Былая актывістка АГП Вольга Маёрава — фігурантка «справы аб тэрарызьме», у якой таксама праходзіць Мікалай Аўтуховіч, а агулам у ёй асудзілі 12 чалавек. Вользе Маёравай прысудзілі 20 гадоў зьняволеньня, у тым ліку за «ўдзел у злачыннай арганізацыі» і «заклікі да санкцый».
Палітзьняволеная сваёй віны не прызнала і абскардзіла вырак, але Вярхоўны суд адхіліў яе скаргу. У сярэдзіне траўня Вольгу Маёраву этапавалі з горадзенскай турмы ў гомельскую жаночую калёнію.
«Апошні ліст быў у сярэдзіне траўня, як прывезьлі ў гомельскую калёнію. Але потым — як абрэзала. Ня выключана, што зьмясьцілі ў ШЫЗА. А за што і на які тэрмін, невядома, і даведацца немагчыма. Зь фінансавых меркаваньняў адвакат да яе ня езьдзіць», — паведаміў сваяк Маёравай на ўмовах ананімнасьці.
Сваякі спрабавалі падтрымаць Вольгу Маёраву невялікім грашовым пераводам, але і гэта аказалася немагчымым.
«На пошце спачатку запатрабавалі шмат дадатковай інфармацыі, якой раней не патрабавалі, а потым сказалі, што ім спускаюць „сьпісы ўдзельнікаў тэрарыстычнай дзейнасьці“. Вольга знаходзіцца ў такім сьпісе, таму перавод для яе прыняць адмовіліся», — расказаў сваяк палітзьняволенай.
Праваабаронца «Вясны» Павал Сапелка лічыць, што ўведзеныя абмежаваньні — грубае парушэньне правоў чалавека.
«Гэта робіцца нібыта на законнай падставе, але не магу не сказаць, што тут проста ўжываюць заканадаўства аб процідзеяньні тэрарыстычнай дзейнасьці для перасьледу людзей з палітычных прычын», — мяркуе Павал Сапелка.
У адзіным лісьце з калёніі Вольга Маёрава напісала:
«Тут неба бяз кратаў, можна выходзіць у дворык і гуляць, плюс даволі вялікае памяшканьне ў параўнаньні з замкнутасьцю цесных кельляў. Баюся, толькі цяпер змагу асэнсаваць, як я жыла апошнія амаль два з паловай гады».
Праваабаронцы адзначаюць, што ўжо больш за месяц сваякі не атрымліваюць лістоў і ня маюць зьвестак пра шмат каго зь вядомых палітвязьняў. Сярод іх Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабарыка, Мікалай Статкевіч, Павал Севярынец, Марыя Калесьнікава, Ігар Лосік, Максім Знак ды іншыя. Паводле «Вясны», на пачатак ліпеня ў Беларусі былі 1492 палітвязьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пра Беларусь усе забылі». Саша Філіпенка пра сьмерць амапаўца, «Ціхароў» у Вільні і суды над сілавікамі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бацька — палітвязень у псыхіятрычным шпіталі, сын у вымушанай эміграцыі. Гісторыя сям’і з райцэнтру