Пазбавілі ліцэнзіяў яшчэ чатырох адвакатаў, у тым ліку абаронцаў Лосіка, Знака, Белавуса, Стэфановіча

Кваліфікацыйная камісія пазбавіла ліцэнзій чатырох адвакатаў і яшчэ чатыром паведаміла пра няпоўную адпаведнасьць па выніках пазачарговай атэстацыі.

Ліцэнзій пазбавілі Аляксандра Ўласевіча і Сьвятлану Якушаву зь Віцебскай абласной калегіі адвакатаў, а таксама раней выключаных зь Менскай абласной калегіі адвакатаў Юрыя Козікава і Арцёма Сям’янава. Як паведамляе «Наша Ніва», прычынай называецца «зьдзяйсьненьне імі правінаў, несумяшчальных са званьнем адваката».

Са згаданых вышэй Юры Козікаў абараняў Максіма Знака і былога сьледчага Яўгена Юшкевіча, Арцём Сямʼянаў — адвакат Валянціна Стэфановіча, Тацяны Кузінай, Ігара Лосіка, Паўла Белавуса. Абодва юрысты затрымліваліся ў сакавіку, калі ўлады зладзілі на адвакатаў сапраўдную аблаву, і адседзелі суткі.

  • Адвакатам Горадзенскай абласной калегіі Сьвятлане Басалай, Сьвятлане Бірылавай, Вячаславу Сапрыку і Аксане Шупіцкай абвешчана аб няпоўнай адпаведнасьці з адтэрміноўкай атэстацыі на шэсьць месяцаў пры ўмове праходжаньня павышэньня кваліфікацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пазбавілі ліцэнзіі — і добра. Дзякуй, што не пасадзілі». Дзейная і былая адвакаткі расказалі, у якіх умовах працуюць абаронцы ў Беларусі

За час пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году дзясяткі юрыстаў, якія былі абаронцамі ў палітычных працэсах, пазбаўленыя адвакацкіх ліцэнзіяў.

Акрамя таго, у Беларусі за кратамі знаходзяцца шасьцёра адвакатаў, якія прызнаныя палітычнымі вязьнямі:

  • Максім Знак (6 верасьня 2021 г. асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня);
  • Аляксандар Данілевіч (10 красавіка 2023 г. асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня);
  • Віталь Брагінец (2 лютага 2023 г. асуджаны на 8 гадоў зьняволеньня);
  • Анастасія Лазарэнка (11 траўня 2023 г. асуджаная на 6 гадоў пазбаўленьня волі);
  • Юлія Юргілевіч (затрыманая 30 жніўня 2022 году; на сёньняшні дзень разгляду справы яшчэ не было);
  • Аляксей Бародка (затрыманы ў студзені 2023 г., 15 траўня пачаўся разгляд справы).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвакатку Лазарэнку, якая кансультавала былых вязьняў пад турмой на Акрэсьціна, асудзілі на 6 гадоў калёніі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску затрымалі адваката Аляксея Бародку. Са студзеня ён у менскім СІЗА-1
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камісія Міністэрства юстыцыі пазбавіла ліцэнзій пяць адвакатаў, у тым ліку абаронцу многіх палітвязьняў Інэсу Аленскую