Справу палітзьняволенай разглядаюць у Менскім гарадзкім судзе. Працэс вядзе судзьдзя Алена Шылько, паведамляе «Вясна».
Амаль на пачатку судовага паседжаньня працэс зрабілі закрытым, таму падрабязнасьці крымінальнай справы і пазыцыя Насты невядомыя.
Праваабаронцу Human Constanta Насту Лойку затрымалі 28 кастрычніка 2022 году. Яе абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 130 КК (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці).
Падставай для крымінальнай справы стаў даклад «Перасьлед анархістаў, антыфашыстаў, левых і сацыяльных актывістаў у Беларусі (2017 – жнівень 2018 году)». У ім даецца крытычная ацэнка дзейнасьці супрацоўнікаў міліцыі. Праваабаронцы пагражае да 12 гадоў калёніі.
Перасьлед Насты Лойкі
Некалькі запар адміністрацыйных арыштаў тэрмінам па 15 дзён Лойка адбыла ў турме на Акрэсьціна.
Паводле інфармацыі Human Constanta, падчас адміністрацыйнага арышту Насту двойчы вадзілі на гутаркі з супрацоўнікамі ГУБАЗіКу, дзе адзін раз яе ўдарылі электрашокерам, а 11 лістапада адзін з супрацоўнікаў ЦІП вывеў яе ва ўнутраны двор і пакінуў бяз вопраткі на 8 гадзін.
Пазьней Насту Лойку перавялі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага і выставілі ёй абвінавачаньне паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу. У «арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўным удзеле ў іх» (арт. 342 КК), і ў «распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасьці» (арт. 130 КК).
На гэта момант вядома, што праваабронцы ставяць у віну толькі артыкул 130 КК. Падставай для гэтага зрабіўся нібыта ўдзел праваабаронцы ў напісаньні справаздачы аб перасьледзе анархісцкай супольнасьці ў Беларусі за 2018 год: у дакладзе даецца крытычная ацэнка дзейнасьці супрацоўнікаў міліцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьведка расказала, як Насту Лойку трымалі бяз вопраткі ў двары турмы на АкрэсьцінаВядома, што Наста за кратамі пакутуе ад праблемаў са страўнікам. Яна вэганка і таму ня можа есьці тое, чым кормяць на «Валадарцы». Даводзіцца харчавацца толькі тым, што атрымлівае з волі праз перадачы і што можна набыць у турэмнай краме.
Таксама Насьце Лойцы трэба палячыць зубы, аднак і тут узьнікла праблема. Стаматоляга, якога для яе знайшлі блізкія, у турму не прапусьціў Сьледчы камітэт.
Праваабарончая арганізацыя Human Constanta, у якой працавала Наста Лойка, працягвае змагацца за яе вызваленьне. Аб справе Насты Лойкі праінфармавалі ААН. Зьвярнуліся і ў дзяржаўныя ўстановы Беларусі, адказу пакуль няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьняволеная Наста Лойка адмовілася падчас сьледзтва даваць паказаньні ў справе «Вясны» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Праваабаронцай 2022 году» назвалі палітзьняволеную Насту Лойку, «журналістам году» — Аксану Колб