На ім беларускія памежнікі з месца на месца перамяшчаюць свой аўтамабіль.
Гэты запіс украінцы суправаджаюць іранічным камэнтаром:
«Пагроза зь Беларусі⁉️ Дрон украінскіх памежнікаў зафіксаваў перамяшчэньне вайсковай тэхнікі непадалёк ад мяжы».
Украінскія памежнікі пэрыядычна публікуюць свае відэазапісы, зробленыя на мяжы зь Беларусьсю. Сярод іх як жартаўлівыя з пудзілам, так і як аб разьмяшчэньні вялікіх плякатаў з інфармацыяй аб расейскай агрэсіі супраць Украіны і бел-чырвона-белых сьцягоў. Былі факты, калі ўкраінцы сьпявалі гімн Украіны і іншыя песьні.
У беларускіх памежнікаў гэтыя дзеяньні з украінскага выклікаюць абурэньні. Яны называюць іх правакацыямі «з мэтай нейкага запалохваньня і псыхалягічнага ціску на вайскоўцаў, якія ахоўваюць дзяржаўную мяжу Беларусі».
У лютым 2022 году кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў. Тэрыторыя Беларусі і пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскім войскам для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне ў асобныя пэрыяды.
10 кастрычніка 2022 году Аляксандар Лукашэнка абвясьціў пра дамоўленасьць з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным разгарнуць рэгіянальную групоўку войскаў на тэрыторыі Беларусі. З 15 кастрычніка Расея пачала перакідаць войскі ў Беларусь.
У студзені прайшла тыднёвая трэніроўка аб’яднанага камандаваньня «рэгіянальнай групоўкі войскаў». З пачатку 2023 году ў Беларусі пэрыядычна таксама праводзяць вучэньні тэрытарыяльных войскаў.
Вучэньні адбываюцца на фоне вайны, якую Расея вядзе супраць Украіны. У гэтай агрэсіі кіраўніцтва Беларусі падтрымлівае Крэмль, хоць беларускае войска ў баях ня ўдзельнічае. Менавіта пасьля вайсковых манэўраў у Беларусі войскі Расеі ў лютым 2022 году перасеклі мяжу, напаўшы на Ўкраіну.
Украіна актыўна ўмацоўвае паўночныя тэрыторыі, дапускаючы паўторнае ўварваньне праціўніка зь Беларусі.