Зяленскі прыбыў на саміт Лігі арабскіх дзяржаў, каб далучыць іх да вызваленьня палітвязьняў Крыму і палонных

Уладзімір Зяленскі 26 лютага 2023 году правёў у Кіеве сустрэчу зь міністрам замежных спраў Саудаўскай Арабіі прынцам Файсалам Бін Фархан Аль Саудам

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі прыбыў з візытам у Саудаўскую Арабію, дзе плянуе выступіць на пасяджэньні саміту Лігі арабскіх дзяржаў.

Імаверна, гэты візыт адбываецца на шляху Ўладзіміра Зяленскага на саміт G7, які праходзіць у Японіі. Але Офіс прэзыдэнта пакуль не пацьвердзіў ягонага асабістага ўдзелу ў гэтай сустрэчы G7, але пра гэта напісалі заходнія СМІ.

«Нашы прыярытэты — вяртаньне ўсіх палітычных вязьняў Крыму і часова акупаваных тэрыторый, вяртаньне ўсіх палонных і незаконна дэпартаваных, прадстаўленьне нашай формулы міру, да рэалізацыі якой неабходна залучыць як мага больш дзяржаў, гарантаваньне бясьпекі наступнай зімы», — паведаміў Уладзімір Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале.

Украінскі прэзыдэнт таксама анансаваў сустрэчу з прынцам Саудаўскай Арабіі Мухамедам бін Салманам, пры дапамозе і садзейнічаньні якога ў верасьні 2022 году адбыўся найбольшы абмен палоннымі між Расеяй і Ўкраінай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кума Пуціна вызвалілі 200 украінскіх салдатаў. Дэталі найбольшага абмену палоннымі між Расеяй і Ўкраінай. ФОТА і ВІДЭА

«Яшчэ адзін прыярытэт — абарона мусульманскай супольнасьці Ўкраіны. Разам з намі — Мустафа Джамілеў, лідэр крымскататарскага народу. Крым першым пацярпеў ад расейскай акупацыі, і большасьць з тых, хто трапіў пад рэпрэсіі ў акупаваным Крыме, — мусульмане», — дадаў Уладзімір Зяленскі.

Ліга арабскіх дзяржаў створаная ў 1945 годзе. У яе уваходзяць 22 краіны рэгіёну, а таксама Палестынская аўтаномія.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саудаўская Арабія абяцала Ўкраіне дапамогу на 400 мільёнаў даляраў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заходнія СМІ паведамілі, што Зяленскі асабіста наведае саміт G7 у Японіі