Адміністрацыя магілёўскага заводу «Строммашына» выдала распараджэньне, паводле якога працоўны дзень на прадпрыемстве ад 20 жніўня мае доўжыцца 1 гадзіну: ад 7 да 8 раніцы. Працоўны тыдзень застанецца пяцідзённым.
Такі графік працы ўведзены згодна з указам «Аб аптымізацыі колькасьці работнікаў».
Не пагодзіцеся з новым графікам — звольнім
Ананімны работнік прадпрыемства даслаў Свабодзе апавяшчэньне, выдадзенае яму пад росьпіс. Дакумэнт пад назвай «Об изменении существенных условий труда» падрыхтаваны аддзелам кадраў. Увядзеньне новага графіку працы тлумачацца аптымізацыяй вытворчага цыклю і выкананьня пляну фінансавага аздараўленьня (санацыі). Прычынамі для 1-гадзіннага працоўнага дня на прадпрыемстве называюцца:
- нізкая эфэктыўнасьць вытворчасьці;
- цяжкое эканамічнае становішча;
- зьмяншэньне аб’ёму работ.
Калі работнік прадпрыемства адмовіцца працаваць паводле «зьмененых умоваў працы» — яго звольняць. Падставай для спыненьня кантракту стане 5 пункт 35 артыкула Працоўнага кодэксу (за адмову працягваць працу ў сувязі са зьмяненьнем істотных умоваў працы). Працоўнаму ў гэтым выпадку выплацяць па звальненьні дапамогу ў памеры двухтыднёвага сярэдняга заробку.
Работнік прадпрыемства: Будзем трымацца за працоўнае месца, бо няма куды ісьці
Работнікі прадпрыемства новы графік працы называюць зьдзекам. На іхную думку, адміністрацыя «вынайшла спосаб, каб правесьці на заводзе скарачэньні». Паводле работнікаў, перанятых ля прахадной, на прадпрыемства неўзабаве наведаецца дэлегацыя з галіновага прафсаюзу, каб разабрацца з законнасьцю распараджэньня пра 1-гадзінны працоўны дзень.
«Зразумела, што настрой у калектыве нэрвозны. Значная частка працоўнага калектыву мае перадпэнсійны век, і калі звольняцца, працы ім не знайсьці. Таму будуць трываць, як і я, з заробкам у 100 рублёў. Ён і раней да 300 не дацягваў. Веры ў тое, што сытуацыю зьменяць да лепшага прафсаюзьнікі, няма. Да нас ужо Лукашэнка прыяжджаў — і што зьмянілася?» — пракамэнтаваў сытуацыю на прадпрыемстве адзін з работнікаў.
Па словах суразмоўцы, той, хто хацеў звольніцца, ужо звольніўся. На сайце прадпрыемства чатыры дзясяткі вакансій. Патэнцыйным работнікам абяцаюць заробак ад 350 рублёў.
Прадстаўнік адміністрацыі заводу: «Галіновы прафсаюз дасьць прававую ацэнку рашэньню аб скарачэньні працоўнага дня»
У адміністрацыі прадпрыемства камэнтаваць намеры ўвесьці аднагадзінны працоўны дзень устрымліваюцца, аднак пацьвярджаюць словы работнікаў пра візыт прадстаўніка галіновага прафсаюзу на завод.
«Да нас прыяжджае юрыст з прафсаюзу, і ён будзе даваць прававую ацэнку такім дзеяньням. Таму пакуль заўчасна казаць пра тое, ці будзе дакумэнт мець нейкую юрыдычную сілу, і камэнтаваць яго», — сказаў прадстаўнік адміністрацыі заводу.
У прафсаюзе работнікаў галін прамысловасьці «Белпрафмаш» пацьвердзілі, што на завод выехалі іх прадстаўнікі, каб на месцы разабрацца з сытуацыяй. Больш даведацца не ўдалося.
Праваабаронца: Гэта завуаляванае скарачэньне
Сябру Магілёўскага праваабарончага цэнтру Аляксандру Хамратаву даводзілася адстойваць інтарэсы работніка, якога адміністрацыя паставіла перад фактам, што ён мусіць працаваць скарочаны дзень. Па яго словах, цяперашняе заканадаўства дае наймальніку права мяняць графік працы ў залежнасьці ад эканамічнай сытуацыі на прадпрыемстве.
«Такое рашэньне, безумоўна, скіраванае на тое, каб людзі самастойна звальняліся і ім не выплачвалася кампэнсацыя ў памеры трох месячных заробкаў. Можна сказаць, што гэта завуаляванае скарачэньне, — камэнтуе сытуацыю праваабаронца. — Тут можна паспрабаваць звольніцца ў сувязі з парушэньнем наймальнікам умоваў працы, альбо ў судзе намагацца давесьці, што зьмены працоўнага графіку былі неабгрунтаваныя, бо сама адміністрацыя ня справілася з абавязкамі па кіраваньні прадпрыемствам».
Лукашэнка пра «Строммашыну»: Вы павінны паказаць людзям, што гэта нармальнае прадпрыемства
З эканамічнымі цяжкасьцямі прадпрыемства сутыкнулася ў 2013 годзе. Тады адміністрацыя тлумачыла крызіс тым, што з заводам не разьлічваюцца партнэры. Праблемы абвастрыліся, калі ў Расеі, дзе асноўныя гандлёвыя партнэры «Строммашыны», рэзка абвалілася валюта. Каб застацца на плыву, прадалі адміністрацыйны будынак.
2 ліпеня 2015 году эканамічны суд Магілёўскай вобласьці прызнаў «Строммашыну» банкрутам. Сярод прычын неплатаздольнасьці прадпрыемства называліся неэфэктыўны маркетынг, малаэфэктыўнае выкарыстаньне крэдытных рэсурсаў, накіраваных на пагашэньне запазычанасьці па заработнай плаце, невысокая вытворчая, выканаўчая дысцыпліна.
22 ліпеня 2016 году Аляксандар Лукашэнка наведваў «Строммашыну» і загадаў «пачаць варушыцца». Кіраўнік дзяржавы аднаўленьне заводу назваў «справай нашага гонару».
«Да канца 2017 году вы павінны людзям паказаць, што гэта нармальнае прадпрыемства, якое вырабляе добрую прадукцыю», — цытавала Лукашэнку БелТА.
22 жніўня 2017 году тэрмін санацыі «Строммашыны» Эканамічны суд падоўжыў. На судовым пасяджэньні адзначалася, што прадпрыемства выйшла на бясстратную працу і атрымлівае прыбытак.
Сёлета 28 ліпеня тэрмін санацыі «Строммашыны» падоўжылі на пяць гадоў. «Для забесьпячэньня стабільнай і эфэктыўнай дзейнасьці, аднаўленьня платаздольнасьці, захаваньня працоўных месцаў і сацыяльнай абароненасьці работнікаў». За два дні да прыняцьця рашэньня аб падаўжэньні санацыі быў выдадзены ўказ «Аб аптымізацыі колькасьці працоўных». Згодна зь ім і зьбіраюцца скарачаць працоўны графік да 1 гадзіны.
«Строммашына» — адно з найстарэйшых прадпрыемстваў Беларусі. Выпускае машыны для вытворчасьці будаўнічых матэрыялаў, горныя і будаўнічыя машыны, вежавыя краны.