Буйны магілёўскі завод «Строммашына» прызнаны банкрутам, яго ліквідуюць

Эканамічны суд Магілёўскай вобласьці прыняў рашэньне аб ліквідацыі ААТ «Магілёўскі завод Строммашына». Такая інфармацыя апублікаваная ў Адзіным дзяржаўным рэестры зьвестак аб банкруцтве.

У пастанове суда ўказана, што суд прыняў рашэньне аб прызнаньні завода банкрутам. Устаноўлены і тэрмін ліквідацыі ААТ «Магілёўскі завод «Строммашына» — да 1 кастрычніка 2023 году.

На 15 чэрвеня абвясьцілі аўкцыён па продажы маёмасьці завода, у ліку лотаў — розныя станкі і паўаўтаматы, прэсы. Як паведамляюць магілёўскія СМІ, нерухомую маёмасьць завода плянуюць прадаць адзіным лотам з умовай зьмяненьня функцыянальных прызначэнньяў будынкаў і збудаваньняў. Такім чынам частка тэрыторый былога завода пяройдуць гораду, а будынкі на ёй рэканструююць. Калектыў завода, а гэта прыкладна 700 чалавек, рыхтуецца працаваць у складзе «БЕЛАЗ».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ільнозавод, вытворчасьць вагонаў і кансэрваў. Як і чаму банкрутуюць дзяржаўныя заводы ў Беларусі

Магілёўскі завод «Строммашына» — буйное машынабудаўнічае прадпрыемства, яго нават называлі адным зь вядучых у Беларусі. Завод вырабляе шпалы, вежавыя краны, а таксама тавары народнага спажываньня. Завод супрацоўнічаў зь «Беларуськаліем», пастаўляў прадукцыю для Маскоўскага мэтрапалітэну. Сваю працу пачаў яшчэ ў 1913 годзе. Прадукцыю заводу пастаўлялі ва ўсе краіны СНД.

Яшчэ ў 2015 годзе завод быў прызнаным неплацежаздольным, на той час яго даўгі крэдыторам складалі 11 мільёнаў рублёў. Завод вырашылі рэанімаваць: рэанімацыя працягвалася сем гадоў, але вынікаў не дала. Запазычанасьць ня толькі не паменшылася, а наадварот, дадалося даўгоў на 14 млн рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Завод перажыў дзьве вайны, але збанкрутаваў пры Лукашэнку. Што адбываецца зь беларускімі прадпрыемствамі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На магілёўскім заводзе ўводзяць 1-гадзінны працоўны дзень праз два гады пасьля візыту Лукашэнкі