Юрыст, праваабаронца, намесьнік старшыні Беларускай дыяспары Аджарыі Раман Кісьляк, спасылаючыся на афіцыйную статыстыку МУС Грузіі, прыводзіць такую лічбу: пасьля 2020 году ў бязьвізавую Грузію пераехалі больш за 13 тысяч беларусаў.
«Апошні раз я быў у Турэччыне на „visa run“ 40 хвілін»
Для грамадзянаў Беларусі, як і для грамадзянаў Украіны і Расеі, ёсьць асаблівы парадак знаходжаньня ў Грузіі. Яны могуць знаходзіцца ў краіне адзін год (365 дзён), потым выехаць у любую краіну і вярнуцца.
«Выехаць нават не абавязкова на цэлы дзень. Апошні раз я быў у Турэччыне 40 хвілін — пасядзеў на ўзьбярэжжы мора і вярнуўся. Памежнікі ведаюць, што іншаземцы раз на год робяць так званы „visa run“ — абнуленьне візы. Тэрмін абнуляецца, пачынаецца новы.
Гэта вельмі зручна: ня трэба ні рэгістрацыі, ні ДНЖ, ні статусу ўцекача. Ёсьць толькі штамп у пашпарце», — тлумачыць беларускі юрыст і праваабаронца.
Раман Кісьляк сьцьвярджае, што грузінскія ўлады рэдка афіцыйна дэпартуюць грамадзян іншых краінаў, бо гэта складаная працэдура, скандал, суд. Але апошнім часам яны сталі не ўпускаць назад у краіну людзей, якія рабілі так званы «visa run».
«Такое мы назіралі летась у дачыненьні да ўкраінскіх і расейскіх актывістаў, якія жылі ў Грузіі, працавалі, некаторыя нават купілі жытло. Яны выяжджалі, каб „абнуліцца“, а назад іх не ўпускалі, у дакумэнце было напісана „адмова зь іншых прычынаў“. У асноўным гэта тычылася правабааронцаў, антываенных актывістаў, фэм-актывістаў, ЛГБТ.
Былі выпадкі, калі выдвараліся грамадзяне, якія вызнаюць іслам. А сёлета пачалі не ўпускаць у Грузію пасьля „visa run“ і беларусаў», — кажа праваабаронца Раман Кісьляк.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адпачынак падчас санкцый і крызісу. Беларусы расказваюць, як зьезьдзілі ў Грузію аўтобусам«Вам адмоўлена ва ўезьдзе ў Грузію»
У красавіку 2023 года не ўпусьцілі ў Грузію аднаго з сузаснавальнікаў недзяржаўнай грамадзкай арганізацыі «Беларуская дыяспара Аджарыі» Яўгена Гацака.
Ён быў назіральнікам на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году ў Беларусі. Вымушана пераехаў у Грузію ў красавіку 2021 году. Успамінае, што калі беларусы праводзілі першую акцыю салідарнасьці ў Батумі, іх было ўсяго 6 чалавек. У кастрычніку 2021 году зарэгістравалі арганізацыю «Беларуская дыяспара Аджарыі» — і для камунікацыі з грузінскімі ўладамі, і каб была магчымасьць рэальна дапамагаць беларусам, якія прыяжджалі ў Грузію.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грузінскія памежнікі не ўпусьцілі ў краіну актывіста беларускай дыяспары з АджарыіЯўген расказаў, што два гады працаваў у грузінскай фірме, дачка хадзіла ў батумскі садок, і вось прыйшоў час «абнуліцца».
«25 красавіка я паехаў на дзень (гэта зусім блізка) у Турэччыну „абнуліцца“, а таксама на шопінг і разьвеяцца. Вяртаюся назад — а грузінскія памежнікі адмаўляюць мне ва ўезьдзе. Выдалі паперу, у якой быў толькі адзін сказ: „Вам адмоўлена ва ўезьдзе ў Грузію“ і пазнака: „іншыя прычыны“.
Паехаў у гатэль, пераначаваў. На наступны дзень паспрабаваў зноў трапіць у Грузію. Аднак памежнікі мне сказалі: „Вам яшчэ ўчора адмовілі, уезд у Грузію забаронены“. Я сказаў, што жыву ў Грузіі ўжо два гады, на радзіму вярнуцца не магу, хачу папрасіць прытулку».
Маю заяву прынялі, я чакаў 5 гадзін, але зноў сказалі, што ня пусьцяць. На гэтым мае адносіны з Сакартвэла, з Грузіяй, скончыліся», — кажа Яўген.
Жонка і дачка Гацака заставаліся ў Батумі, сам Яўген — у Турэччыне. Гэта гісторыя набыла тады вялікі рэзананс.
Гацак прыняў рашэньне рабіць візу ў нейкую іншую краіну.
«Каб я быў адзін, паспрабаваў бы судзіцца ці пажыць у Армэніі, але трэба было ж адказваць за сям’ю. Падалі дакумэнты ў польскае консульства ў Стамбуле, атрымалі гуманітарныя візы і ў канцы траўня выехалі з Грузіі. Пакуль мы ў сяброў ва Ўроцлаве», — расказаў Яўген Гацак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мне зрабілі казачна хутка — літаральна за пару дзён». Як беларусу памяняць пашпарт за мяжой і якая ёсьць альтэрнатыва«Няпэўнасьць вельмі напружвае»
Праваабаронца Раман Кісьляк прыяжджаў разьбірацца на мяжу, прывозіў памежнікам дакумэнты, калі Гацака не ўпусьцілі ў Грузію. Ён лічыць, што пытаньне вырашалася не мясцовымі памежнікамі, а вышэй — у Тбілісі.
«Я думаю, што многіх гэта чакае. Палітыка зьмянілася, маўляў, „вы тут жывяце, але ў любы момант вас могуць не пусьціць назад“. Можна нават атрымаць ДНЖ, але і яго могуць ануляваць. Такія прыклады таксама былі. Нявызначанасьць, няпэўнасьць вельмі напружвае беларусаў, якія знаходзяцца ў Грузіі. Незразумелыя правілы гульні.
Мы езьдзілі ў грузінскі парлямэнт, сустракаліся з дэпутаткай, тлумачылі ёй праблему. Будзем такія выпадкі абскарджваць, падымаць пытаньні на палітычным узроўні. Бо пасьля выпадку Яўгена Гацака людзі будуць пераяжджаць у іншыя краіны. У нас ёсьць ужо такая суполка, чат у Telegram — беларусаў Грузіі, якія пераехалі ў Польшчу. Магчыма, больш людзей будзе прасіць абароны і ўцякацтва. Бо фактычна мы тут уцекачы, толькі не заяўляем пра гэта», — мяркуе беларускі праваабаронца Раман Кісьляк.
Ён кажа, што пакуль гэта адзінкавыя выпадкі. Расказвае таксама пра беларускую сям’ю, якая мела дазвол на жыхарства ў Грузіі.
Муж, жонка і двое дзяцей. Па словах Кісьляка, іх выклікалі ў аддзел рэгістрацыі і анулявалі ДНЖ.
У Грузіі рэгіструюцца беларускія грамадзкія арганізацыі, там шмат актывістаў, прадстаўнікоў СМІ. Беларусы законапаслухмяныя, бесканфліктныя, добра сябе паводзяць, лічыць Раман Кісьляк.
«Грузінскі народ нас вельмі цёпла, добра прыняў. А ўрад — не. Урад бачыць ворагаў і ў грузінскай грамадзянскай супольнасьці, і ў актывістах іншых краінаў. Ідзе павольная плянамерная зачыстка грамадзянскай супольнасьці ў Грузіі — урад спрабаваў прамаркіраваць яе „замежнымі агентамі“ Ну і цяпер іншаземцаў могуць выдварыць рана ці позна, стварыўшы такія ўмовы няпэўнасьці», — кажа праваабаронца.
На погляд Рамана Кісьляка, такія выпадкі абыходжаньня зь беларусамі парушаюць прынцыпы прававой дзяржавы.
Свабода зьвярнулася па камэнтар аб сытуацыі у МУС Грузіі. Там паведамілі, што адкажуць на запыт аб выпадку Яўгена Гацака і іншых грамадзян Беларусі, як толькі гэта будзе магчыма. Мы апублікуем адказ пасьля яго атрыманьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грузія — за 690 эўра, Турэччына — 750. Дзе плянуюць адпачываць летам беларусы