Беларусь заняла 41-е месца сярод 146 краін, у якіх ацэньвалася ўцягнутасьць жанчын ва ўсе сфэры жыцьцядзейнасьці краіны. Рэйтынг падрыхтаваў Сусьветны эканамічны форум (Швайцарыя). У 2022 годзе Беларусь была на 36-й пазыцыі.
Беларусь аднесьлі да рэгіёну Эўразіі і Цэнтральнай Азіі. Унутры гэтай групы Беларусь займае другое месца пасьля Малдовы. На трэцім месцы — Армэнія, а далей ідуць Казахстан, Украіна, Грузія, Кыргызстан, Азэрбайджан, Таджыкістан і Турэччына. Аўтары дасьледаваньня адзначаюць, што гэты рэгіён займае 4-е месца з васьмі рэгіёнаў сьвету ў агульным індэксе гендэрнага разрыву. Аўтары дасьледаваньня адзначаюць, што на дасягненьне гендэрнага парытэту ў гэтым рэгіёне спатрэбіцца 167 гадоў, калі прагрэс будзе ажыцьцяўляцца цяперашнімі тэмпамі.
Суседзі Беларусі ў агульным рэйтынгу разьмеркаваліся наступным чынам: Латвія — 13, Літва — 9, Польшча — 60, Украіна — 66. Расею сёлета выключылі з рэйтынгу і не ацэньвалі гендэрную сытуацыю ў гэтай краіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першая – Ісьляндыя. Чаму гендэрная роўнасьць прыйдзе праз сто гадоўНа першых месцах у сёлетнім рэйтынгу гендэрнай роўнасьці Ісьляндыя, Нарвэгія, Фінляндыя, Новая Зэляндыя і Швэцыя. Сваё першынство гэтыя краіны ўтрымліваюць некалькі гадоў запар.
Па ўцягнутасьці жанчын у эканоміку Беларусь знаходзіцца на 7-м месцы, у адукацыі — на 75-м, на першым месцы — у сфэры здароўя і выжываньня, а па ўдзеле жанчын у палітыцы — на 69-м.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь — у топе ўсясьветнага рэйтынгу гендэрнай роўнасьці. Што кажуць беларускія экспэрты?