Алеся Пушкіна пахаваюць 13 ліпеня на радзіме мастака ў вёсцы Бабёр Крупскага раёна. Пра гэта Свабодзе расказаў сябра памерлага Янак Коўзель.
Цела маюць прывезьці ў родную вёску Бобр 12 ліпеня каля 21:00. Разьвітацца з мастаком можна будзе з 10:00 13 ліпеня ў яго дома ў Бабры па адрасе вуліца Горная, 4, напісала жонка мастака Яніна Пушкіна.
Паніхіда ў бобрскай царкве пачнецца ў 12:30. Пушкін быў праваслаўны. Пахаваньне на могілках у Бабры пачнецца ў 13:30. Пушкін хацеў, каб яго пахавалі побач з продкамі ў Бабры.
11 ліпеня стала вядома, што ў рэанімацыі пры невысветленых абставінах памёр палітзьняволены Алесь Пушкін, якому было 57 гадоў.
Алесь Пушкін нарадзіўся 6 жніўня 1965 году ў вёсцы Бобр Крупскага раёну Менскай вобласьці, дзе і жыў да арышту ў 2021 годзе.
У 1978 годзе Алесь паступіў у Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Івана Ахрэмчыка. Вучыўся ў мастака Пятра Шарыпы да 1983 году, затым паступіў на курс манумэнтальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытуту (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў).
У 1984 годзе Алесь Пушкін трапіў у Савецкую Армію, служыў у Афганістане. У войску вёў дзёньнік на беларускай мове. Дзёньнік Пушкіна прызналі антысавецкім. У 1986 годзе Алесь дэмабілізаваўся і працягнуў вучобу.
Пушкін — рэдкі ў Беларусі сэртыфікаваны спэцыяліст з рэстаўрацыі. Ён аднаўляў і расьпісваў шмат гістарычных аб’ектаў, касьцёлаў і цэркваў.
Алесь Пушкін быў жанаты. У яго засталася жонка Яніна, сын і дачка. Яніна працуе настаўніцай у школе, сын паступіў ва ўнівэрсытэт, дачка вучыцца ў школе.