Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што ўлады Белгарадзкай вобласьці і Міністэрства абароны Расеі не каардынуюць рэакцыі на «абмежаваныя памежныя рэйды» добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Ўкраіны.
«Дысананс расейскіх адказаў і паведамленьняў аб рэйдзе ў Белгарадзкай вобласьці працягвае сьведчыць аб тым, што расейскае кіраўніцтва яшчэ ня вырашыла, як рэагаваць на гэтыя абмежаваныя памежныя рэйды», — адзначаецца ў справаздачы Інстытуту вывучэньня вайны.
Паводле экспэртаў, рэакцыя ў асноўным канцэнтруецца «на інфармацыйных эфэктах», і няма ніякіх прыкмет таго, што расейскае кіраўніцтва вызначыла больш шырокую палітыку па прадухіленьні далейшых абмежаваных рэйдаў у памежныя расейскія рэгіёны.
У Інстытуце вывучэньня вайны мяркуюць, што ўлады так і не змаглі арганізаваць эвакуацыю мясцовых жыхароў, нягледзячы на адпаведныя заявы кіраўніцтва Белгарадзкай вобласьці.
Апроч таго, экспэрты зьвяртаюць увагу на тое, што рэакцыя расейскіх уладаў на падзеі ў Белгарадзкай вобласьці выклікала новую хвалю крытыку з боку вайсковых блогераў, а таксама ўласьніка прыватнай вайсковай кампаніі Яўгенія Прыгожына і Ігара Гіркіна, які ўдзельнічаў у захопе Данецкай вобласьці ў 2014 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Белгарадзкай вобласьці за дзень ад абстрэлаў загінулі 5 чалавек, ва Ўкраіне — 6 загінулыхШто цяпер адбываецца ў Белгарадзкай вобласьці
У ноч на 6 чэрвеня губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў паведаміў аб тым, што ў выніку атакі бесьпілётніка загарэўся адзін з энэргетычных аб’ектаў рэгіёну. Але ён запэўніў, што няма ні пацярпелых, ні адключэньняў ад электраэнэргіі.
Некаторыя ўкраінскія тэлеграм-каналы паведамляюць, што расейскія добраахвотнікі кантралююць некалькі населеных пунктаў у Белгарадзкай вобласьці.
Прадстаўнікі легіёну «Свабоды» пакуль не ўдакладняюць сытуацыю. Яны паведамілі, што ўлады Расеі адмовіліся ад перамоў па абмене палоннымі, таму захопленых расейскіх вайскоўцаў перадалі на падкантрольную тэрыторыю Ўкраіны ў так званы «Абменны фонд».
Ва ўмовах вайны і абмежаваньняў для незалежных СМІ на тэрыторыі Расеі высьветліць дакладную сытуацыю ў рэгіёне немагчыма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Расеі паведаміў пра «баі з дывэрсантамі» і заявіў, што гатовы сустрэцца для перадачы палонных расейцаўВыведка Вялікай Брытаніі: абстрэлы Расеі ўсё больш неэфэктыўныя
У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі паведамілі, што цягам траўня Расея выкарыстала супраць Украіны больш за 300 іранскіх бесьпілётных лятальных апаратаў, што стала найбольшай колькасьцю за апошні час.
«Падобна, Расея запускае так шмат дронаў, спрабуючы прымусіць Украіну выпусьціць запасы каштоўных сучасных ракет супрацьпаветранай абароны. Наўрад ці Расея дамаглася асаблівага посьпеху: Украіна нэўтралізавала як мінімум 90% бесьпілётнікаў, у асноўным выкарыстоўваючы сваю старую і больш танную зброю супрацьпаветранай абароны і радыёэлектронныя перашкоды», — адзначылі брытанскія выведнікі.
У вайсковай выведцы Вялікай Брытаніі, аналізуючы вынікі расейскіх абстрэлаў па тылавых рэгіёнах Украіны, прыйшлі да высновы, што Расея «застаецца вельмі неэфэктыўнай пры паразе такіх дынамічных мэтаў на вялікай адлегласьці празь яе дрэнныя працэсы навядзеньня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выведка Ўкраіны: У Расеі можа пачацца мяцеж або ваеннае супрацьстаяньнеВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.