«Хрысьціянская візія»: з пачатку 2020 году ў Беларусі рэпрэсавалі 53 сьвятароў розных канфэсій

Гомельскі праваслаўны сьвятар Уладзімер Драбышэўскі трымае плякат падчас адзіночнага пікету, 13 жніўня 2020

Сьпіс рэпрэсаваных з 2020 году сьвятароў падрыхтавала ініцыятыва «Хрысьціянская візія».

Паводле «Хрысьціянскай візіі», з пачатку 2020 году па 6 ліпеня 2023 году з палітычным перасьледам у Беларусі сутыкнуліся:

  • 18 праваслаўных,
  • 17 рымска-каталіцкіх,
  • 5 грэка-каталіцкіх,
  • 13 пратэстанцкіх сьвятароў.

Сьпіс пастаянна абнаўляецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 8 чэрвеня: у Мёрскім раёне арыштавалі ксяндза

Пра рэпрэсіі ў дачыненьні да сьвятароў ў Беларусі на Генэральнай асамблеі Канфэрэнцыі эўрапейскіх цэркваў 15 чэрвеня ў Таліне нагадала Сьвятлана Ціханоўская.

Паводле Ціханоўскай, вернікі ў Беларусі патрабуюць дапамогі сваіх хрысьціянскіх братоў і сясьцёр з Эўропы і ўсяго сьвету.

«Міжнародная рэлігійная супольнасьць можа шмат зрабіць для іх. Патрабаваць доступу зьняволеных да багаслужбаў, агітаваць за іх вызваленьне, арганізоўваць паломніцтвы і малебны за Беларусь, падтрымліваць беларускіх хрысьціян за мяжой, заклікаць да дыялёгу лідэраў беларускіх цэркваў — усё гэта мае рэальнае значэньне для беларусаў», — заявіла Ціханоўская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску прыбралі крыж, пастаўлены ў памяць аб забітым нацыстамі сьвятары Гадлеўскім
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу: Суд адмовіўся замяніць пакараньне ўніяцкаму сьвятару з Полацку