Сваякі фігурантаў «справы Аўтуховіча» заявілі пра ціск на блізкіх
У горадзенскай турме асуджаным абвінавачаным у «справе Аўтуховіча» пагражаюць карцарам, прымушаюць распранацца ў халодным памяшканьні, штурхаюць і б’юць. Ужо тыдзень невядома, дзе знаходзіцца баранавіцкі актывіст з інваліднасьцю Ўладзімер Гундар.
«Уся інфармацыя пакуль толькі праз трэція рукі. Сама хачу паехаць у аўторак, каб трапіць на спатканьне... З іх усіх зараз зьдзекуюцца, вобшукі бясконцыя, распранаюць у халодным памяшканьні, падкідваюць паперкі з надпісамі, быццам „малявы“», — заявіла для pozirkonline жонка Ўладзімера Гундара Алена.
Яго дачка Інга Стромская распавяла, што ўжо тыдзень дакладна невядома, дзе знаходзіцца бацька.
«Яго гвалтоўна вывелі з праслухоўваньня аўдыёматэрыялаў паседжаньня, куды зараз водзяць усіх фігурантаў. У гэты момант тата пасьпеў крыкнуць, што яго б’юць там. Пасьля гэтага ў калідорах уключылі музыку, і больш нічога пра яго невядома».
У дзяжурнай частцы сваякам паведамляюць, што Гундар знаходзіцца ў камэры, прымаюць перадачы.
«Калі ўсё добра, чаму тады яго не прыводзяць на паседжаньні, як і ўсіх?» — запыталася жанчына.
Пра вышэй апісаную сытуацыю распавялі сваякі аднаго зь фігурантаў справы, зь якім было спатканьне.
ГУБАЗіК прасіў дазвол на ўдзел у допыце «вясноўцаў»
На шостым судовым пасяджэньні ў «справе Вясны», 13 студзеня, палітзьняволены праваабаронца Валянцін Стэфановіч запатрабаваў назваць два дакумэнты зь першага тому, якія сьведчаць аб тым, што на абвінавачаных моцна ціснулі ў СІЗА. Таксама Валянцін заявіў, што доказы зьбіралі з парушэньнямі, пра што таксама сьведчаць гэтыя дакумэнты.
Валянцін Стэфановіч, дадаў, што «ўсе ведаюць, чым у нас у краіне займаецца ГУБАЗіК».
Гэтыя дакумэнты — запыты ГУБАЗіК у МУС і КДБ на дазвол іх супрацоўнікам прыняць удзел у допыце абвінавачаных. Адказы ведамстваў пакуль невядомыя.
Наступнае пасяджэньне прызначана на панядзелак, 16 студзеня. Пачатак аб 11:00.
Менш чым за 1,5 года зьняволеньня былы дырэктар БелаПАН прачытаў каля 140 кніг
Пра гэта паведамілі BPN калегі зьняволенага Дзьмітрыя Наважылава. Яго раней асудзілі на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Апэляцыю не задаволілі.
«Ён іх літаральна праглынае, што нядзіўна: Дзіма заўсёды любіў кнігі і мае энцыкляпэдычныя веды», — адзначыў адзін зь іх.
Паводле інфармацыі BPN, Наважылаў на здароўе ня скардзіцца, знаходзіцца ў бадзёрым настроі.
Летась 17 жніўня, за дзень да першай гадавіны затрыманьня, ён напісаў сябру, што прачытаў 80 кніг.
«Якой бы абсурднай ні была сытуацыя, але яна ёсьць. І яе не зьмяніць. Стараюся выкарыстоўваць час з карысьцю — разьвівацца фізычна, духоўна, інтэлектуальна. Любімы занятак — чытаньне кніг», — зазначыў Наважылаў у тым пасланьні.