Больш за тры месяцы таму ад часткі палітвязьняў навіны перасталі атрымліваць нават родныя. Сваякі зьняволеных у размове са Свабодай выказвалі думку, што гэта можа быць спэцыяльна арганізаваная зьверху апэрацыя дзеля ціску на найбольш актыўных ці публічных людзей.
Частка сваякоў вырашылі не рабіць розгалас, бо мяркуюць, што агучваньне сытуацыі можа нашкодзіць вязьням яшчэ больш.
Мікола Статкевіч, палітык
Няма інфармацыі 111 дзён, напісала ў Фэйсбуку ягоная жонка Марына Адамовіч. Статкевіч за кратамі ўжо роўна тры гады. Яго затрымалі да прэзыдэнцкіх выбараў нібыта за «падрыхтоўку пратэстаў».
Прысуд: 14 гадоў калёніі.
Месца: калёнія № 13 у Глыбокім.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Статкевіча на паўгода адправілі ў адзіночку, Кастусёва шпіталізавалі, дзе Бабарыка, невядомаМаксім Знак, адвакат
Няма інфармацыі 111 дзён. Імаверна, ён у штрафным ізалятары або ПКТ, але дакладнай інфармацыі няма. Адваката Знака пазбавілі ліцэнзіі.
Прысуд: 10 гадоў калёніі.
Месца: калёнія № 3 у пасёлку Віцьба Віцебскай вобласьці.
Ігар Лосік, журналіст Свабоды
Тры месяцы родныя Ігара не атрымліваюць ад яго лістоў. Як стала вядома Свабодзе, Лосіка ўтрымліваюць у памяшканьні камэрнага тыпу.
Прысуд: 15 гадоў калёніі.
Месца: калёнія № 1 у Наваполацку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На шыі і руках — шнары. Больш за 3 месяцы няма лістоў ад палітзьняволенага журналіста Свабоды Ігара Лосіка
Сяргей Ціханоўскі, блогер, прэтэндэнт на месца прэзыдэнта Беларусі
Тры месяцы ад яго няма інфармацыі, заявіла 29 траўня ягоная жонка Сьвятлана Ціханоўская. Ціханоўскага затрымалі адным зь першых. Ён за кратамі больш як 3 гады.
Прысуд: 19,5 года калёніі.
Месца: сьледчая турма № 8 у Жодзіне.
Валянцін Стэфановіч, праваабаронца
Няма інфармацыі 36 дзён. Пяць тыдняў ад Валянціна няма лістоў пасьля пераводу ў калёнію. Ягонага адваката пазбавілі ліцэнзіі. Тэрмін карантыну пасьля пераводу ў калёнію меўся ўжо скончыцца.
Прысуд: 9 гадоў калёніі.
Месца: калёнія № 15 у Магілёве.
Віктар Бабарыка, банкір, прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі
34 дні невядома, дзе ён і ў якім стане. Напрыканцы траўня зьявілася непацьверджаная інфармацыя, што Віктара Бабарыку, магчыма, моцна зьбілі ў калёніі. Паведамлялі, што ён трапіў у шпіталь, адкуль пазьней яго забралі.
Прысуд: 14 гадоў калёніі.
Месца: невядома. Раней знаходзіўся ў калёніі № 1 Наваполацку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: The Washington Post: «Увесь сьвет павінен запатрабаваць ад дыктатара адказу: дзе Віктар Бабарыка?»
Дзяніс Дзікун, «рэйкавы партызан» са Сьветлагорску
34 дні ад яго няма інфармацыі пасьля пераводу зь СІЗА ў калёнію. Апошні ліст датаваны 27 красавіка.
Прысуд: 23 гады калёніі.
Месца: калёнія № 9 у Горках.
Некаторыя палітвязьні нядаўна зьнікалі на працяглы час, але потым ад іх прыходзілі весткі. Так, пасьля пераводу ў калёнію праваабаронцы Алеся Бяляцкага больш як празь месяц ад яго прыйшоў ліст. Гэтаксама празь месяц пасьля этапу патэлефанаваў дадому яшчэ адзін «вясновец» Уладзь Лабковіч. Зьніклы футбольны фанат зь Пінску Алег Рубец, як выявілася, правёў 40 дзён у ШЫЗА.
Што вядома пра ўмовы ў карцары, ШЫЗА і ПКТ
Дзе існуюць карцары, а дзе ШЫЗА
У карцар вязьня могуць зьмясьціць толькі ў сьледчым ізалятары, дзе ўтрымліваюць тых, хто яшчэ не асуджаны альбо хто атрымаў прысуд і чакае адказу на апэляцыю (арыштант, адносна якога прысуд не ўступіў у сілу, фармальна ня лічыцца злачынцам).
У калёніі асуджанага вязьня могуць пакараць за нейкае парушэньне зьмяшчэньнем у ШЫЗА (штрафны ізалятар) альбо адправіць у ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу). Туды на працяглы час, нават на некалькі месяцаў, трапляюць тыя вязьні, хто раней ужо быў пакараны штрафным ізалятарам, але, паводле адміністрацыі, «ня стаў на шлях выпраўленьня».
Чым розьняцца ўмовы ў карцары і ШЫЗА
У адрозьненьне ад карцара ў ШЫЗА на ноч не выдаюць матраца, коўдры і падушкі, там вязень сьпіць на голых дошках. Таксама ў штрафным ізалятары, у адрозьненьне ад ПКТ і карцара, дзе дазволена гадзінная прагулка, на сьвежае паветра не выводзяць.
Лісты вязьням ШЫЗА і карцара не прыносяць, кнігі, газэты таксама пад забаронай, не працуе нават радыё. ПКТ такое абмежаваньне не датычыць.
Што аднолькава ў ШЫЗА і карцары
Умовы побыту ў ШЫЗА і ў карцары сьледчага ізалятара амаль аднолькавыя. Ложкі не стаяць на падлозе, а прычапляюцца ўдзень да сьцяны, як у цягніку, і адкладаюцца толькі на ноч. Адзеньне, якое прымушаюць насіць вязьняў, пакараных карцарам ці ШЫЗА, таксама фактычна аднолькавае: чорныя штаны, куртка без каўняра, шлёпанцы на нагах. Толькі ўзімку дазваляюць паддзяваць пад куртку майку з даўгімі рукавамі, а ў іншы час толькі з кароткімі.
З асабістых рэчаў арыштанту ў штрафным ізалятары і вязьню ў карцары дазволеныя ручнік, кавалак мыла, рулён туалетнай паперы, зубная шчотка і паста.Мінімальнае абсталяваньне камэр — таксама аднолькавае ў ШЫЗА і карцары: жалезная палічка на некалькі ячэек, кароткі столік і вузкая лаўка пры ім. Ножкі стала і лаўкі прымацаваныя да падлогі.
Акрамя дзяжурнага, які рэгулярна зазірае ў «вочка», каб спраўдзіць, ці выконвае вязень распарадак, усе рухі зьняволенага ў ШЫЗА і карцары адсочвае і відэакамэра. Калі арыштант сядзе ці ляжа на падлогу, яму выставяць рапарт ці прызначаць новае пакараньне.