нашыя героі, будзе жыць, пакуль мы будзем жыць», — кажа Маргарыта.
Аляксандар Івулін: «Трэба рабіць прыгажосьць»
Журналіст і блогер Саша Івулін мяркуе, што шмат беларусаў за мяжой пачынаюць гаварыць па-беларуску, каб захаваць сваю ідэнтычнасьць.
«У мяне ў Беларусі не было такога запыту на беларускасьць. Калі цябе пазбаўляюць радзімы, то ты вязеш радзіму ў сабе. У нас атрымліваецца вялікі-вялікі вітраж, які складаецца з маленькіх-маленькіх кавалачкаў. Мы размаўляем па-беларуску — гэта крута. „Navi-band“ зьбіраюць канцэрт у цэнтры Варшавы. Саша Чарнуха, які цяпер разважаў, што зь беларускай культурай усё кепска. Калі нешта робіш з імпэтам, па-сапраўднаму, усё рана ці позна атрымаецца», — лічыць Івулін.
На ягоную думку, каб разьвіваць беларускую культуру, «трэба рабіць прыгажосьць», але не перахвальваць сябе.
«Калі мы будзем казаць: „Мы клясьненькія, мы клясьненькія, мы клясьненькія, а яны там (у Беларусі) — не“, мне гэта не падабаецца. Тое, што ты клясьненькі, скажуць іншыя, збоку», — мяркуе ён.
Аляксандар сядзеў у турме разам з Алесем Пушкіным. Аднак ён думае, што ня варта аб’ядноўваць у адным пытаньні сьмерць палітвязьня і арганізацыю фэсту. Саша патлумачыў, што вязьні па-рознаму ўспрымаюць тое, што людзі на волі весяляцца, пакуль тыя сядзяць: адным гэта цяжка прымаць, іншыя радуюцца. Івулін быў у другой групе.
«Для мяне было важна, каб людзі не пакутавалі разам са мною і жылі сваё жыцьцё. На жаль, цяпер мы ня можам зрабіць так, каб усіх адпусьцілі. Думаю, варта рабіць праекты, якія будуць дапамагаць сем’ям палітвязьняў.
Трэба рабіць усё дзеля таго, каб, калі мы вернемся ў Беларусь, не пачынаць зь мінусавага ўзроўню», — падсумаваў Аляксандар Івулін.
Аляксандар Чарнуха: «Цалкам лягічна разьвіваць нешта ў выгнаньні»
Пісьменьнік і журналіст Аляксандар Чарнуха думае, што беларуская культура сёньня ў такім стане, калі ёй патрэбна дапамога, увага з боку слухача, чытача, гледача, каб ён цікавіўся сваім і ствараў свой беларускі кантэкст і выходзіў з-пад уплыву чужой дзяржавы, «бо ў нас ёсьць сваё, годнае, вартае ўвагі».
«Багата беларусаў знаходзяцца за межамі Беларусі. Яны ня маюць магчымасьці спрычыніцца да беларускай культуры, схадзіць на беларускія імпрэзы, паслухаць нешта, пачытаць. Таму тое, што яна ёсьць за межамі краіны, — вельмі патрэбна для беларусаў, якія цяпер выехалі», — кажа ён.
Пісьменьнік зазначыў, што ў Беларусі існуе рэжым інтрацэнзуры, калі творцы ня могуць нешта напісаць, сказаць у Беларусі.
«Таму цалкам лягічна разьвіваць нешта ў выгнаньні, проста цяпер, бо нават невялікая паўза — гэта роўна сьмерці», — мяркуе ён.
Чарнуха гаворыць, што за мяжой творца ня мае магчымасьці размаўляць зь людзьмі ўнутры Беларусі, назіраць нешта на ўласныя вочы, але можа неяк праводзіць дакумэнтальную працу.
«Калі ты вельмі хочаш пісаць пра Беларусь, ты знойдзеш магчымасьць. Мы ведаем багата беларускіх пісьменьнікаў, якія знаходзіліся за межамі Беларусі і ўсё роўна пісалі беларускія творы, а цяпер іх лічаць клясыкамі беларускай літаратуры», — разважае ён.
Пісьменьнік мяркуе, што беларуская культура — гэта культура, зьвязаная зь Беларусьсю, якая фармуе беларускі кантэкст, адказвае на беларускія пытаньні, намагаецца асэнсаваць беларускія падзеі, напісаная беларускай мовай.
«Калі гэтая кніга напісаная па-расейску і ня мае дачыненьня да Беларусі і беларускіх падзей і сэнсаў, яна не застанецца ў гісторыі як беларуская кніга. Кніга „Свиньи“ (аўтарства Чарнухі. — РС) апісвае падзеі ў Беларусі, хоць Беларусь там ні разу ня згадваецца. Кніга напісаная на расейскай мове, бо людзі, якія апісваюцца ў гэтай кнізе, ніколі ў жыцьці не размаўлялі па-беларуску, і вельмі несумленна было б рабіць іх беларускамоўнымі», — кажа ён.
Пісьменьнік думае, што мастак Алесь Пушкін хацеў бы, каб беларускія імпрэзы працягваліся, каб людзі абмяркоўвалі Беларусь у беларускім кантэксьце.
«Мы працягваем сьвяткаваць жыцьцё, цяжкае і складанае. Сьмерць аднаго чалавека азначае вечную памяць пра гэтага чалавека. На фэстывалі „Тутака“ яго ўспамінаюць вельмі часта. Менавіта гэта важна: як мага часьцей успамінаць людзей, якіх з намі няма. Адмяняць усё, адмяняць жыцьцё мы проста ня можам», — кажа ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы зноў могуць удзельнічаць у амэрыканскай адукацыйнай праграме «Фулбрайт». Сьпіс кірункаўКацярына Ваданосава: «Нават падчас вайны людзі весяліліся»
Сьпявачка Кацярына Ваданосава сказала, што пытаньне разьвіцьця традыцыйнай беларускай культуры за мяжой для яе балючае, бо людзі, якія займаюцца гэтай справай, сутыкаюцца зь безьліччу праблем: недахоп крыніц, матэрыялаў, інфармацыі.
«Калі я хачу займацца рэканструкцыяй беларускага традыцыйнага строю, я мушу езьдзіць па вёсках у экспэдыцыі і хадзіць у музэі, у запасьнікі. Глядзець на тое, што ўжо зрабілі папярэднія пакаленьні, вучыцца на іхных вырабах. Тое, што мне даступна цяпер — культура памежжа, у першую чаргу Падляшша, бо я тут жыву, і інфармацыя, якую я магу знайсьці ў інтэрнэце», — тлумачыць яна.
На думку Кацярыны, на разьвіцьцё беларускай культуры за мяжой уплывае сытуацыя «велізарнай фрустрацыі і траўмы». Аднак яна не падзяляе творцаў на тых, хто зьехаў, і хто застаўся.
«Хтосьці мае сувязь з роднай зямлёй, але ня мае магчымасьці выказвацца. Хтосьці мае магчымасьць выказвацца, але ня мае прывязкі да родных каранёў. Мы ўсе ў пройгрышы ў такой сытуацыі. Дзяліць нас яшчэ больш, чым мы цяпер падзеленыя, — лічу, гэта няплённы шлях», — мяркуе яна.
Кацярына прызналася, што да апошняга моманту вагалася, ці варта ёй ехаць на фэстываль адразу пасьля сьмерці Алеся Пушкіна. Аднак перамог аргумэнт, што яна мелася прачытаць там лекцыю пра традыцыйны строй.
«Мне здаецца, што Алесь, калі б ён быў жывы, ухваліў бы гэты выбар. Мы ўспаміналі яго, згадваем кожны дзень, кожную хвіліну. Наўрад ці арганізатары фэстывалю маглі адмяніць яго ці перанесьці на іншы час. Я ня ўпэўненая, што ўсе на гэтым фэстывалі былі асабіста знаёмыя з Алесем Пушкіным. Але цяпер яны ўсе ведаюць пра яго, знаюць, што зь ім сталася, і адчуваюць боль. Нават падчас вайны людзі весяліліся. Наколькі гэта маральна апраўдана, вельмі цяжкае пытаньне», — кажа Кацярына.