У Менскім гарадзкім судзе 16 чэрвеня ў закрытым рэжыме разгледзяць справу «аб зьмене прымусовых мер бясьпекі і лячэньня» ў дачыненьні да ўдавы загінулага ў перастрэлцы з супрацоўнікам КДБ айцішніка Андрэя Зельцэра Марыі Ўсьпенскай. Рашэньне ў справе будзе прымаць судзьдзя Валянціна Зянькевіч.
Паводле арт. 103 Крымінальнага кодэксу, рашэньне прымаецца судом на падставе высновы псыхіятрычнай мэдычна-кансультацыйнай камісіі, якую асуджаныя мусяць праходзіць ня менш за адзін раз на паўгода.
Роўна год таму судзьдзя Зянькевіч прызначыла Марыі прымусовае лячэньне ў псыхіятрычным стацыянары. Лячыцца яна будзе да выздараўленьня — тэрмін не вызначаўся судом. Палітзьняволеную абвінавацілі ў саўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка, але яе вызвалілі ад крымінальнай адказнасьці, бо знаходзілася ў стане непрытомнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: праваабаронцы паведамляюць аб правакацыі супраць Марыі КалесьнікавайКазлоў выйшаў з інфармацыйнай блякады
Пра гэта «Народнай волі» паведамілі паплечнікі палітыка, ад якога амаль два месяцы не было ніякіх вестак з калёніі.
Старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова асудзілі на 2 з паловай гады калёніі за ўдзел у адным з маршаў пратэсту ў жніўні 2020 году. Пакараньне ён адбывае ў магілёўскай калёніі № 15.
У мінулым месяцы ў Мікалая Казлова памерла маці, але на пахаваньне яго не пусьцілі.
«Больш за тое, навіну пра сьмерць маці Мікалаю перадалі зь вялікім спазьненьнем, — паведамляюць блізкія палітыка. — Страта роднага чалавека стала для яго вельмі моцным ударам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пераходзім да аднапартыйнай сыстэмы». Лідэры апазыцыйных партый расказалі, што будзе зь імі ў новых умовахЗаснавальніка Symbal.bу Паўла Белавуса перавялі ў шклоўскую калёнію
У Менскім гарадзкім судзе 11 траўня, агучылі прысуд палітзняволенаму заснавальніку крамы Symbal.bу і культурніцкаму мэнэджэру — 13 гадоў калёніі. Яго абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за «здраду дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК).
Паводле абвінавачваньня, Павал «распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму», вёў «антыдзяржаўную дзейнасьць», «стымуляваў варожасьць суайчыньнікаў у дачыненьні да Радзімы». Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму пазіцыя Паўла па справе і іншыя падрабязнасці справы невядомыя.
Жонка палітвязьня ў фэйсбуку паведаміла, што Паўла ўжо перавялі ў папраўчую калёнію № 17.
«Кажа, што ўспрымае гэта як вандроўку, але крыху іншы фармат», — напісала Кацярына Маковіч.
Новы адрас для лістоў і паштовак: ПК № 17. 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8, Павал Мікалаевіч Белавус
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сям'і асуджанага заснавальніка Symbal.by Паўла Белавуса за 12 гадзін сабралі больш за 17 тысяч эўра