«Яго рэанімавалі, але сэрца зноў спынілася». Што напісана ў дакумэнтах аб сьмерці Алеся Пушкіна

Алесь Пушкін, архіўнае фота

Свабода пагаварыла зь сябрам Алеся Пушкіна Янакам Коўзелем пра вядомыя абставіны сьмерці і разьвітаньне з мастаком.

Як расказаў Свабодзе доктар прыродазнаўчых навук, сябар Алеся Пушкіна Янак Коўзель, прычына сьмерці Алеся Пушкіна пакуль невядомая. Ні вусна, ні пісьмова адказныя ўстановы (горадзенская турма і шпіталь хуткай дапамогі ў Горадні) не паведамілі гэтай інфармацыі блізкім.

Патолягаанатамічнае дасьледаваньне цела Пушкіна меліся рабіць 12 ліпеня апоўдні, але правялі яго раней — у ноч на 12 ліпеня. Чаму так зрабілі, невядома. У пратаколе ўскрыцьця напісана, што прычына сьмерці невядомая, расказаў Свабодзе Коўзель.

Суразмоўца пацьвердзіў, што Алесь Пушкін паступіў у шпіталь хуткай дапамогі ў Горадні ў непрытомным стане ў ноч з 10 на 11 ліпеня. У ягонай мэдычнай картцы не было ніякіх кантактаў родных, таму мэдыкі не адразу здолелі зьвязацца са сваякамі.

«Яму рабілі тэрміновую апэрацыю, але вядома, што шанцаў было няшмат. Яна амаль нічога не вырашала. Падчас апэрацыі ў яго спынялася сэрца. Яго рэанімавалі (і сэрца запрацавала. — РС). Потым сэрца зноў спынілася, і ўратаваць яго не змаглі», — расказаў Свабодзе Янак Коўзель.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алеся Пушкіна пахаваюць 13 ліпеня на радзіме мастака ў вёсцы Бобр

Паводле ягонай інфармацыі, Алесь Пушкін памёр прыкладна апоўдні 11 ліпеня.

У апошнім лісьце, дасланым нядаўна на волю, палітвязень напісаў, што страціў 22 кіляграмы. Раней важыў 102, а стаў важыць 80. Мастак паведаміў, што яго перавялі ў іншую камэру. Да таго ж ён расказаў, што застудзіў паясьніцу, і прасіў даслаць яму ваўняны пояс.

Перад зьняволеньнем Алесь Пушкін быў здаровы, ня меў ніякіх захворваньняў, удакладніў суразмоўца Свабоды. Ён перакананы, што на волі ў Пушкіна не было язвы, пра якую пісала выданьне MOST. Паводле выданьня, Алесь Пушкін паступіў у горадзенскі шпіталь з запаленьнем брушной поласьці і сэпсісам, выкліканымі прабадной язвай.

Цела маюць прывезьці ў родную вёску Бобр 12 ліпеня каля 21:00. Разьвітацца з мастаком можна будзе з 10:00 13 ліпеня ў яго дома ў Бабры па адрасе вуліца Горная, 4, напісала жонка мастака Яніна Пушкіна.

Паніхіда ў бобрскай царкве пачнецца ў 12:30. Пушкін быў праваслаўны. Пахаваньне на могілках у Бабры пачнецца ў 13:30. Пушкін хацеў, каб яго пахавалі побач з продкамі ў Бабры.

Алесь Пушкін: фрагмэнты жыцьця. Фотагалерэя

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я хачу, каб над намі не было акупантаў». Алесь Пушкін на Свабодзе

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Міжнародныя рэакцыі на сьмерць Алеся Пушкіна: «Ня можам ігнараваць зьверствы беларускага рэжыму»Акцыя памяці Пушкіна ў Варшаве. Латушка паскардзіўся на «маруднасьць эўрапейскіх партнэраў», Пазьняк заклікаў стварыць «беларускі трыбунал»​​​​​​​«Ён трапіў у шпіталь 10 ліпеня». Што вядома пра апошнія месяцы і тыдні жыцьця Алеся ПушкінаМалюнкі Алеся Пушкіна з турмы«Ён іх заўсёды раздражняў сваёй беларускай мовай». Згадвае сяброўка Пушкіна, чые партрэты ён маляваў за кратаміАлесь Пушкін: фрагмэнты жыцьця. ФотагалерэяПра Пушкіна за кратамі і на свабодзе — сяброўка па турме Астроўская і дзеяч культуры БудкінУ шпіталі памёр палітзьняволены мастак Алесь Пушкін