«Сьпяшаюся паведаміць, што ад 5 траўня мяне перавялі на турэмны рэжым. Пакінулі тут, у Горадні. А зь іншым усё нармальна, можаце за мяне не перажываць», — напісаў Мікалай Аўтуховіч.
«Грошай на адваката амаль няма»
Сваякі Мікалая Аўтуховіча расказалі аб праблеме, зь якой сутыкнуліся ў апошні час — у іх канчаюцца грошы на паслугі адваката.
«Кожнае наведваньне ў турму каштуе больш за 500 рублёў. Грошай амаль няма. Што рабіць далей, ня ведаюць. Спадзяюцца на дапамогу добрых людзей», — паведаміў чалавек, блізкі да сваякоў палітвязьня.
Мікалай Аўтуховіч у 2014 годзе ўжо сядзеў у горадзенскай турме, калі адбываў пяцігадовы тэрмін за нібыта незаконныя дзеяньні са зброяй. Па яго словах, з таго часу ў сыстэме шмат што зьмянілася.
Як цяпер пачуваецца Мікалай Аўтуховіч?
«Пісаў, што ўсё нібыта нармальна. Але вядома, што яму патрэбны пэўныя лекі, якіх нельга трымаць у камэры, і ад гэтага шмат цяжкасьцяў», — расказаў сваяк Мікалая Аўтуховіча пра стан вязьня.
У кастрычніку 2022 году Горадзенскі абласны суд асудзіў Мікалая Аўтуховіча на 25 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, уключна з артыкуламі пра тэрарызм, здраду дзяржаве і заклікі да санкцый. Віны Мікалай Аўтуховіч не прызнаў. Вярхоўны суд адхіліў апэляцыйную скаргу Мікалая Аўтуховіча на прысуд Гарадзенскага абласнога суду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: ГУБАЗіК прасіў удзелу ў допытах «вясноўцаў»; ціск на фігурантаў «справы Аўтуховіча»«Напісаў, што амаль страціў слых»
Сваякі фігуранта справы Аўтуховіча, краязнаўца і выдаўца з Баранавічаў Уладзімера Гундара атрымалі ад яго ў апошнім лісьце трывожную навіну.
«У нас адна сумная навіна. Пасьля карцару, зь якога Валодзя выйшаў 5 траўня, ён амаль што зусім аглух. Даведаліся пра гэта зь ягонага ліста, які прыйшоў 20 траўня».
Паводле сваякоў Уладзімера Гундара, гэта зь ім здарылася ў апошні дзень карцару. Прычыну раптоўнай хваробы сваякі ня ведаюць. Ім сказалі, што турэмны лекар выдаў Уладзімеру антыбіётыкі і абяцаў выклікаць да яго доктара — спэцыяліста ў праблемах са слыхам. Ці аглядаў ужо такі лекар Уладзімера, сваякам невядома.
Палітвязень Уладзімер Гундар — інвалід, у яго ампутаваная нага. У турме ён ня можа карыстацца пратэзам, мусіць перасоўвацца пераважна на мыліцах.
У крымінальнай справе аб тэрарызьме разам зь Мікалаем Аўтуховічам летась Уладзімера Гундара асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня. Сваёй віны Гундар не прызнаў. У канцы студзеня ў Ленінскім судзе Горадні пачаўся разгляд трэцяй крымінальнай справы супраць баранавіцкага актывіста — аб абразе пракурора. У выніку 17 красавіка судзьдзя Алена Пятрова прызнала Гундара вінаватым паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу і прызначыла яму яшчэ два з паловай гады пазбаўленьня волі. Шляхам частковага складаньня пакараньняў канчаткова Гундара асудзілі да 20 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Гэты прысуд Уладзімер Гундар таксама абскардзіў і дагэтуль чакае апэляцыйнага суду. Паводле сваякоў палітзьняволенага, разгляд скаргі адбудзецца 6 чэрвеня.
Уладзімер Гундар таксама дагэтуль знаходзіцца ў горадзенcкай турме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьня Гундара асудзілі на 2,5 года ў трэцяй крымінальнай справе, цяпер ягоны тэрмін зьняволеньня складае 20 гадоў«Дагэтуль мучаюся ў горадзенскай вязьніцы»
Паводле праваабаронцаў «Вясны», з 12 фігурантаў справы аб «тэрарыстычнай групоўцы Аўтуховіча» віну цалкам прызналі толькі двое абвінавачаных. Не прызнала віны і абскардзіла вырак таксама былая актывістка АГП Вольга Маёрава. Ужо другі месяц палітзьняволеная чакае рашэньня апэляцыйнага суду, але пра яго пакуль нічога ня ведае.
«Прыйшоў ліст ад Вольгі. Піша, што дагэтуль мучаецца ў Горадні, у турме. Ужо была настроілася, што хутка перавядуць у Гомель, у жаночую калёнію, але чамусьці гэтага не адбываецца і пра апэляцыю яна нічога ня ведае. Прычыны невядомыя», — паведаміла Свабодзе крыніца, зьвязаная зь сям’ей палітзьняволенай Вольгі Маёравай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не перажывайце за мяне». Расказваем пра навіны ад Мікалая Аўтуховіча і іншых фігурантаў ягонай справыГалоўнае пра «справу Аўтуховіча»
Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 сьнежня 2020 году. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.
Спачатку Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам». Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 — «Акт тэрарызму», які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў. Некаторым з абвінавачаных інкрымінавалі частку 3 гэтага ж артыкулу, паводле якой пагражала сьмяротнае пакараньне.
Частка 3 артыкулу 289 прадугледзваецца, калі акты тэрарызму «учыненыя арганізаванай групай, або з прымяненьнем аб’ектаў выкарыстаньня атамнай энэргіі, або з выкарыстаньнем радыяактыўных рэчываў або ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксычных хімічных або біялягічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека».
Разгляд «справы Аўтуховіча» цягнуўся 5 месяцаў. Працэс праходзіў у горадзенскай турме.
Падчас працэсу падсудныя неаднаразова заяўлялі пра ціск і катаваньні з боку сілавікоў і адміністрацыі турмы. Сярод іншага фігуранты заяўлялі, што справа супраць іх сфабрыкаваная.
Працэс вёў судзьдзя Максім Філатаў, які знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу. Ён вядомы тым, што асудзіў на 5 год зьняволеньня актывіста зь Бярозаўкі Вітольда Ашурка, які пазьней пры нявысьветленых абставінах загінуў у шклоўскай калёніі.
17 кастрычніка 2022 году Філатаў вынес выракі:
- Мікалаю Аўтуховічу — 25 гадоў зьняволеньня (першыя 5 гадоў у турме, 20 гадоў — у калёніі строгага рэжыму), штраф 1000 базавых велічынь і пазбаўленьне званьня прапаршчыка ў адстаўцы.
- Уладзімеру Гундару — 18 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Паўлу Саву — 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Вользе Маёравай — 20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Віктару Сьнегуру — 19 гадоў калёніі строгага рэжыму.
- Галіне Дзербыш —20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Любові Разановіч — 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Сяргею Разановічу — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Павал Разановіч — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Ірыне Мельхер — 17 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Ірыне Гарачкінай — 6 год і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму.
- Антону Мельхеру — 2,5 гады калёніі агульнага рэжыму.