Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Хмяльніцкай вобласьці Ўкраіны забаранілі дзейнасьць УПЦ Маскоўскага патрыярхату пасьля зьбіцьця вайскоўца ў царкве


Пратэст супраць Маскоўскага патрыярхату ва Ўкраіне, сакавік 2023
Пратэст супраць Маскоўскага патрыярхату ва Ўкраіне, сакавік 2023

Дэпутаты Хмяльніцкай абласной рады забаранілі дзейнасьць Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату у вобласьці. Пра гэта паведаміла прэс-служба рады.

Мясцовым уладам рэкамэндавалі правесьці інвэнтарызацыю зямельных участкаў УПЦ (МП), абласная рада прапанавала пазбавіць УПЦ права карыстаньня гэтымі ўчасткамі.

Дэпутаты таксама прынялі зварот да кабінэту міністраў Украіны наконт спыненьня дамоваў арэнды з рэлігійнымі арганізацыямі, якія не выконваюць патрабаваньняў украінскіх законаў.

Другога красавіка ў сацсетках зьявілася відэа зьбіцьця вайскоўца ў Сьвята-Пакроўскім катэдральным саборы УПЦ (МП) у Хмяльніцкім. Дэпутат абласной рады Віктар Бурлык паведаміў, што на відэа Артур Ананьеў, які служыў добраахвотнікам у складзе 19-га батальёну, на вайне ён атрымаў кантузію і чэрапна-мазгавую траўму.

Прэс-сакратар патрульнай паліцыі Вікторыя Цімашчук расказала, што падчас набажэнства 26-гадовы вайсковец пачаў сварку і скінуў са стала на падлогу кнігу «Эвангельля». На відэа бачна, як сьвятар штурхае і б’е нагой мужчыну ў вайсковай форме, пасьля чаго разам з іншымі людзьмі выводзіць яго з будынку.

У паліцыі Хмяльніцкай вобласьці паведамілі, што пачалі крымінальную справу аб хуліганстве за зьбіцьцё вайскоўца, у дачыненьні самога Ананьева завялі адміністрацыйную справу аб дробным хуліганстве.

УПЦ — адна з дзьвюх найбуйнейшых праваслаўных рэлігійных арганізацый Украіны, нароўні з аўтакефальнай ПЦУ. Пасьля пачатку вайны УПЦ заявіла аб «незалежнасьці» ад Маскоўскага патрыярхату, аднак гэтая незалежнасьць не аформленая юрыдычна. Улады лічаць, што шэраг сьвятароў і герархаў УПЦ дэ-факта займаюць прарасейскую пазыцыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG