Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Белгарадзкай вобласьці за дзень ад абстрэлаў загінулі 5 чалавек, ва Ўкраіне — 6 загінулых


Архищнае фота. Шабекіна, 31 траўня 2023 году
Архищнае фота. Шабекіна, 31 траўня 2023 году

Паводле губэрнатара Белгарадзкай вобласьці Вячаслава Гладкова, за мінулыя дзень у выніку абстрэлаў загінулі пяць чалавек, яшчэ 16 атрымалі раненьні.

Трое чалавек загінулі ў Валуйскай гарадзкой акрузе ў сяле Сабалеўка. Як сьцьвярджае Гладкоў, па вёсцы выпусьцілі снарады «Града», было зафіксавана 18 «прылётаў».

«Двое мужчын памерлі на месцы ад атрыманых траўмаў, яшчэ адна жанчына з асколачным пранікальным раненьнем пярэдняй брушной сьценкі і грудной клеткі памерла ў машыне хуткай дапамогі. 7 чалавек атрымалі раненьні рознай ступені цяжкасьці — шасьцёра шпіталізаваныя, адзін ад шпіталізацыі адмовіўся», — гаворыцца ў зводцы губэрнатара.

Увечары 2 чэрвеня Гладкоў паведамляў пра гібель дзьвюх жанчын, «калі ЎСУ абстралялі ўчастак аўтадарогі» у пасёлку Маслава Прыстань Шабекінскай гарадзкой акругі. Яшчэ8 чалавек у гэтым раёне пацярпелі.

Таксама адзін чалавек атрымаў асколачнае раненьне ступні пасьля працы ППА ў пасёлку Разумнае, сьцьвярджае губэрнатар і абвінавачвае ва ўсіх атаках украінскую армію.

Украіна абстрэлы расейскай тэрыторыі не камэнтуе.

Выданьне «Агенцтва» падлічыла, што за травень колькасьць пацярпелых ад атак у Белгарадзкай вобласьці дасягнула 60 чалавек. Таксама, паводле падлікаў журналістаў, рэгіён абстралялі 130 разоў. Гэта трэць ад агульнай колькасьці атак на рэгіён з пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Выданьне піша, што з пачатку вайны Белгарадзкую вобласьць атакавалі 358 разоў.

У Данецкай вобласьці за апошнія суткі з прычыны расейскіх абстрэлаў загінулі два чалавекі, яшчэ чатыры атрымалі раненьні.

У Херсонскай вобласьці пацярпелі пяць мірных жыхароў, у тым ліку двое дзяцей. Вобласьць абстралялі 65 разоў, пашкоджаны дамы, дзьве царквы і адміністрацыйныя будынкі.

Кіраўнік Харкаўскай абладміністрацыі Алег Сінягубаў паведаміў аб абстрэлах гарадоў і сёлаў Харкаўскага, Купянскага, Чугуеўскага і Багадухаўскага раёнаў.

Паводле яго зьвестак, з-за абстрэлаў у сяле Івашкі Багадухаўскага раёна загінуў мужчына 67 гадоў. У пасёлку Каўшараўка Купянскага раёна загінулі 61-гадовы мужчына і жанчына 45 гадоў. Акрамя гэтага, пацярпелі тры пажылыя жанчыны і трохгадовы хлопчык. У пасёлку Двухгадовая таго ж раёна з-за танкавых абстрэлаў раненьні атрымалі мужчына і жанчына 70 і 73 гадоў.

Паблізу сёлаў Марозава Даліна і Лемішчыне Багадухаўскага раёна, як піша Сінягубаў, на невядомым выбуховым прыстасаваньні падарваўся аўтамабіль, у якім знаходзілася сям’я з трыма дзецьмі. Загінула 37-гадовая жанчына. Кіроўца аўтамабіля, мужчына 36 гадоў, а таксама дзьве дзяўчынкі 12 і 15 гадоў і хлопчык 12 гадоў атрымалі раненьні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG