Гігін — прыхільнік «русского мира», пастаянна бярэ ўдзел у расейскіх прапагандысцкіх ток-шоў, падтрымлівае вайну. Свабода паглядзела, што пра яго вядома.
Нарадзіўся ў Менску, рос у вёсцы
Вадзім Гігін нарадзіўся ў 1977 годзе ў Менску. Вядома, што дзяцінства прайшло ў раёне вуліц Казлова і Даўгабродзкай. Гігін кажа, што проста ў іхным доме была бібліятэка, куды хлопец бегаў па кніжкі.
Пра бацькоў Гігіна мала што вядома. Свабода зьвярталася да «Кібэрпартызанаў», але нават у іх няма ніякай даведкі пра бацьку прапагандыста, якога звалі Франц. У адным з інтэрвію сам Вадзім Гігін казаў: «Ніколі па імю па бацьку Мар’янавіч, Францавіч, Казіміравіч нікога не судзілі і не пыталіся, у цябе бацька беларус-каталік ці паляк? Я ў жыцьці такога ня чуў».
Што тычыцца маці, то яе завуць Жанна Гігіна. Аднойчы Вадзім Гігін прыйшоў з маці на сустрэчу ў Палацы Рэспублікі зь пісьменьніцай Сьвятланай Алексіевіч. Публіцыст жыў тады разам з маці ў сьціплай кватэры ў менскім мікрараёне Сухарава.
У інтэрвію выданьню «Переходный возраст» Вадзім Гігін прызнаваўся, што вырас у вёсцы.
«Спачатку я хацеў быць конюхам (рос у вёсцы як-ніяк), потым дырыгентам, афіцэрам, дыпляматам. Але заўсёды любіў гісторыю, таму пайшоў на гістфак БДУ».
Вучыўся па-беларуску
Вядома, што Вадзім Гігін ва ўнівэрсытэце вучыўся на беларускамоўнай плыні, добра валодае беларускай мовай.
«Быў заўсёды засяроджаны на вучобе, мала з кім сябраваў. Запомнілася, што ён з тых часоў быў вялізным фанатам Сэрбіі і ўсяго сэрбскага», — расказаў Свабодзе аднагрупнік Гігіна.
Унівэрсытэт будучы прапагандыст скончыў з чырвоным дыплёмам. Потым паступіў у асьпірантуру Рэспубліканскага інстытуту вышэйшай школы пры БДУ на катэдру гісторыі беларусазнаўства. Там напісаў і абараніў дысэртацыю на тэму «Фармаваньне аднапартыйнай сыстэмы ў Беларусі ў 1917–1925 гадах». Навуковым кіраўніком Гігіна тады быў Мікалай Сташкевіч, які на той момант выконваў абавязкі дырэктара Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук.
Знаёмства з Азаронкам-старэйшым
Пасьля завяршэньня вучобы Гігін не пайшоў сьцяжынай прафэсійнага гісторыка, а абраў шлях грамадзкай дзейнасьці. Ад 2002 году ён працуе на розных пасадах у БРСМ. У той самы час кіраўніком інфармацыйнага аддзелу БРСМ быў Юры Азаронак, аўтар фільму «Дзеці хлусьні» і перадачы «Тайныя спружыны палітыкі» на БТ, дзе ачарняў апазыцыю.
Потым Азаронак-старэйшы становіцца прэс-сакратаром Генэральнай пракуратуры (2003–2004), куды забірае з сабой і Гігіна.
«Яны сышліся на глебе манархісцкіх, чарнасоценскіх поглядаў, прыхільнасьці да Расеі. Азаронак-старэйшы шмат у чым дапамог Гігіну», — расказаў Свабодзе знаёмы апошняга.
Адначасова з працай у Генпракуратуры Вадзім Гігін выкладаў у шэрагу ўнівэрсытэтаў — Інжынэрна-камандным МНС, Акадэміі МУС, БДЭУ. Чытаў лекцыі па гісторыі, а таксама курс «Вялікай Айчыннай вайны савецкага народу».
Захапленьне Мураўёвым-вешальнікам
У 2006 годзе Гігін становіцца першым сакратаром Менскай гарадзкой арганізацыі БРСМ. Менавіта на гэтай пасадзе ён даў вядомае інтэрвію, у якім захапляўся асобай віленскага генэрал-губэрнатара Міхаіла Мураўёва-вешальніка. Таго самага, які падаўляў паўстаньне 1863–1864 гадоў на тэрыторыі сучасных Беларусі і Літвы.
«Унікальны кіраўнік. Што б там ні гаварылі і як бы ні скажалі яго біяграфію, я б раіў вучыцца на яго прыкладзе як прыкладзе дзяржаўнага служачага. Гэта чалавек, які пакінуў вялікі сьлед у гісторыі нашай дзяржавы, а вынікі яго дзейнасьці мы адчуваем па сёньня. Сам стыль кіраўніцтва, лад думкі, граматны падбор кадраў, стварэньне эфэктыўнай каманды кіраўнікоў — усё гэта выклікае ў мяне павагу», — сказаў Гігін.
Супраца з заходнерусістамі
У 2007 годзе Вадзім Гігін становіцца галоўным рэдактарам часопіса Адміністрацыі прэзыдэнта «Беларуская думка». Варта адзначыць, што ў той самы час намесьнікам дырэктара Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру Адміністрацыі прэзыдэнта быў вядомы заходнерусіст Леў Крыштаповіч, аўтар выказваньня, што «Беларусь — гэта Расея са знакам якасьці» .
І Гігін, і Крыштаповіч у гэты самы час актыўна супрацоўнічаюць з сайтам Zapadrus.ru. У адной з публікацый на гэтым партале Гігін піша, што «рускі народ» складаецца зь вялікаросаў, беларусаў і маларосаў. А факт стварэньня Эўразійскага эканамічнага саюзу ён называе нічым іншым, як «праявай Божага промыслу».
«Я прыхільнік больш глыбокай інтэграцыі з Расеяй. Мы вельмі блізкія, мы адна цывілізацыя, адна культура. Я стаў перакананым прыхільнікам Лукашэнкі празь ягоны курс на інтэграцыю з Расеяй», —казаў Вадзім Гігін.
Тым ня менш дасьледчык сучаснага заходнерусізму ў Беларусі Ігар Лялькоў называў Вадзіма Гігіна найбольш асьцярожным у выказваньнях з усіх дзеячоў «Западной Руси» . «Гігін вядзе ўпартае змаганьне зь беларушчынай: ці гэта памяць пра паўстаньне Каліноўскага, ці гэта гісторыя БНР, ці то ўжываньне беларускай лацінкі», — піша Лялькоў.
Запрашаў на тэлебачаньне апазыцыянэраў
Вадзім Гігін — вялікі прыхільнік Расейскай праваслаўнай царквы. У адным з інтэрвію ён казаў, што ў выпадку, калі б у яго быў мільён даляраў, то палову б ён аддаў РПЦ. Публіцыст трапляў і ў іншы скандал, калі на БТ выйшаў фільм аб Берасьцейскай уніі 1596 году. Тады рыма- і грэка-каталікі абурыліся гэтым сюжэтам. Сцэнарыстам фільму быў якраз Вадзім Гігін. У фільме ўніяты і езуіты былі паказаныя як нешта абсалютна варожае для беларускага народу. Кіраўніцтва БТ нават мусіла выбачацца за той фільм.
Будучы галоўным рэдактарам «Беларускай думкі», Вадзім Гігін становіцца вядучым на тэлеканале АНТ. Вядзе ток-шоў «Справа прынцыпу». Фактычна Гігін стаў першым вядучым на дзяржаўным тэлебачаньні, які ў часы кіраваньня Лукашэнкі стаў запрашаць на свае эфіры прадстаўнікоў апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, незалежных эканамістаў, палітолягаў, журналістаў. Натуральна, нельга было казаць, што бакі былі прадстаўленыя роўна, але раней не было і такога. Таксама гасьцямі былі і прадстаўнікі «русского мира» ў Беларусі, такія як «казацкі атаман» Пятро Шапко, публіцыст Аляксей Дзермант, заходнерусісты Зелянкоўскі і Бендзін.
У 2017 годзе «Справу прынцыпу» на АНТ закрылі. Выданьне «Наша Ніва» пісала, што Вадзіму Гігіну прапанавалі ў эфіры менш выразна артыкуляваць сваю прарасейскую пазыцыю, але ён не пагадзіўся. Ток-шоў зь вядучым Гігіным перакачавала на тэлеканал «БелРос ТВ», але вялікага посьпеху не займела.
Расказваў, як выкінуў пустыя цюбікі Nivea
Ад 2016 году Вадзіма Гігіна перавялі на пасаду рэктара факультэту філязофіі і сацыяльных навук БДУ. Пры гэтым профільнай адукацыі Гігін ня меў. У размове са Свабодай выкладчыкі факультэту, якія працавалі разам з Гігіным, адзначалі, што ў навучальны працэс дэкан ня ўмешваўся, студэнтаў з палітычных прычын таксама не адлічвалі.
У 2020 годзе падчас пратэстаў Вадзім Гігін нават асабіста прыяжджаў да Ленінскага РАУС, дзе спрабаваў дабіцца вызваленьня сваіх студэнтаў, але няўдала. Многія студэнты і выкладчыкі самі адлічваліся і звальняліся з ФФСН БДУ.
У выніку Гігін стаў частым госьцем беларускіх прапагандысцкіх перадач. У 2021 годзе ён выказаўся пра марку Nivea, калі яна адмовілася спансаваць чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менску.
«Я вось асабіста скажу, я раней карыстаўся маркай Nivea, але пасьля гэтых хамскіх заяў, якія былі зробленыя ў пачатку году, для мяне гэтай кампаніі больш няма. Я нават тыя пустыя цюбікі, якія ў мяне былі, сабраў у пакецік і выкінуў», — сказаў прапагандыст. Навошта Гігін захоўваў тыя самыя пустыя цюбікі, ён не патлумачыў.
Часты госьць Салаўёва
У 2021 годзе Гігін становіцца кіраўніком Беларускага таварыства «Веды». Шмат езьдзіў па краіне з выступамі аб патрэбе новай рэдакцыі Канстытуцыі, агітаваў людзей прыходзіць на рэфэрэндум. Выступаў за чыстку дзяржаўных кнігарань ад «шкоднай літаратуры».
Ад пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне Вадзім Гігін цалкам падтрымаў Расею. Ён асабіста стаў езьдзіць з «гуманітарнымі місіямі» ў Луганск і Данецк. Таксама публіцыст становіцца частым беларускім госьцем на этэрах расейскага прапагандыста Ўладзіміра Салаўёва.
«Мэты дэнацыфікацыі Ўкраіны мы цалкам падзяляем», — казаў ён у эфіры Салаўёва 6 лістапада. Гігін дазваляе сабе крытыкаваць расейскае кіраўніцтва за недастатковую цьвёрдасьць у дзеяньнях па Ўкраіне.
Калі Вадзіма Гігіна прызначылі дырэктарам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, то з асуджэньнем выступіў МЗС Ізраілю празь яго «антысэміцкія выказваньні». Сам Гігін называецца чалавекам, які «спрыяў зьнішчэньню габрэйскай памяці».
Дачка і коні
Што тычыцца асабістага жыцьця Вадзіма Гігіна, то ён прызнаваўся, што ў яго ёсьць дачка 2009 году нараджэньня на імя Вераніка. Паводле дадзеных «Кібэрпартызанаў», жанатым прапагандыст ніколі ня быў.
Сваім хобі, апроч паходаў у архівы, Гігін называе конную язду.
«Конь — гэта ўнікальная жывёла. Не магу сказаць, што я такі ўжо прафэсійны вершнік, але на каня спакойна заскокваю, саскокваю, магу праехаць рысьсю і галёпам. Коні дапамагаюць адпачываць, лепш разумець прыроду. А яшчэ заняткі зь імі будзяць гістарычную памяць», — казаў Гігін.
Ён прызнаецца, што часта ходзіць у спартзалю. А любімымі пісьменьнікамі называў Чэхава, Ясеніна, Агату Крысьці, Хорхэ Люіса Борхеса, Жоржы Амаду.