Цэнтар нацыянальнага супраціву, які зьвязваюць з украінскай выведкай, паведаміў, што Расея залучае грамадзян Беларусі да будаўніцтва фартыфікацыйных збудаваньняў у акупаваных рэгіёнах Украіны.
«Паколькі жыхары часова акупаваных тэрыторый ня хочуць працаваць на акупантаў, расейцы вымушаны залучаць для інжынэрных работ гастарбайтэраў зь Беларусі», — адзначаецца ў паведамленьні Цэнтру.
Паводле зьвестак Цэнтру, Расея нібыта далучала дзьве беларускія брыгады — адну да будаўніцтва фартыфікацыйных збудаваньняў у Херсонскай вобласьці, а другую — да дэмантажу зруйнаваных будынкаў у Марыюпалі.
«У сувязі з складанай эканамічнай сытуацыяй і павелічэньнем беспрацоўя ў Беларусі ўсё больш грамадзян Беларусі едуць на часова акупаваныя тэрыторыі Ўкраіны, каб выконваць працу, ад якой адмаўляюцца мясцовыя жыхары», — адзначаецца ў паведамленьні Цэнтру нацыянальнага супраціву.
Праз вайну і адсутнасьць незалежных СМІ на акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторыях праверыць гэтую інфармацыю немагчыма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зафіксавалі перамяшчэньне вайсковай тэхнікі». Украінскія памежнікі зноў пажартавалі зь беларускіх калег. ВІДЭАУ лютым 2022 году кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў. Тэрыторыя Беларусі і пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскім войскам для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне ў асобныя пэрыяды.
10 кастрычніка 2022 году Аляксандар Лукашэнка абвясьціў пра дамоўленасьць з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным разгарнуць рэгіянальную групоўку войскаў на тэрыторыі Беларусі. З 15 кастрычніка Расея пачала перакідаць войскі ў Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзецям не дазваляюць быць украінцамі». Як рэжым Лукашэнкі дапамагае русыфікаваць украінскіх дзяцейУ студзені прайшла тыднёвая трэніроўка аб’яднанага камандаваньня «рэгіянальнай групоўкі войскаў». З пачатку 2023 году ў Беларусі пэрыядычна таксама праводзяць вучэньні тэрытарыяльных войскаў.
Вучэньні адбываюцца на фоне вайны, якую Расея вядзе супраць Украіны. У гэтай агрэсіі кіраўніцтва Беларусі падтрымлівае Крэмль, хоць беларускае войска ў баях ня ўдзельнічае. Менавіта пасьля вайсковых манэўраў у Беларусі войскі Расеі ў лютым 2022 году перасеклі мяжу, напаўшы на Ўкраіну.
Украіна актыўна ўмацоўвае паўночныя тэрыторыі, дапускаючы паўторнае ўварваньне праціўніка зь Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перавозчык з Гомля анансаваў рэгулярныя аўтобусныя перавозкі ў акупаваны Расеяй Данецк