«У выпадку працягваньня Радай Эўропы і Захадам дэструктыўнай лініі ў дачыненьні беларускай дзяржавы Рэспубліка Беларусь адкліча сваю заяўку на ўступленьне ў гэтую структуру і працягне перагляд фарматаў стасункаў з Радай Эўропы, якія застаюцца», — гаворыцца ў заяве.
Такая рэакцыя МЗС выкліканая запрашэньнем лідэркі беларускай апазыцыі Сьвятланы Ціханоўскай на саміт Рады Эўропы ў Ісьляндыі. Раней арганізацыя спыніла супрацоўніцтва з афіцыйным Менскам, а замест гэтага пачала разьвіваць узаемадзеяньне зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі, у прыватнасьці з Аб’яднаным пераходным кабінэтам.
Анатоль Глаз заявіў, што разгляд беларускай заяўкі на ўступленьне ў Раду Эўропы замарожаны яшчэ зь 90-х гадоў. Цяпер жа, на яго думку, Рада Эўропы «ператварылася ў паслухмяны інструмэнт ціску на непажаданыя Вашынгтону і Брусэлю дзяржавы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Польшчы: «Уключэньне вольнай Беларусі ў эўрапейскую сям’ю павінна быць стратэгічным прыярытэтам Рады Эўропы»У Рэйк’явіку гаварылі і пра дачыненьне ўладаў у Менску да вывазу ўкраінскіх дзяцей з тэрыторый, акупаваных Расеяй. Глаз заявіў, што дзяцей вывозяць на аздараўленьне, яны прыяжджаюць і выяжджаюць з краіны з дакумэнтамі, а паездкі кантралююць міжнародныя арганізацыі, у тым ліку ЮНІСЭФ. Эўрапейскіх палітыкаў Глаз абвінаваціў у зацікаўленасьці ў тым, каб вайна ва Ўкраіне працягвалася.
Прэс-сакратар МЗС таксама падкрэсьліў, што Рада Эўропы сваёй супрацай зь Ціханоўскай разбурае дасягненьні ў дыялёгу з афіцыйнымі ўладамі.
«Выбраўшы курс на дыскрымінацыю і ўціск правоў Рэспублікі Беларусь, разьвіцьцё кантактаў з экстрэмістамі, якія заклікаюць да новых санкцый і тэрактаў супраць насельніцтва Беларусі, Рада Эўропы зрабіла ўсё, каб разбурыць дасягненьні папярэдніх гадоў. На жаль, саміт у Рэйк’явіку і ягоная фінальная дэклярацыя зьяўляюцца відавочным працягам такой палітыкі», — заявіў прэс-сакратар МЗС.
У выніковы дакумент Саміту ўключаная згадка Беларусі, заклік падтрымліваць Кантактную групу паміж Радай Эўропы і дэмакратычнай супольнасьцю Беларусі, сьведчаньні саўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што намесьнік кіраўніка МЗС Беларусі сказаў прадстаўніку ЮНІСЕФ наконт удзелу Менску ў вывазе дзяцей з УкраіныСустрэча Ціханоўскай з генэральнай сакратаркай Рады Эўропы
Тым часам Сьвятлана Ціханоўская ў Ісьляндыі сустрэлася з Марыяй Бурыч-Пэйчынавіч. Кіраўніца Рады Эўропы падзякавала Сьвятлане Ціханоўскай за тое, што яна прыняла запрашэньне паўдзельнічаць у саміце ў Рэйк’явіку. Яны абмеркавалі наступныя крокі па ўключэньні дэмакратычнай супольнасьці Беларусі ў Раду Эўропы і яе асобныя праграмы.
На чэрвень заплянаваная наступная сустрэча кантактнай групы паміж Радай Эўропы і дэмакратычнай супольнасьцю Беларусі. У яе межах ужо рэалізавалі праект падтрымкі незалежных журналістаў, неўзабаве адбудуцца мерапрыемствы для беларускіх юрыстаў, адвакатаў, моладзі. Праца Кантактнай групы будзе пашырацца. У выніковай дэклярацыі саміту згадваецца кантактная група, а значыць, яе праца будзе мець інстытуцыйны і сыстэмны характар, лічыць прэс-служба Ціханоўскай.
Беларуская палітык таксама расказала пра супрацу з Вэнэцыянскай камісіяй, навучальныя візыты для беларускіх юрыстаў і адвакатаў, абмен досьведам у падрыхтоўцы законаў для новай Беларусі.
Ціханоўская расказала Марыі Бурыч-Пэйчынавіч пра апошнюю справаздачу «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» аб саўдзеле Лукашэнкі ў незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны.
Ціханоўская адзначыла, што правядзеньне міжнароднага расьсьледаваньня і стварэньне трыбуналу над Лукашэнкам — прыярытэт для дэмакратычных сілаў. Акрамя таго, падкрэсьліла, што ўступленьне Беларусі ў Раду Эўропы — стратэгічны прыярытэт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская абмеркавала з прэзыдэнтам ПАРЭ дапамогу беларускім уцекачам і трыбунал для Лукашэнкі