«Мярзотнікі», «адмарозкі», «дэбілы», «дэгенэраты», «лібэральныя сьлізьнякі», «эўрапейскія падбрэхічы», «безгаловыя бандэраўцы», «бясслаўныя ўблюдкі» — гэта самыя мяккія з характарыстык на адрас палітычных апанэнтаў Лукашэнкі і суседніх зь Беларусьсю краін, урадаў і народаў.
Падобная лексыка стала звыклай у сёньняшняй афіцыйнай інфармацыйнай прасторы Беларусі, хоць яшчэ тры гады таму ўсё было зусім інакш. Чаму так адбылося і чым гэта можа скончыцца?
Рэзкі паварот усёй прапагандысцкай машыны адбыўся, відавочна, адразу пасьля жніўня 2020-га. Тое, што ў тыя дні пачалі жорстка зьбіваць і катаваць мірных дэманстрантаў, было толькі адным бокам мэдаля. Другі бок: адначасова былі зьнятыя маральныя абмежаваньні для прапаганды, для прыніжэньняў і зьнявагаў вербальных. Ці было гэта выключна ініцыятывай перапалоханага народным паўстаньнем Лукашэнкі? Наўрад ці. Варта заўважыць, што пачатак уражальных мэтамарфозаў супаў з прыбыцьцём у Менск дэсанту расейскіх прапагандыстаў, пасланых Крамлём дзеля ідэалягічнага падмацаваньня «саюзьніка».
Беларускія прапагандысцкія рупары з дапамогай экспэртаў і практыкаў з Масквы (пераважна з кампаніі RT) ня толькі ўзгаднялі дэзынфармацыйныя наратывы з пракрамлёўскімі СМІ, але і пераймалі тактыку (напрыклад, працуючы ў зьвязцы са спэцслужбамі ці перасьледуючы замежных дыпляматаў). Масква ўжо ў той час актыўна рыхтавалася да вайны з Украінай; з 2014 году там напрацавалі значна большы, чым у Беларусі, досьвед ідэйнай падрыхтоўкі грамадзтва да збройнай агрэсіі. Верагодна, Лукашэнка ўжо тады ведаў пра сваю ролю ў будучай вайне. Расейскія кансультанты павінны былі адпаведным чынам падрыхтаваць да будучых узрушэньняў і ягоную ідэалягічную машыну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Смута з адтэрміноўкай. Прыгожынская кувалда ў інтэр’еры палаца Лукашэнкі«Штучны тавар» крамлёўскай гадоўлі
Было б перабольшваньнем сьцьвярджаць, што на новыя стандарты хутка і эфэктыўна перайшла ўся разгалінаваная ідэалягічная сыстэма, якая абслугоўвае рэжым Лукашэнкі. Зьявіліся пэўныя «зоркі» прапаганды — Грыгорый Азаронак, Андрэй Мукавозчык, Яўгеній Пуставой, Ігар Тур, Людміла Гладкая... Але яны так і засталіся «штучным таварам» крамлёўскай гадоўлі і лукашэнкаўскай сэлекцыі. Распаўсюдзіць іхны досьвед і стыль на ўвесь прапагандысцкі апарат — збольшага інэртны, архаічны і асьцярожны — не ўдалося і наўрад ці ўдасца. На тое ёсьць шмат прычынаў. І справа ня толькі ў тым, што «зоркі» прапаганды фінансуюцца і забясьпечваюцца паводле асаблівых тарыфаў і стандартаў, як высокапастаўленыя чыноўнікі, а журналісты многіх «раёнак» ледзь зводзяць канцы з канцамі, атрымліваючы заробкі на ўзроўні дворнікаў і прыбіральшчыц.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У кіраўніцтва партыі ўлады «Белая Русь» увайшлі прапагандысты Рыгор Азаронак і Андрэй КрывашэеўСёньняшняе пакаленьне ідэолягаў, прапагандыстаў, агітатараў рэжыму — пераважна людзі, выгадаваныя і навучаныя ў 80—90—00-я гады. Што гэта быў за час? Позьні савецкі «застой», нядоўгая гарбачоўская перабудова, кароткі пэрыяд свабоды і адкрытасьці пачатку незалежнасьці, першае дзесяцігодзьдзе лукашэнкаўскага аўтарытарызму (тады яшчэ параўнальна мяккага, лагоднага, не крыважэрнага). На памяці большасьці гэтых людзей ніколі не было такога, каб ад іх патрабавалася апошнімі словамі зьневажаць і лаяць палітычных апанэнтаў; распальваць нянавісьць да людзей, чыя віна толькі ў тым, што думаюць іначай; заклікаць да палітычных рэпрэсій і перасьледу за выказваньне поглядаў; сьведчыць у судах супраць яўна невінаватых; ганьбіць суседнія краіны і народы, пераконваць суграмадзянаў у тым, што там жывуць ворагі, якія толькі і мараць, каб зьнішчыць Беларусь...
Для многіх зь іх раскручваньне гэтага махавіка выглядае нязвыклым, дзікаватым і выклікае шмат пытаньняў. Ідучы ў свой час у ідэолягі (прапагандысты, праўладныя журналісты), яны, уласна, на такое не падпісваліся. Адна справа — займацца звыклымі яшчэ з савецкага часу і параўнальна бяскрыўднымі «ідэалягічнымі справамі»: заганяць людзей на праўладныя мітынгі і дэманстрацыі, заахвочваць да ўступленьня ў БРСМ, прымусова падпісваць на дзяржаўныя газэты.
І зусім іншая справа — рыхтаваць даносы на «нядобранадзейных», паводле якіх потым праводзяцца ператрусы, арышты і палітычныя судовыя працэсы; альбо ўдзельнічаць у зьнішчэньні могілак салдат Арміі Краёвай ці арганізоўваць пагромы польскіх альбо літоўскіх школ. І пытаньне тут ня толькі ў гіпатэтычных згрызотах сумленьня. Той публіцы, якая ў сёньняшніх умовах сьвядома ідзе ў прапагандысцкую абслугу, гэта — ня самая вялікая небясьпека і засьцярога. Іншая рэч: дзе гарантыя, што заўтра цябе за апантаную службу рэжыму ня ўключаць у санкцыйныя сьпісы Захаду? А яшчэ большую (і абгрунтаваную) трывогу выклікае пытаньне: якая будучыня чакае іх асабіста ў выпадку краху рэжыму? Ці не давядзецца адказваць за ўчыненае ў крымінальным парадку?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марыў быць конюхам, а цяпер выступае ў Салаўёва. Што вядома пра прапагандыста Вадзіма ГігінаВалянцін Зорын як «салдат халоднай вайны»
Адной з найбольш пазнавальных, знакавых асобаў савецкай прапаганды 70–80-х гадоў быў Валянцін Зорын — шматгадовы палітычны аглядальнік Цэнтральнага тэлебачаньня, адзін зь нямногіх, каму партыя дазваляла тлумачыць савецкаму народу сваю замежную палітыку. Гэта зь ягоных рэпартажаў на працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў савецкі тэлеглядач даведваўся, як «невыносна цяжка жывецца простаму амэрыканцу, якога бязьлітасна эксплюатуюць імпэрыялісты», як «абяздоленыя жыхары ЗША корпаюцца на сьметніках, шукаючы хоць якую ежу», як у ЗША «лютуюць злачыннасьць, беспрацоўе і галеча».
На перадачах і рэпартажах Зорына студэнтаў факультэтаў журналістыкі ва ўсіх кутках СССР вучылі асновам савецкай прапаганды. Вядома, у той прапагандзе было шмат няпраўды, паўпраўды, замоўчваньня і недагаворанасьці, але, што адметна (і што яе кардынальна адрозьнівае ад цяперашняй пуцінскай і лукашэнкаўскай прапаганды), — не было і хамства, агалцеласьці, лаянкі і асабістых абразаў — усяго таго, чым сёньня перапоўнены тэлеэтэр і дзяржаўная прэса.
На тое былі свае прычыны. Позьні брэжнеўскі СССР усё ж імкнуўся выглядаць у вачах астатняга сьвету калі не рэспэктабэльным, то ўсё ж не агрэсіўным, не ваяўнічым і не пазбаўленым чалавечых рысаў. У сыстэму прапаганды і агітацыі ня бралі абы-каго: існаваў даволі жорсткі адбор і адукацыйны цэнз. На журфаках выкладалі ня толькі прапаганду, але і сусьветную літаратуру, мастацтвазнаўства, этыку. І што асабліва важна: прапагандысты высокага ўзроўню (такія, як Валянцін Зорын) былі выязныя, шмат часу праводзілі ў замежных камандзіроўках, мелі ўсе магчымасьці для параўнаньня і выдатна разумелі, што адбываецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Пра русыфікацыю ў Беларусі, якой павінна быць ідэальная ўлада і чаму многія расейскія артысты — за вайнуАдметна, што пазьней, калі стала магчымым гаварыць тое, што думаеш, Зорын згадваў эпізоды, калі ён нібыта спрабаваў абыходзіць цэнзурныя абмежаваньні і паказваць савецкім тэлегледачам Захад такім, які той быў на самой справе. У прыватнасьці, у адным са сваіх інтэрвію (2000 г.) Валянцін Зорын успамінаў:
«У мяне была сэрыя фільмаў пра Амэрыку „Куды вядуць дарогі Лос-Анджэлеса“. Калі фільм прайшоў, мяне выклікаў Лапін (тагачасны кіраўнік Дзяржтэлерадыё СССР) і кажа: „Ты за каго нас трымаеш? Ты гаворыш правільныя словы, але што паказваеш? Ты паказваеш дарогі, якіх у Расеі ня будзе і ў XXI стагодзьдзі! Хто ж цябе будзе слухаць, калі ты паказваеш такое!“ Я быў вымушаны казаць нейкія словы, але пры гэтым стараўся паказваць людзям такую Амэрыку, якая яна ёсьць».
Яшчэ адна знакавая фігура тагачаснай савецкай прапаганды —Уладзімір Позьнер— успамінаў:
«Калі я прыйшоў на савецкае радыё ў 1970 годзе, у мяне было адчуваньне, што ў сыстэму верылі вельмі нямногія. Я ня памятаю, каб з кімсьці на гэту тэму спрачаўся, але адчуваньне было, што гэта проста праца, якая добра аплочваецца. І яны яе рабілі. Ня тое што яны меркавалі, што празь дзесяць год ня будзе Савецкага Саюзу (гэтак ніхто ня думаў). Але зь некаторым цынізмам займаліся тым, чым займаліся».
Напрыканцы 80-х гадоў, у разгар перабудовы, расейскі тэлежурналіст Дзьмітры Крылоў паспрабаваў зьняць такую праграму: як вядомыя савецкія палітычныя журналісты ацэньваюць тое, што яны казалі сваёй аўдыторыі ў гады застою. Пакаяліся перад тэлекамэрай за ранейшую хлусьню і прапаганду толькі двое: Валянцін Зорын і Ўладзімір Позьнер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Галоўная даносчыца Беларусі». Хто такая Вольга Бондарава, якая змагаецца з Геніюш, Марзалюком і «Хагі-Вагі»«Усьвядоміць зло...»
Савецкая прапаганда не заўсёды была такая млявая і паблажлівая, як у позьнесавецкія часы. Апантанасьць, энэргетыка, радыкалізм — гэта звычайна спадарожнікі маладых моцных рэжымаў з заманлівай ідэалёгіяй, якая на першым часе прываблівае на свой бок тысячы і тысячы адэптаў і фанатыкаў. Малады бальшавіцкі рэжым у першыя гады свайго існаваньня, на тле рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, стварыў і запусьціў на поўную моц магутную прапагандысцкую машыну. Ствараўся вобраз бальшавіка, які ня ведае, што такое сумневы і ваганьні. Ён бязьлітасна зьнішчае буржуяў, папоў і памешчыкаў. Ён гатовы ўсадзіць штык у кожнага, хто супраць новага рэжыму.
З такой жа апантанасьцю, агрэсіўна-самаўпэўненым тонам камуністычная прапаганда ў 30-я гады заклікала выяўляць, судзіць і расстрэльваць «банду трацкістаў-зіноўеўцаў», «фашысцкіх шпіёнаў і памагатых сусьветнага імпэрыялізму Тухачэўскага і Блюхера», пазьней — «лекараў-шкоднікаў»...
Сярод прапагандыстаў таго пэрыяду было нямала па-сапраўднаму здольных і нават таленавітых асобаў. Якім быў, напрыклад, Міхаіл Кальцоў. Рэдактар «Праўды», стваральнік многіх папулярных савецкіх часопісаў, аўтар амаль 2000 фэльетонаў, у якіх ён палкім публіцыстычным словам гвазьдзіў «ворагаў народу» ўсіх гатункаў — іранічна, мэтафарычна, зь пісьменьніцкім густам. За сваю беззапаветную адданасьць Сталіну і прапагандысцкую службу быў уганараваны чым толькі можна: ордэнамі, высокімі пасадамі, дэпутацтвам у Вярхоўным Савеце, званьнем члена-карэспандэнта Акадэміі навук СССР...
Арыштавалі яго 13 сьнежня 1938 году, проста ў кабінэце ў рэдакцыі газэты «Праўда», нават бяз ордэра на арышт (было прамое ўказаньне Сталіна). Абвінавацілі ў антысавецкай трацкісцкай дзейнасьці і ўдзеле ў контрарэвалюцыйнай тэрарыстычнай арганізацыі — дакладна гэтак, як і многіх з тых, пра каго ён пісаў свае фэльетоны. Падчас сьледзтва катавалі. Пад катаваньнямі агаварыў больш за 70 чалавек зь ліку сваіх знаёмых — шмат каго зь іх таксама арыштавалі і ў далейшым пакаралі сьмерцю. На судзе адмовіўся ад усіх выбітых зь яго падчас сьледзтва сьведчаньняў, але гэта ніяк не паўплывала на прысуд. Расстралялі Кальцова 2 лютага 1940 году. Цела спалілі, попел кінулі ў агульную яму. Сваякам паведамілі стандартнае ў такім выпадку: «Дзесяць год бяз права перапіскі»...
З цытатаў, якія засталіся пасьля сьмерці Кальцова, уражвае гэтая: «Усьвядоміць зло — значыць неадкладна пачаць змагацца зь ім».
Суду над ваяўнічымі прапагандыстамі сталінскага рэжыму, як і над самім гэтым рэжымам, як вядома, не было. Суровы прысуд гісторыі быў вынесены толькі такім жа, як Міхаіл Кальцоў — тым, хто спачатку аддана служыў жорсткай таталітарнай машыне, ухваляючы рэпрэсіі, а потым сам жа трапіў у яе шасьцерні і ператварыўся ў лягерны пыл.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асабісты кіроўца — кадэбіст, у сябрах памочнік Лукашэнкі. Хто такая матушка Гаўрыіла з ГорадніПавешаны за прапаганду
Але ў гісторыі таталітарных рэжымаў мінулага стагодзьдзя быў і іншы прыклад, калі ваяўнічы прапагандыст, трыбун гвалту, нецярпімасьці і нянавісьці панёс жорсткае пакараньне. Размова пра аднаго з найбольш вядомых гітлераўскіх прапагандыстаў, галоўнага рэдактара антысэміцкай і антыкамуністычнай газэты Der Stürmer («Штурмавік») Юліюса Штрэйхера. Калі Гітлер напышліва зьвяртаўся да сваіх аднадумцаў: «Я вызваляю вас ад хімэры, якую называюць сумленьнем», — то гэты заклік найперш быў разьлічаны на такіх, як Штрэйхер. Лаянка, зьнявагі, зьдзекі, прыніжэньні, заклікі да неадкладных распраў над габрэямі — гэта ўсё пра Штрэйхера і ягоную газэту.
23 траўня 1945 году ён быў арыштаваны амэрыканцамі і неўзабаве трапіў у якасьці падсуднага на Нюрнбэрскі працэс разам зь іншымі нацысцкімі верхаводамі — Герынгам, Рыбэнтропам, Кейтэлем, Кальтэнбрунэрам... Яго абвінавацілі ў антысэміцкай прапагандзе і закліках да генацыду. Падчас суду спрабаваў апраўдвацца тым, што, заклікаючы выкараняць габрэйскі народ, ня меў на ўвазе зьнішчэньня ў літаральным сэнсе. А заклікі зьнішчаць сынагогі тлумачыў «выключна архітэктурнымі матывамі».
Штрэйхер быў адзіным з падсудных у Нюрнбэргу, каго прызналі вінаватым выключна за друкаваную прапаганду, а не за рэальны ўдзел у прыняцьці рашэньняў аб вайне і генацыдзе. Быў павешаны разам зь іншымі нацысцкімі злачынцамі 16 кастрычніка 1946 году. Сьведкі расказвалі, што Штрэйхер быў адзіным з асуджаных, хто працягваў крычаць «Хайль Гітлер!» нават з надзетым на галаву чорным каўпаком, за хвіліну да павешаньня.
Пасьля краху
...Агрэсіўная ваяўнічая прапаганда гіне разам з рэжымам, які яе нарадзіў і якому яна апантана служыла. Так было з усімі тыраніямі, і дыктатуры Лукашэнкі і Пуціна наўрад ці будуць выключэньнем. Што пасьля краху напаткае «зорак» прапаганды? Гістарычны досьвед мінулага стагодзьдзя пэўнага і адназначнага адказу на гэтыя пытаньні не дае. Пакаленьне позьнесавецкіх прапагандыстаў і агітатараў якіх-небудзь значных пакараньняў за сваю крывадушнасьць і цынізм, як вядома, не панесла. Пераважная большасьць нават ня каяліся, як Позьнер і Зорын. Больш за тое, як толькі стала магчыма — самі ж і ўзначалілі рух за свабодную прэсу, стаўшы заснавальнікамі і публіцыстамі новых незалежных СМІ. (Дый адкуль было ўзяцца іншым журналістам у краіне, якая толькі што пазбавілася ад таталітарнага рэжыму?)
Зрэшты, і віна іх была непараўнальная з той, якую ўскладаюць на свае плечы сёньняшнія падбухторшчыкі вайны, апявальшчыкі нянавісьці, нецярпімасьці, агрэсіўнасьці і хамства. Тое, чым займаюцца сёньня гэтыя фронтмэны прапаганды ў Расеі і Беларусі, у звыклыя позьнесавецкія схемы зусім ня ўпісваецца. Тут хутчэй напрошваюцца зусім іншыя гістарычныя аналёгіі і паралелі. Зь іншай ступеньню адказнасьці і іншымі пакараньнямі за ўчыненае.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перанос баявых дзеяньняў у Беларусь, закрыцьцё мяжы, новыя санкцыі. Аналітыкі — пра магчымыя наступствы ўдзелу Лукашэнкі ў расейскім крызісе