Суд устанавіў магчымасьць закладу ў памеры 33 мільёнаў грыўняў (каля 900 тысяч даляраў па бягучым курсе).
Намесьніка Кіева-Пячэрскай лаўры абвінавачваюць у распальваньні нянавісьці на рэлігійнай глебе, публічных закліках да разьвязваньня ўзброенага канфлікту і адмаўленьні незалежнасьці Украіны. Паводле СБУ Ўкраіны, сьвятар таксама апраўдваў баявыя дзеяньні Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны.
Раней СБУ апублікавала нарэзку з тэлефонных размоваў і пропаведзяў Паўла, у якіх, як сьцьвярджае ініцыяваная службай экспэртыза, сьвятар «неаднаразова абражаў рэлігійныя пачуцьці ўкраінцаў, зьневажаў погляды вернікаў іншых канфэсій і спрабаваў сфарміраваць варожыя настроі да іх», а таксама «рабіў заявы, якія апраўдвалі ці адмаўлялі дзеяньні краіны-агрэсара».
На судзе віну мітрапаліт не прызнаў і назваў справу «палітычнай замовай». Камэнтуючы рашэньне суда, ён заявіў, што судзьдзя нібыта дзейнічала пад ціскам людзей, якія зацікаўленыя ў ягоным арышце. Дэталяў ён не прывёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Кіеве адправіў мітрапаліта УПЦ Паўла пад хатні арышт. Тлумачым, што адбылося- Мітрапаліт УПЦ Маскоўскага патрыярхату Павал стаў намесьнікам Кіева-Пячэрскай у сярэдзіне 1990-х гадоў. З таго часу ён неаднаразова быў замешаны ў розных скандалах. За асаблівую любоў да дарагіх аўтамабіляў мітрапаліт атрымаў мянушку «Паша Мэрсэдэс». Яго сярод іншага абвінавачвалі ў карупцыі, адмываньні грошай, махінацыях з тэндэрамі на будаўніцтва храмаў.
- Справа ў дачыненьні да мітрапаліта УПЦ, якая, як лічаць улады Ўкраіны, не парвала сувязяў з Маскоўскім патрыярхатам, распачатая на тле супрацьстаяньня ў Кіева-Пячэрскай лаўры. Улады Ўкраіны абавязалі манастыр УПЦ пакінуць тэрыторыю і будынкі Кіева-Пячэрскай лаўры да 29 сакавіка пасьля таго, як дзяржаўны запаведнік «Кіева-Пячэрская лаўра» адмовіўся ад дамовы арэнды з УПЦ. Ва УПЦ сьцьвярджаюць, што падалі ў суд і да заканчэньня разбораў ня маюць намеру пакідаць лаўру.
- Служба бясьпекі Ўкраіны таксама паведаміла аб увядзеньні санкцый у дачыненьні да 17 сьвятароў Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату. Акрамя таго, уведзеная забарона на ўезд на тэрыторыю Ўкраіны для 250 клірыкаў Рускай праваслаўнай царквы.
- Таксама пазбаўленыя грамадзянства Ўкраіны 19 сьвятароў УПЦ, якія маюць расейскае грамадзянства. Два чалавекі будуць дэпартаваныя ў Расею. У дачыненьні да Паўла санкцыі былі ўведзеныя раней.